viasna on patreon

"Гэта было свайго роду паказальным прыніжэннем". Як супрацоўнікі парушаюць нормы ў месцах зняволення

2024 2024-01-18T14:26:53+0300 2024-01-18T20:20:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna_14_cisk-za-danaty-by_sol_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калі людзі выходзяць з месцаў зняволення, яны амаль заўсёды распавядаюць пра жорсткае і нечалавечае абыходжанне, з якім яны сутыкнуліся за час пазбаўлення волі. "Вясна" прасачыла, як супрацоўнікі ў месцах зняволення паводзяць сябе, якімі нормамі і правіламі рэгулюецца іх стаўленне да зняволеных і якія санкцыі прадугледжаныя за перавышэнне паўнамоцтваў.

У тэксце не закранаецца праблема, калі кепскія ўмовы ўтрымання наўмысна ствараюцца для палітзняволеных, гэта таксама назіраецца ва ўсіх месцах зняволення. Мы робім акцэнт менавіта на этыцы супрацоўнікаў і іх асабістым стаўленні да зняволеных, якое парушае шэраг заканадаўчых і этычных нормаў паводзінаў.

Рэчаіснасць

У сваіх інтэрв’ю былыя палітвязні ў тым ліку распавядаюць, з якім стаўленнем з боку супрацоўнікаў і супрацоўніц месцаў зняволення яны сутыкнуліся. Найчасцей гаворка ідзе пра моцны псіхалагічны ціск: на людзей крычаць, лаяцца, ім пагражаюць, прымушаюць пець гімн, доўга стаяць на нагах — часам нават "у расцяжцы". Гэта адзначае большасць з апытаных палітвязняў. У некаторых месцах зняволення звычайнай справай лічыцца, калі супрацоўнікі збіваюць вязняў альбо ўжываюць у дачыненні да іх іншыя формы фізічнага гвалту. Прыводзім некаторыя з цытат людзей, якія прайшлі праз розныя месцы зняволення па ўсёй Беларусі.

ІЧУ на Акрэсціна:

Былі і тыя, хто мог і па нагах пабіць пры аглядах, і пракрычыць на нас". 

“Яны мяне не білі, але іх размова была на ўзроўні дваравой гапаты. Пастаянная нецэнзурная лаянка, пагрозы. “Мы цябе адпіздзім”. Ці, напрыклад, я грукаюся ў дзверы нешта папрасіць, а супрацоўнік у адказ: “Зараз табе па галаве дубінкай дам”.

Адзін з раённых ЦІП:

"Ахоўнікі ўсіх выключна называлі на “Ты”, незалежна ад полу і ўзросту. Аднойчы адзін зняволены сядзеў 10 сутак, пасля гэтага зрабіў ахоўніку заўвагу: “Табе 20 год, а мне 60, называй мяне на Вы”— на што пачуў адказ: "І шо ты мне хочаш гэтым сказаць? Ты хто? Ты ніхто тут". Адзін таксама спрабаваў спрачацца, яго аблаялі і сказалі: "Ідзі на шконку забейся і маўчы".

Асабліва ахоўнікі здзекваліся над людзьмі з алкагольнай залежнасцю. Некаторым яны ладзілі проста булінг — вось калі выводзілі на праверку і пачыналі здзеквацца, максімальна каб прынізіць чалавечую годнасць".

ІЧУ Мінскага раёна:

Мясцовыя супрацоўнікі – звычайныя міліцыянты, але ўжо без масак, твары яны свае не хавалі – можа праз тое, што ўжо заплямілі сваю рэпутацыю, і ім было ўсё адно. Гэтыя супрацоўнікі зноў жа, пастаянна папракалі, асуджалі і абражалі людзей у камерах, яны грубілі і часта казалі жудасныя і зневажальныя словы пра тых, хто знаходзіцца ў камерах… Сядзець на ложках днём забаранялася. Калі хтосьці пра гэта забываў, то адразу прылятаў міліцыянт і пачынаў лаяцца матам, каб чалавек устаў альбо сеў на падлогу, альбо каля прыбіральні. Гэта было свайго роду паказальным прыніжэннем. Таксама маглі ўсіх прымусіць стаяць палову дня… А вечарамі і начамі пастаянна каля нашай камеры праводзіліся нейкія экскурсіі, падчас якіх адкрываліся вочкі ў дзвярах, і нейкія людзі распавядалі пра нас, называлі нас "асаблівымі".

