viasna on patreon

Біяграфічныя звесткі абвінавачаных і падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках

2011 2011-06-01T13:05:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/atroshankau1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандр Атрошчанкаў

Нарадзіўся 22 сакавіка 1981 г. у Мінску. Вучыўся на факультэце міжнародных зносінаў у БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасць пры рэктары А.Казуліне. Cтудэнт ЕГУ па спецыяльнасці "міжнароднае права".

У 2001-2006 гг. быў сябрам арганізацыі “Зубр”, браў удзел у яе акцыях, затрымліваўся за сваю палітычную дзейнасць міліцыяй, таксама невядомымі. Так, у 2000-м годзе падчас святкаваньня Дня Волі (гэта быў дзень масавага захопу журналістаў АМАПам) яго схапілі людзі ў масках ў раёне плошчы Якуба Коласа, запхнулі ў міліцэйскую машыну, потым у аўтазак і каля 40 хвілін вазілі, жартуючы, што вязуць у Курапаты на расстрэл. Выкінулі ў снег у 15 км ад гораду.  
10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайту charter97.org. Пасля стварэння грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” быў яе прэс-сакратаром. На выбарах-2010 – прэсавым сакратаром штаба Андрэя Саннікава.  Затрыманы 20 снежня 2010 г. у сябе дома. Змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па артыкуле 293 КК. 2 сакавіка асуджаны ў Фрунзенскім судзе Мінска на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Дзмітрый Апішаў

Нарадзіўся ў Мінску 4 лютага 1973 года. Скончыў сярэднюю школу № 126 і ліцэй (тады ПТВ) № 148 па спецыяльнасці столяр-чырвонадрэўшчык. Працаваў у “Зеленбудзе”, іншых дзяржаўных і прыватных структурах. Яго маці памерла 10 гадоў таму. Пасля гэтага Дзмітрый двойчы быў асуджаны па арт. 328 (1 раз – за марыхуану, 2-гі – за толькі што забароненыя курыльныя сумесі). Зараз пражывае разам з хворым бацькам-пенсіянерам.

Палітыкай не займаўся, але 19 снежня прыйшоў на Плошчу, не паверыўшы ў афіцыйныя вынікі выбараў. Быў затрыманы пасля акцыі пратэсту і асуджаны на 10 сутак, пасля затрыманы ўжо як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Адпушчаны з-пад варты праз 3 сутак. Абвінавачанне не прад’яўлена. Яго другі ўмоўны прысуд мусіць сканчаецца ў канцы красавіка 2011 г.

Аляксандр Арастовіч

Нарадзіўся  9 снежня 1952 года ў Слуцку. У 1975 г. скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут (цяпер БНТУ). Вучыўся ў аспірантуры ў Чэхаславаччыне, абараніў дысертацыю і стаў дацэнтам. На працягу 27 гадоў выкладаў у роднай ВНУ на кафедры будаўнічай механікі. Быў вымушаны сысці адтуль з-за праблем са здароўем. Адзін час працаваў майстрам у будаўнічым трэсце. Зараз працуе ў прыватнай фірме.

З 1992 па 2005 гг. – сябра БСДП. У 2010 г. абраны першым намеснікам старшыні аргкамітэту па стварэнні адроджанай БСДП “Народная грамада” пад лідэрствам Міколы Статкевіча. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў даверанай асобай М.Статкевіча як кандыдата ў прэзідэнты.

Затрыманы ўвечары 19 снежня разам з Міколам Статкевічам (таксоўку, на якой яны ехалі з вакзала пасля разгону Плошчы, заблакавала міліцыя ля Галоўпаштамта). Знаходзіўся ў СІЗА КДБ да 15 лютага 2011 г., калі быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. З’яўляецца абвінавачаным па арт. 293 КК – “Масавыя баспарадкі”. 

