viasna on patreon

Сімвалічная "хросная" павіншавала Марфу Рабкову з Днём народзінаў: "Вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі"

2024 2024-01-06T12:41:48+0300 2024-01-06T12:47:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rabkova_bruger.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай дзень народзінаў. Ужо чацвёрты раз запар яна сустракае яго ў зняволенні. Марфе спаўняецца 29 гадоў.

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" праваабаронцы "Вясны", напісала Марфе пранізлівы ліст да дня народзінаў.

Дарагая Марфа!

У ваш 29-ы Дзень нараджэння зычу вам перш за ўсё моцнага здароўя, надалей так шмат неверагоднай мужнасці, сілы, трываласці і ўсяго найлепшага. Сваёй прыхільнасцю да дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды вы натхняеце шматлікіх людзей і далёка за межамі Беларусі.

Неймаверна жорсткае пакаранне за вашу мірную прыхільнасць да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ўзрушыла мяне і многіх іншых дэпутатаў нямецкага Бундэстагу. Мы таксама вельмі занепакоеныя станам вашага здароўя.

Таму ўлетку я напісала адкрыты ліст адпаведным органам улады Беларусі з заклікам да неадкладнага доступу да тэрмінова неабходнай медычнай дапамогі і выканання мінімальных стандартаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у абыходжанні са зняволенымі. Гэты ліст падпісалі агулам 101 дэпутат з усіх дэмакратычных фракцый нямецкага Бундэстагу, у якім яны рашуча патрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызвалення вас і ўсіх палітчыных зняволеных у Беларусі.

Я распавядаю вам пра гэты ліст, каб вы ведалі, што мы не забудземся на вас і вашых паплечнікаў і будзем працягваць выступаць за тое, каб вашыя галасы былі пачуты. Як дэмакратычна абраныя парламентарыі мы з непарушнай салідарнасцю стаім на вашым баку і баку шматлікіх мужных людзей ў Беларусі, адданых дэмакратыі, свабодзе і правам чалавека.

Нас таксама асабліва ўзрушылі выступ і прамова Святланы Ціханоўскай на нашым партыйным сходзе некалькі тыдняў таму. Гэта таксама сведчыць аб тым, што мы не забыліся на ўсіх мужных і свабодалюбівых людзей. Напярэдадні ў мяне была магчымасць абмяняцца з ёй думкамі ў вузкім фармаце, і мы размаўлялі і пра ваш лёс.

Я адчуваю самую вялікую павагу і глыбокае захапленне вашай мужнасцю і стойкасцю.

Менавіта ў ваш Дзень нараджэння мне падаецца абсалютна невысносным, што вы не можаце жыць на волі са сваёй сям'ёй і сябрамі. Вось чаму зычу вам, вашай сям'і, вашым сябрам і паплечнікам і ў гэтым годзе зноў шмат сіл, трываласці і здароўя. Але перш за ўсё, як і ў апошнія гады, зычу вам больш за іншае, каб вы нарэшце атрымалі справядлівасць і маглі святкаваць усе свае наступныя Дні нараджэнні на волі.

З павагай і салідарнасцю, Агнешка Бругер

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам вечарам 17 верасня 2020 года і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. 

6 верасня 2022 года палітзняволеную Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў зняволення па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў. Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін пакарання толькі на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і праваабаронцу этапавалі ў гомельскую калонію. 

У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказваліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды шмат іншых.

Як  можна павіншаваць Марфу Рабкову з Днём Народзінаў?

  • дашлі паштоўку, тэлеграму ці ліст з віншаваннямі і цёплымі словамі, можна анлайн
  • распавядзі пра Марфу у сацсетках з хэштэгамі #FreeMarfa #FreeViasna
  • прыдумай свой крэатыўны спосаб і распавядзі іншым

Адрас для адпраўленняў:

ПК-4, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, 246035

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Latest news

Partnership

Membership