Карцар у ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя spring96.org

СІЗА-1:

“Чамусьці на Ірыну Злобіну, якую ўжо асудзілі да дзевяці гадоў калоніі, аказваўся вялікі ціск. Над ёй асабліва здзекавалася адна рэжымная працаўніца Дзядзюля. Яе называлі жанчынай з чырвонымі вуснамі. Праводзіла ў камеры шматгадзінныя ператрусы з 10 раніцы да 16.00 — навучала новых ахоўніц. Я тады была ў такім шоку, думала, што на «Валадарцы» ўмовы лепшыя, а тут трапіла на такі ператрус. Яна выкідала нашы асабістыя рэчы без прысутнасці дзяжурнай па камеры, што з'яўляецца вялікім парушэннем. Забрала ў нас усе цёплыя рэчы, пакінула па адной кофце і адных штанах. Неяк Іру Злобіну і Юлю Мудрэўскую Дзядзюля вывела на калідор, і дзяўчаты павінны былі пераапранацца прама на калідоры. Мы глядзім у шчыліну кармушкі, а яны без штаноў стаяць у адных майтках. Такога наогул нельга рабіць, жанчын могуць распранаць толькі ў кабінеце ў лекара. Тады ўсе лісты Іры, якія людзі дасылалі са словамі падтрымкі, рэжымніца выкінула. Сказала, што гэта смецце".

СІЗА КДБ:

"Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі. Гэта выяўляецца ў дробязях: апошнімі выводзіць на шпацыр ці ў лазню, не выдаваць бялізну, змяшчаць у камеру з дрэннымі ўмовамі без унітазу і з цвіллю, даць дрэнную характарыстыку для суда, выводзіць з камеры і не даваць спаць, выводзіць на ноч у прыбіральню ў калідоры. Таксама спосабы ціску шукаюць супрацоўнікі КДБ, напрыклад, выклікаюць на допыты сваякоў і блізкіх людзей, трымаючы ў СІЗА трое сутак і паведамляючы пра гэта вязню ці "выпадкова" перасякаючы іх у калідорах КДБ. Са мной таксама такое было. І гэта самае балючае".

Турма №8, Жодзіна:

“Спачатку я працягваў размаўляць на беларускай мове. Але потым вырашыў перайсці на расейскую, бо пачуў, як хлапцу пагражалі “петушынай хатай” за беларускую мову”. Калі ў іх карт-бланш на тваё жыццё, лепш іх не правакаваць”. 

Ілюстрацыя: Вольга Пранкевіч
Ілюстрацыя spring96.org

ПК-1:

Збіванні ў наваполацкай калоніі — частая практыка. Былыя зняволеныя сцвярджаюць, што за гэта адказвае начальнік Андрэй Пальчык. Ён або ўдзельнічае ў гэтым асабіста, або аддае адпаведныя загады. “Некалькі супрацоўнікаў дапушчаны да экзэкуцый, але ўсе пра гэта ведаюць. Сярод астатніх таксама ёсць падонкі, але без каманды самастойна не рызыкуюць пераходзіць мяжу. Яны па дробязі могуць "расцягнуць" без фанатызму, але ім дазволена караць дысцыплінарна, у 99% выпадкаў — без нагоды, а таму што трэба…

ПК-15:

На вязняў ціснуць нібы ў межах закона, але насамрэч прыдзіркі супрацоўнікаў калоніі часта вельмі абсурдныя. Яны могуць прычапіцца да знешняга выгляду, за нібы нестрыжаны ці непаголены стан. Альбо за тое, што вязень не павітаўся.

"У час карантыну я не меў доступа да асабістых рэчаў. Мусіў штораніцу з дапамогай драўляных “прасікаў” рабіць канцік на засцеленым ложку. Трэба было строга сачыць за парадкам у тумбачцы, бо прыходзіў начальнік і казаў, што тумбачка – гэта твар вязня. Што "брытвачка мусіць ляжаць роўненька, а зубная штотачка – перпендыкулярна". Я думаў тады, дзядзя, ты ў рангу маёра і кажаш такую бздуру". 