Дзмітрый Бандарэнка

Грамадскі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Мінску 28 верасня 1963 году. У 1984 г. скончыў Інстытут фізічнай культуры. У 1995—1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, закрытым уладамі. Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Падвяргаўся пераследу за сваю палітычную дзейнасць. У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Быў арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня яму прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка абвінавачанне зменена на арт. 342 (дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). 26 красавіка асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі.

Арцём Брэус 

Грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Нарадзіўся 5 жніўня 1983 года ў Мінску. Дзяцінства правёў у Эстоніі, дзе скончыў гімназію ў Таліне і Талінскі Еўрапейскі ўніверсітэт па спецыяльнасці "дызайнер". Апошні час жыў ў Мінску, дзе мае рэгістрацыю. Халасты.

Затрыманы пад час акцыі пратэсту 19 сьнежня на Плошчы незалежнасьці. Быў арыштаваны на 15 сутак, вызвалены 29 снежня разам з іншымі расіянамі. Аднак у той жа дзень быў затрыманы зноў у межах крымінальнай справы. 5 студзеня прад’яўленае абвінавачаньне. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. 10-га сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пакараны штрафам у 300 базавых велічынь (10,5 мільёна беларускіх рублёў).

Дзмітрый Буланаў 

26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небяспечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта зараз мае пагрозу жыццю.

Нарадзіўся ў Мінску 25 жніўня 1984 года. Скончыў мінскі медыцынскі каледж №2, два гады працаваў медбратам у інфекцыйнай бальніцы, лякуючы цяжка хворых, у тым ліку і на СНІД. Сур’ёзна захапляецца музыкай, незадоўга да арышту сябраў музыкаў для стварэння свайго гурта. Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства. Палітыкай не займаўся, ніколі не быў сябрам палітычных партыяў і рухаў. Быў затрыманы і збіты падчас разгону мірнай акцыі 19 снежня, яму рассеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту.Пасля вызвалення з ізалятара на Акрэсціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісці на допыт без афіцыйнай позвы. Супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго дадому і заявілі: не з’явіўся па іх званку –  значыць, вінаваты. Некалькі гадзін чакаў следчага у следчай ўправе на вуліцы Сапёраў, дачакаўся толькі пастановы пра статус падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Мерай стрымання спачатку абралі затрыманне на 3 дні, два з іх зноўку правёў у турме на Акрэсціна, потым яго перавялі ў СІЗА па вул. Валадарскага. 26 траўня ў Ленінскім судзе Менска асуджаны да 3 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

 

Сяргей Вазняк

Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газеты «Товарищ», грамадскі актывіст, сябра Праўлення ГА «БАЖ». Быў адным з арганізатараў стварэння Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Белорускую партыю аб’яднаных левых «Справядлівы свет». У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня яму прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). З 29 снежня мера стрымання зменена на падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка 2011 г. абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх).

Ілля Васілевіч
Самы малады фігурант справы.Нарадзіўся 6 жніўня 1991 года ў горадзе Баранавічы. Атрымаў базавую адукацыю ў гімназіі № 4 г. Баранавічы. Паступіў у Мінскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся ў каледжы, быў старастам групы. Добры, адкрыты, спагадлівы, чулы...
20 снежня ў 1.15 з ім паспела пагаварыць яго сястра перад незаконным 10-сутачным арыштам. Праз двое сутак сям'я знайшла Іллю змешчаным пад варту у Жодзіна.
Ілля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Мінскага політэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы. 5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісання адпаведных папер, але ў навучальнай установе Іллю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзення следчых дзеянняў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Іллі Васілевічу паведамілі, што ён з'яўляецца падазраваным па дадзенай крымінальнай справе, і змясцілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага. 14 траўня асуджаны на 3 гады зняволення.

Алесь Васілеўскі

Нарадзіўся ў 27 кастрычніка 1985 году ў Сцяпянцы, цяпер гэта Мінск. Вучыўся ў сярэдніх школах № 31 і 122, затым ў мінскім БДПУ. Быў адлічаны з 1 курсу ўніверсітэта за ўдзел у палатачным гарадку пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. (тады адседзеў 10 сутак арышту ў Жодзінскім СІЗА). Браў удзел у шэрагу акцый апазіцыі, пачынаючы ад другога Маршу Свабоды, у пратэстах пасля рэферэндуму 2004 г. Быў актывістам “Маладога Фронту” і Беларускай партыі Свабоды. Mеў некалькі адміністратыўных прысудаў. Апошні з іх – 15 сутак за Плошчу-2010. Падчас арышту ў Жодзінкім СІЗА яго двойчы дапытвалі пa справе аб “масавых беспарадках” ды “антыканстытуцыйных дзеяннях” 19 снежня. Праз тыдзень пасля вызвалення супрацоўнікі КДБ па тэлефоне папрасілі сустрэцца ў любым раёне горада. Адмовіўся, быў затрыманы пасля працы дома, патрапіў на 2 сутак на Акрэсціна, дзе сядзеў у камеры з правакатарамі. Пасля допыту ў КДБ у якасці падазраванага быў адпушчаны. Таемна з’ехаў з Беларусі.

 Павел Вінаградаў

Нарадзіўся 24 красавіка 1988 года ў Мінску. Пасля разводу бацькоў і іх ад’езду з Мінску выхоўваўся бабуляю. Скончыў прафесійна-тэхнічны лицей № 4 па спецыяльнасці “парыкмахер”, музычную школу па класу фартэп’яна. З 18 гадоў жыве самастойна. Некаторы час вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Мінскага педагагічнага ўніверсітэту.
Некалькі гадоў быў актывістам кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. За палітычную дзейнасць затрымліваўся міліцыяй. Першае затрыманне адбылося у 2007 г. на акцыі супраць адмены сацыяльных ільготаў: Павел патрапіў у пастарунак, калі выцягнуў з рук міліцыянтаў сваю дзяўчыну Святлану. Тады яго асудзілі на 5 сутак арышту. У 2008 г. з’яўляўся фігурантам “Справы 14-ці” па арт. 342 КК,  якая была заведзеная за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г. Асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Праз год амніставаны. Працаваў у той час слесарам.
З лета 2010 г. – актывіст кампаніі “Гавары Праўду!”, браў удзел у многіх яе акцыях. На выбарах-2010 быў адным з самых актыўных сяброў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 г. (пасля гэтага ў яго адсутнасць дома да 05.00 ішоў ператрус. Прад’яўлена абвінавачанне па ч. 1 і 2 арт. 293 КК РБ (“арганізацыя і ўдел у масавых беспарадках”). Утрымліваўся пад вартай ў СІЗА № 1 Мінска (вул. Валадарскага, 2). 5 траўня асуджаны на 4 гады зняволення.

Іван Гапонаў

Жыхар пасёлка Свіслач Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Нарадзіўся 27 красавіка 1988 года ў Сочы. Грамадзянін Расіі, які мае від на жыхарства ў Беларусі, дзе пражывае з 1995 года разам з маці і братам. Іван скончыў школу ў Беларусі і добра валодае беларускай мовай. Мае сярэднюю адукацыю. Халасты. 

Маці Сабіра Атакішыева родам з Кіргізіі, а бацька – з Расіі. У Беларусь прыехалі з Латвіі ў статусе грамадзянаў Расіі, якімі сталі яшчэ ў 1995 годзе. У сям’і было трое маленькіх дзяцей – Іван, яго брат і сястра. Пераезду ў Беларусь паспрыяла тое, што ў бацькі Івана на той час тут была праца, а маці, наадварот, у латвійскім Ветспілсе працу страціла. На радзіму ў Кіргізію паехаць было немагчыма, а ў Расіі нікога са сваякоў няма. Вучыўся ў Адэскім унівесітэце. Захапляецца літаратурай, пачынаючы пісьменнік.