ПК-17

"Ёсць псіхалагічны ціск. Яны з табой не гавораць — яны крычаць. Калі яны бачаць па відэакамеры, што ты пачынаеш засынаць, то адразу падыходзяць і проста крычаць. Днём там можна толькі сядзець ці хадзіць і ўсё. Чытаць і пісаць там не дазваляецца. Там трэба было бясконца прасіць туалетную паперу, таму што даюць толькі яе шматок. Але калі ты папросіш, то не факт, што дадуць".

“У шклоўскай калоніі супрацоўнікі збіваюць палітвязняў. Пры трапленні ў карцэр з 80% верагоднасцю палітычнага паб'юць там. Там жа прымушалі спяваць гімн Беларусі…” Асаблівы ціск на палітвязняў у ПК-17 зыходзіць ад супрацоўнікаў рэжымнага і аператыўнага аддзелаў калоніі:"У нейкага з гэтых аддзелаў ёсць нават цэлы кабінет з дубінамі і іншымі рэчамі для збіцця людзей. На зняволенага апранаюць своеасаблівую штуку, каб ён не бачыў, хто яго збівае. Метады ціску на звычайных зняволеных і палітвязняў не адрозніваюцца, але намаганні і фанатызм розныя".

"Ставяцца да палітвязняў як да ваеннапалонных ці чагосьці максімальна чужароднага, ці як маньякі да сваіх ахвяр — і гэта самае праўдзівае апісанне сітуацыі, на мой погляд. Прычым сапраўдных ваеннапалонных юрыдычна абараняе Жэнеўская Канвенцыя, але ў ПК-17 і ў іншых калоніях палітычныя вязні абсалютна безабаронныя. Атмасфера там прасякнута пастаянным прэсінгам, перманентным стрэсам, недаверам, прыгнечанасцю, замкнёнасцю, гвалтам, рэгулярнымі інтрыгамі і страхам… Бывалі выпадкі, калі гэтыя дурні ўляталі ў колькасці некалькіх чалавек у масках або балаклавах з боку спальнага памяшкання (там ёсць дзверы, якія злучаюць асноўны будынак штаба калоніі з каранцінам) і пачыналі лупасіць абсалютна ўсіх без разбору. Такая ж практыка ёсць і ў СІЗА. Там заўсёды напагатове дзяжураць так званыя "рэзервы" з сабакамі, якія робяць тое ж самае, забягаючы ў камеры".

Ілюстрацыя spring96.org
Ілюстрацыя spring96.org

Жаночая калонія № 24 у Зарэччы:

Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі Кульшы псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.

Этапаванне:

Праходзілі этапы досыць жорстка. Нас шантажавалі вадой, туалетамі і іншымі рэчамі. Канваіры паводзілі сябе неадэкватна: калі нейкі пажылы мужчына ці чалавек з інваліднасцю павольна ішоў, то яны яго штурхалі і крычалі мацюкамі, пагрозамі. Ствараецца гнятлівая атмасфера, якую складана цяпер перадаць словамі. Нават калі ты проста на гэта ўсё глядзіш, то гэта вельмі моцна цісне. Я калі пайшоў у туалет, то не змог апаражніцца, таму што ззаду мяне стаяў канвойны, які кожную секунду крычаў, што трэба хутчэй. Гэта суправаджалася пагрозамі і нецэнзурнай лексікай. Галавой я быў дакладна не ў прыбіральні".

"Годнасць зняволеных павінная паважацца"

Аднак узаемаадносіны паміж зняволенымі і супрацоўнікамі месцаў зняволення рэгулююцца пэўнымі нормамі і правіламі — міжнароднымі і нацыянальнымі. За перавышэнне паўнамоцтваў для супрацоўнікаў існуюць пэўныя санкцыі, якія рана ці позна будуць рэалізаваныя ў дачыненні да тых, хто парушаў заканадаўства. Усе гэтыя пытанні асвятляе Юрыдычная служба "Вясны". 

— Якімі міжнароднымі нормамі рэгулююцца ўзаемаадносіны вязняў і супрацоўнікаў месцаў зняволення? Ці сказана ў іх, што зняволеных можна прыніжаць так, як гэта адбываецца ў Беларусі?