Іван да нядаўніх падзей працаваў на вобжыгу вырабаў у керамічнай майстэрні ў Свята-Елізавецінскім манастыры. Супрацоўнікі майстэрні і матушкі далі хлопцу вельмі добрую характарыстыку, засведчылі, што ён праявіў сябе працалюбівым, дабрасумленным, тактоўным і інтэлігентным чалавекам. Маці выхоўвала яго ў пазітыўным духу, вучыла бачыць добрае ў любыя перыяды жыцця. У перыяд судовых працэсаў матушкі з майстэрні выказалі сям’і сваю падтрымку.

Гапонаў Іван Ігаравіч - удзельнік акцыі пратэсту 19 сьнежня. Быў пакараны арыштам на 10 сутак. Вызвалены 29 снежня разам з іншымі расіянамі, праз гадзіну забралі з дому ў межах крымінальнай справы. Абвінавачанне прад'яўлена 5 студзеня. Быў пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. 10 сакавіка Маскоўскім райсудом Мінска быў пакараны штрафам у 300 базавых велічынь (10,5 мільёнаў бел.рублёў).

Алег Гнедчык

Нарадзіўся ў 1986 годзе. У 2003-2005 гг. за сваю палітычную актыўнасць як сябра “Маладога Фронту” затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў “МФ” у Мінску, збіты і з 2.00 да 19.00 пратрыманы ў аддзяленні міліцыі Савецкага раёна. Тады бацькі хлопца нават звярталіся ў пракуратуру з патрабаваннем  пакараць вінаватых міліцыянтаў. У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у палатачным гарадку – паслявыбарчай акцыі пратэста на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Затрыманы 6 студзеня 2011 г. як падазраваны па справе аб масавых беспарадках, да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка прад’яўлена абвінавачванне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Знаходзіўся ў мінскім СІЗА № 1 па вул. Валадарскага. 14 траўня асуджаны на 3,5 гады зняволення.

Арцём Грыбкоў

Нарадзіўся 6 студзеня 1989 года ў вёсцы Савашы Карэлічскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў базавую Палужскую школу, добра вучыўся, пісаў гумарыстычныя вершы і сцэнарыі для школьных святаў (цікавіўся іх правядзеннем, нават калі ўжо скончыў навучанне). Вучыўся таксама ў мінскім каледжы лёгкай прамысловасці, але заўсёды яго цягнула да тэатральных пастановак, літаратуры і мастацтва. Вярнуўся дахаты і скончыў будаўнічае СПТВ у Карэлічах. Паколькі ў райцэнтры было цяжка ўладкавацца на працу, з’ехаў у Мінск. Працаваў грузчыкам і прэсоўшчыкам. Дапамагаў сваім родным, якія засталіся ў роднх мясцінах; асабліва імкнуўся дапамагчы гадаваць сваю любімую сястрычку-немаўля...

19 снежня пасля працы аказаўся ў раёне плошчы Незалежнасці і далучыўся да мітынгоўцаў. Быў затрыманы каля чыгуначнага вакзала, адбыў 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. 12 студзеня затрыманы зноў і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1 на вул. Валадарскага. 26 траўня 2011 году асуджаны ў Ленінскім судзе Мінска на 4 гады пазбаўлення волі.

Антон Давыдзенка
Нарадзіўся ў Мінску 9 лістапада 1990 года. З 10 гадоў займаўся ў мастацтвазнаўчай студыі пры Нацыянальным мастацкім музеі РБ, скончыў харэаграфічную школу г.Мінска № 1. У 2009 пасля заканчэння сярэдняй школы № 67 паступіў у мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж, а праз год – у ЭГУ на факультэт масавых камунікацый і журналістыкі. Але з'ехаць вучыцца ў Вільню не змог з-за сваёй вайсковаабавязанасці. Цяпер сканчае вучобу ў ліцэі аўтамабілебудавання № 9 па спецыяльнасці слесар па рамонце аўтамабіляў, праходзіць практыку ў кампаніі «Транс Кантыненталь» і зноўку паступае ў ЕГУ (Вільнюс, Літва).
Антон жыве з бабуляй, яго мама пражывае ў Швецыі.
Затрыманы 19 снежня пасля акцыі ў цэнтры Мінска, адбыў 10 сутак арышту ў Жодзінскім СІЗА, затым быў затрыманы як падазраваны і два дні правёў пад вартай. 31 снежня вызвалены, але статус падазраванага застаўся.

Дзмітрый Даронін

29 гадоў. Жыхар Мінска. Нарадзіўся 19 красавіка 1982 г. Скончыў ПТВ, захапляўся кампутарамі. Да арышту працаваў слесарам на МАЗе. Выгадаваўся ў шматдзетнай сям’і, у якой васьмёра дзяцей. На сёння чацвёра яго братоў і сясцёр маюць малалетні ўзрост. Бацька – інвалід першай групы. Таму Дзмітрый быў адным з асноўных кармільцаў у сям’і і дапамагаў маці гадаваць малодшых дзетак. Палітыкай ён не займаўся.

Быў затрыманы 14 сакавіка на працы і змешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. 22 сакавіка яму прад’яўлена абвінавачанне па арт. 293 Крымінальнага кодэксу – “Масавыя беспарадкі”. Змешчаны пад варту ў мінскі СІЗА ( “Валадарка”). 12 траўня асуджаны на 3,5 гады зняволення. 

  Зміцер Дашкевіч

Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. ў вёсцы Кушнеры Івацэвіцкага раёну Брэсцкай вобласці. Да пяці гадоў жыў у Расіі на Далёкім Усходзе ў пасёлку Ягаднае Магаданскай вобласьці.Потым – на Беларусі, у г. Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 прыйшоў у моладзевы нацыянальны рух “Малады Фронт”. Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў месца масавых расстрэлаў Курапаты. Пазней паступіў ў Віленскі педагагічны ўніверсітэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Мінскай гарадской арганізацыі “Маладога Фронту”. Актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх масавых акцыяў і мерапрыемстваў дэмакратычных сілаў Беларусі. За сваю палітычную дзейнасць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. браў удзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў рэферэндуму аб трэцім тэрміне Лукашэнкі. Тады ж абраны старшынём “Маладога Фронту”.  На выбарах 2006 г. працаваў у камандзе  А. Мілінкевіча, стаў адным з арганізатарам масавых акцыяў пратэсту і лідэраў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай (Каліноўскага) плошчы. У верасні 2006 г. арыштаваны па абвінавачанню ў  “дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі” паводле арт. 193.1 К.К. РБ. Асуджаны на паўтары гады зняволення. Праз год за адмову сведчыць супраць 16-гадовага актывіста “Маладога Фронту” Івана Шылы з Салігорску супраць яго заведзена новая крымінальная справа, па якой пагражла яшчэ 6 месяцаў арышту ў дадатак да тэрміну. Але пад ціскам міжнароднай супольнасці суд пакараў яго  толькі штрафам у памеры 60 базавых адзінак (1.860.000 бел.руб). Яшчэ ў той час прызнаны “Міжнароднай Амністыяй” вязнем сумлення. У 2007 г. вылучаўся кандыдатам на атрыманьне ганаровай прэміі імя Робэрта Кенэдзі.

Затрыманы 18 снежня 2010 г. на вуліцы разам з Эдуардам Лобавым, абвінавачваецца па крымінальным артыкуле “Хуліганства”. Быў пад вартай у СІЗА г. Жодзіна, потым на Валадарцы. 24 сакавіка судом Маскоўскага раёну Мінска асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму.  

Андрэй Дзмітрыеў

Нарадзіўся 12 мая 1981 года ў Мінску. Вучыўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на факультэце філасофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП. Пачынаючы з 1999 года, браў удзел ва ўсіх выбарчых кампаніях на розных узроўнях, ад валанцёра да кіраўніка выбарчага штабу. За палітычную дзейнасць затрымоўваўся міліцыяй, адбываў адміністратыўны арышт у 2007 г. Быў затрыманы сярод іншых актывістаў і 18 мая 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.  