— Безумоўна, зняволеных нельга прыніжаць ніякім чынам. Калі чалавека пазбаўляюць волі, ён не губляе права на годнасць. Да яго павінны ставіцца сапраўды гэтак жа, як і да асоб, якія знаходзяцца на волі: гуманна абыходзіцца, не зневажаць, не катаваць, ветліва мець зносіны. Іх годнасць павінна паважацца ў той жа ступені, што і годнасць асоб, якія знаходзяцца на волі. Яны карыстаюцца ўсімі правамі, абвешчанымі ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, з улікам абмежаванняў, якія непазбежныя для жыцця ў няволі. Асобы, пазбаўленыя волі, не мусяць падвяргацца катаванням і іншым жорсткім, бесчалавечых або прыніжаючых годнасць відам абыходжання і пакарання. Больш за тое, зняволеныя лічацца ўразлівай групай, бо пазбаўленыя волі, таму ў іх дачыненні на дзяржавы ўскладзены пазітыўны абавязак. То-бок, яны мусяць знаходзяцца пад дадатковай абаронай. Пра ўсё гэта гаворыцца ў Заўвагах агульнага парадку № 21 Камітэту па правах чалавека.   

Акром гэтага, міжнародныя нормы стаўлення да зняволеных зафіксаваныя ў Мінімальных стандартных правілах абыходжання са зняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы); Зборы прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або зняволення ў якой бы ні было форме; Правілах ААН, якія тычацца абыходжання з жанчынамі-зняволенымі і мер пакарання для жанчын-правапарушальнікаў, не звязаных з пазбаўленнем волі

Сіракузскія прынцыпы дапускаюць дапушчальныя абмежаванні пэўных правоў і свабод, калі яны ўводзяцца ў законным парадку, безумоўна неабходныя і абгрунтаваныя. Таксама, калі іх прымяненне не з'яўляецца адвольным або дыскрымінацыйным і абмежавана па часе, калі пры гэтым паважаецца чалавечая годнасць. Акрамя таго, такія абмежаванні падлягаюць кантролю і суразмерныя мэце, якая пераследуецца. Такім чынам, мы бачым, што гэта могуць быць кропкавыя абмежаванні, але ў месцах зняволення ў Беларусі мы бачым іх сістэмнасць і неабгрунтаванасць.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя spring96.org

— Што наконт абыходжання са зняволенымі кажуць нацыянальныя заканадаўчыя нормы?

— Усё пачынаецца з Канстытуцыі, згодна з якой чалавек, ягонай правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. А дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы. Дзяржава забяспечвае годнасць асобы і ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню. То-бок, не ідзе гаворка пра тое, што пэўныя людзі могуць быць пазбаўленыя гэтых правоў.

Крымінальна-выканаўчым кодэксам замацаваны правы і абавязкі зняволеных, органаў і службовых асоб, якія выконваюць пакаранне. Напрыклад, асуджаныя маюць права на ветлівы зварот з боку работнікаў органа або ўстановы, якія выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці. Асуджаныя не павінны падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму іх годнасць абыходжанню. Меры прымусу да іх могуць быць ужытыя няйначай як на падставе закона. Супрацоўнікі месцаў утрымання пад вартай пры ажыццяўленні мер па забеспячэнні ўтрымання асоб пад вартай, захавання іншых нормаў гэтага Закона абавязаны гуманна абыходзіцца з асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і паважаць іх чалавечую годнасць.

— Ці рэгулююць гэтыя ўзаемаадносіны правілы ўнутранага распарадку?

— Вядома, многія пытанні дзейнасці месцаў прымусовага ўтрымання і прававое становішча зняволеных у іх асоб рэгулююцца правіламі ўнутранага распарадку гэтых устаноў. Напрыклад, зафіксавана, што асуджаныя, якія знаходзяцца ў папраўчых установах, маюць права на ветлівае абыходжанне з боку супрацоўнікаў установы. Наконт тых, хто месціцца ў следчых ізалятарах, прапісаныя дэтальныя нормы камунікацыі. Асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, маюць права на ветлівы зварот з боку супрацоўнікаў СІЗА: да іх варта звяртацца на "вы" і называць іх "грамадзянін" або "грамадзянка" і далей па прозвішчы альбо адпаведна "падазраваны", "абвінавачаны" або "асуджаны".

Апроч таго, у прысязе, якую прымае склад органаў унутраных спраў, ёсць радкі пра абавязкі прытрымлівацца Канстытуцыі і законаў, а таксама "не шкадуючы свайго жыцця, ахоўваць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян". 