У 2005-2009 гг. меў свой бізнес, з’яўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі, але сам вырашыў зачыніць яе, каб не мець непрыемнасцяў з уладамі – на той момант ужо збіраўся здзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Кіраваў штабам кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 снежня пасля акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска, абвінавачаны  па арт. 293 КК – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. 30 сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх). 

Дзмітрый Дрозд

Нарадзіўся 26 сакавіка 1973 году ў вёсцы Дразды (у 1976 г. увайшла ў склад горада Мінска), дзе на працягу стагоддзя жылі яго продкі.

У 1992 г. скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум па спецыяльнасці “Фотатэхніка”, у 2005 г.  – гістарычны факультэт БДУ (спецыяльнасць –  “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”). Працаваў фатографам, захапляўся навукай, даследаваў архівы. Палітыкай не займаўся. У 2010 годзе выйшла яго вялікая праца – кніга “Землеўладальнікі Мінскай губерні 1861-1900”. Працаваў над другой кнігай, прысвечанай гісторыі фатаграфіі і лёсам фатографаў ХХ стагоддзя.

У часе выбарчай кампаніі 2010 г. быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава. За ўдзел у Плошчы-2010 адбыў 10-сутачны арышт. 1 лютага 2011 г. быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па ч.2 арт. 293 КК. Прад’яўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваўся ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага. 5 траўня асуджаны на 3 гады зняволення.

Сяргей Казакоў  

Нарадзіўся 12 лютага 1992 года ў г. Ленінагорску ў Расіі. З гадавалага ўзросту пасля разводу бацькоў жыў у Мінску, на радзіме маці. Скончыў мінскую сярэднюю школу № 85. Яшчэ ў малодшых класах школы спрабаваў напісаць сваю кнігу. Захапіўся музыкай, быў удзельнікам КВЗ і музычных конкурсаў. Граць на гітары і бас-гітары навучыўся самастойна, быў гітарыстам у рок-гуртах (у адным іх граў і цяпер да свайго арышту). Гэта быў яго любімы занятак, у які ён укладаў душу. Працаваў у розных месцах, каб дапамагаць маці, якая выгадавала яго адна. Меў сур’ёзны намер паступаць вучыцца ў музычную навучальную ўстанову.

Актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Сябры называюць яго добрасумленным, сур’ёзным і годным чалавекам з высокімі маральнымі каштоўнасцямі. Быў затрыманы 27 студзеня ў якасці падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Прад’яўлена абвінавачанне па арт. 293 КК. Змешчаны ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага. 12 траўня асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі.

Рыгор Кастусёў  

 Намеснік старшыні Партыі БНФ. Нарадзіўся 17 красавіка 1957 года ў вёсцы Цяхцін Бялынічскага раёна Магілёўскай вобласці. Жанаты, выхоўвае траіх дзяцей.

У 1982 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “інжынер-механік”. У 1975-1977 гг. служыў у войску. З 1983 па 1988 гг. працаваў галоўным інжынерам саўгасу “Друць” Бялынічскага раёна, з 1988 па 1991 гг. – дырэктарам саўгаса “Іскра”. У 1995-2001 гг. быў дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2002-2004 гг. – дырэктар сумеснага беларуска-украінскага прадпрыемства “Гідрасіла – Белая Русь” у г. Магілёве. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. Ад 2008 г. працаваў у ТАА "СтройАрком” у г. Санкт-Пецярбургу.

У 2004 і 2008 гадах быў кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад Аляксандра Мілінкевіча. На выбарах 2010 г. – кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ.

Збіты і затрыманы на плошчы Незалежнасці вечарам 19 снежня 2010 г. Адпушчаны 20 снежня пад падпіску аб нявыездзе. Знаходзіцца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.  

Аляксандр Квяткевіч 

Нарадзіўся  4 лютага 1987 года ў працоўнай сям'і. З дзяцінства дапамагаў маці па працы і па гаспадарцы. Скончыў базавую 168-ю  мінскую школу, затым прафесійна-тэхнічную вучэльню па спецыяльнасці “сталяр-станочнік”. Працаваў на вытворчасці – вырабляў кампрэсары для машын. Цікавіцца тэхнікай, займаўся футболам.

На плошчу прыйшоў выпадкова, пажадаўшы паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі. Быў затрыманы, адбыў 12-сутачны арышт за ўдзел у акцыі 19 снежня. 4 студзеня затрыманы як падазраваны, прад'яўлена абвінавачанне па частках 1 и 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу РБ ("масавыя беспарадкі"). Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. 26 траўня ў Ленінскім судзе Менска асуджаны да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Алесь Кіркевіч

Намеснік старшыні “Маладога Фронту”, кіраўнік яго Гарадзенскай філіі. Яму 21 год. Нарадзіўся ў Гародні ў сям’і гісторыкаў. Ягоны дзед Аляксандр быў вядомым у Гродне краязнаўцам.

Пасля школы паступіў на гістарычны факультэце Гродзенскага ўніверсітэта (спецыяльнасць – «археалогія»). Самастойна вырашыў адкласці вучобу дзеля таго, што лічыў зараз больш важным – палітычнай дзейнасці.  

Удзельнік акцыі 19 снежня. Быў затрыманы за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі 24 снежня пад сценамі ізалятара, што па мінскім завулку Акрэсціна. Асуджаны на 10 сутак. У той час пад арыштам на Акрэсціна знаходзілася і яго будучая жонка, студэнтка Люблінскага ўніверсітэту  Надзея Крапівіна (іх шлюб адбыўся 22 студзеня). На волю выйшаў 3 студзеня, а праз 3 дні быў асуджаны на штраф за арганізацыю перадвыбарчай сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча.    

Арыштаваны 28 студзеня пасля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гродзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Мінск і змешчаны ў СІЗА КДБ. Было прад’яўлена абвінавачанне паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі.

Аляксандр Класкоўскі

Нарадзіўся 26 верасня 1978 года. Скончыў Менскую сярэднюю школу №55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. У 1999-м Саша вярнуўся з войска і ў хуткім часе ажаніўся. Яго абранніцай стала Натальля, дзяўчына з Бялынічаў Магілеўскай вобласьці. Маладыя  пазнаёміліся, калі брат езьдзіў у Бялынічы ў адпачынак да бабулі.

Зараз у іх гадуецца трое дзетак. Тату чакаюць дома 11-гадовы Аляксей, 7-гадовая Даша і 2-гадовы Арсень. Для Сашы і Наташы сям'я -- найвышэйшая каштоўнасьць.  Паводле жонкі Натальлі, Саша – вельмі чулы, пяшчотны і адказны сем'янін.

У1999 годзе паступіў на службу ў ДАІ Ленінскага раёна Мінска ў якасьці інспектара ДПС. Аляксандр быў нязвыклым міліцыянтам, бо вельмі вылучаўся сярод іншых супрацоўнікаў РУУС. Ён часта размаўляў па-беларуску, імкнуўся складаць пратаколы на роднай мове, прыносіў на працу “Народную волю”, “Нашу Ніву” і іншую незалежную прэсу.Падчас службы (з 1999 па 2005г.) Саша затрымаў узброеных угоншчыкаў і нават атрымаў за гэта дзяржаўную прэмію. Акрамя іншага, ён займаў першыя месцы на спартовых спаборніцтвах ад РУУС. Але ў 2005 годзе Сашу ў чыне лейтэнанта зь міліцыі "ушлі". Затрыманы ў ноч на 21 снежня 2010 г. у сябе дома. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.  Пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах.Яго бацькі і сястра - вядомыя ў Беларусі журналісты. Сястра Вольга стала палітычнай уцякачкай з прычыны пераследу за сваю журналісцкую дзейнасць. 26 траўня ў Ленінскім судзе Менска асуджаны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Сяргей Клюеў