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя spring96.org

— Якія санкцыі прадугледжаныя ў дачыненні тых супрацоўнікаў, якія парушаюць гэтыя правілы абыходжання?

—  За невыкананне супрацоўнікамі службовых абавязкаў, яны падлягаюць прыцягненню як да дысцыплінарнай, так і крымінальнай адказнасці.

За парушэнне заканадаўства пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, пракурор выносіць пастанову аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці або пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы. За злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, невыкананне або неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, здзяйсненне іншых злачынстваў або адміністрацыйных правапарушэнняў супрацоўнікі органаў унутраных спраў нясуць адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі. Шкода, прычыненая грамадзяніну або арганізацыі ў выніку незаконных рашэнняў, дзеянняў (бяздзейнасці) органаў унутраных спраў (іх супрацоўнікаў), падлягае кампенсацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Пры парушэнні супрацоўнікам органаў унутраных спраў правоў і законных інтарэсаў грамадзян або арганізацый, калі яго рашэнні, дзеянні (бяздзейнасць) прызнаныя ва ўстаноўленым парадку незаконнымі, адпаведны орган унутраных спраў абавязаны прыняць меры да іх аднаўлення і па патрабаванні грамадзяніна або арганізацыі публічна прынесці прабачэнні

Раней да крымінальнай адказнасці маглі прыцягнуць службовую асобу за перавышэнні ўлады, спалучаную з абразай пацярпелага: "...наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай або абразай пацярпелага альбо прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў". Потым туды ўнеслі змены: словы "або абразай" выключылі. Такім чынам, магчыма прыцягненне за перавышэнне ўлады, якое спалучана з гвалтам, пакутай пацярпелага альбо прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў.

Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем заканадаўства пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці ажыццяўляюць Генеральны пракурор і падначаленыя яму пракуроры. Адпаведна, скардзіцца на парушэнні такога кшталту можна ў Пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. 

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя spring96.org

— Ці можа штосьці, акром сведчанняў зняволенных, даказаць парушэнні з боку супрацоўнікаў?

— Так, напрыклад, камеры відэаназірання, якія могуць быць усталяваныя ў месцах зняволення. Згодна з заканадаўствам і правіламі ўнутранага распарадку ў СІЗА, фота- і відэаздымка можа праводзіцца. Апроч таго, пры пэўных умовах іншыя супрацоўнікі будуць з ахвотай сведчыць супраць сваіх калегаў, каб пазбегнуць пакарання  

Каментар псіхатэрапеўта

Псіхатэрапеўт, які спецыялізуецца на працы з суб'ектамі гвалту, тлумачыць паводзіны супрацоўнікаў, якія дазваляюць сабе перавышэнне паўнамоцтваў:

"Іх думкі прыкладна такія: каб не з'ехаць з глузду, я павінен сабе патлумачыць, чаму так раблю. Але для эфектыўнага разгляду ім бракуе інтэлекту і ўнутраных маральна-этычных арыенціраў — таму яны звяртаюцца да самых простых і зразумелых рэчаў. Напрыклад, яны могуць быць наступнымі. «Усе, хто не згодзен са мной, — ворагі. Я знаходжуся сярод ворагаў, а значыць, калі я мацнейшы, я іх караю, калі слабейшы — хаваюся і маскіруюся, чакаю. Тады я вымушаны дзяліць свет толькі на чорнае і белае. Тыя людзі, якія не ворагі, проста ашуканыя ворагамі, але надыдзе час — і яны ўсё зразумеюць і будуць узносіць мяне, як героя, услаўляючы мае ўчынкі.

Зварот супрацоўніка да псіхолага фіксуецца ў асабістай справе і служыць тормазам падчас пасоўвання на службе. Гэта прымушае супрацоўніка хаваць свае праблемы, якія выліваюцца ў праяву агрэсіі ў дачыненні да падначаленых, затрыманых, чальцоў сям'і. Спробы развіцця службаў псіхалагічнай дапамогі для агрэсараў рабіліся неаднаразова, але пакуль не прывялі да поспеху"


Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC . Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @viasnainfo

Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджаннем да юрыдычнай службы "Вясны": Telegram: @zvarot96 і Email: zvarot@spring96.org.

Latest news

Partnership

Membership