Моладзевы актывіст АГП (сябра арганізацыі “Маладыя дэмакраты”), адзін з каардынатараў кампаніі “Гавары праўду”. 17 мая 2010 г. быў затрыманы за падрыхтоўку акцыі пратэсту супраць адмены ільготаў. За сваю палітычную дзейнасць караўся арыштамі. Удзельнік прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Някляева. 19 снежня 2010 г. на плошчы Незалежнасці не быў. Але яго затрымалі ў іншым месцы Мінска і асудзілі на 15 сутак арышту. 3 студзеня 2011 г. абвешчаны падазраваным па справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. 2 лютага на допыт быў выкліканы як сведка.

Уладзімір Кобец

Нарадзіўся 7 лістапада 1971 г. у Слоніме. Пасля школы ў 1989 г. скончыў БДУ па спецыяльнасці “географ-эколаг”. Дзеючы сябра Беларускага геаграфічнага таварыства. Мае два дыпломы дыстанцыйных курсаў шведскага універсітэта Уппсала – “Народанасельніцтва Балтыі” і “Навакольнае асяроддзе рэгіёна Балтыйскага мора”. Быў накіраваны на працу ў Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 1999 годзе пераведзены ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2000 г. з адзнакай скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “мэнэджэр-эканаміст”. У тым жа годзе пакінуў дзяржаўную службу і стаў адным з заснавальнікаў і каардынатараў руху “Зубр”. Узнагароджаны медалём МЗС Славаччыны “За персанальны ўнёсак у развіццё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці”. Удзельнік першага Форума грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства” у Брусэлі ў 2009 г.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава. Затрыманы аператыўнікамі КДБ у 15.30 21 снежня 2010 г. і арыштаваны. Прад’яўлена абвінавачанне па 1 і 2 частках артыкула “Масавыя беспарадкі”. У ноч на 27 студзеня адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Жанаты, мае дваіх дзяцей: 15-гадовую дачку Яну і 12-гадовага сына Часлава-Дамініка.

Алег Корбан

Нарадзіўся 4 лютага 1985 года. Сябра Нацыянальнага камітэту АГП. Намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі АГП. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення арганізацыі «Маладыя дэмакраты» -- моладзевага крыла АГП.

У 2007 годзе, будучы сябрам “Маладога Фронту”, праходзіў па крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, быў пакараны штрафам. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. быў актыўным удзельнікам кампаніі Яраслава Раманчука, кіраваў ягоным штабам па г. Мінску.

Затрыманы ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. пасля акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска. Абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). Утрымліваўся ў следым ізалятары КДБ. 7 студзеня вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. 31 студзеня на вуліцы ў Мінску быў затрыманы паўторна, але адпушчаны праз 2 гадзіны пасля допыту ў КДБ.

Мікіта Красноў

Нарадзіўся ў Мінску 26 верасня 1986 года. У 2004 годзе скончыў у сталіцы беларускамоўную гімназію № 14. Адразу паступіў на юрыдычны факультэт БДУ (спецыяльнасць – паліталогія). Быў адлічаны з вучобу пасля удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2006 года і паслявыбарчым намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы. З 2006 года працягвае навучанне ў  ЕГУ на факультэце паліталогіі “Еўрапейскія даследаванні”.

Балатаваўся ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2008 г. і мясцовых выбарах 2010 г. У 2004-2010 гг. быў каардынатарам дэмакратычнай арганізацыі “Вольная Моладзь”. У 2009 годзе скончыў “Школу асноў развіцця рэгіёну”, стажыраваўся па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання ў Чэхіі і Галандыі. У 2010 г. – каардынатар кампаніі “Грамадзянін”.Працаваў у ІКУ “БЕЛАРДА” спецыялістам па маркетынгу.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года – давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Алеся Міхалевіча.
На Плошчы 19 снежня не быў. Тым ня менш, з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Такі статус быў указаны ў пастанове на правядзенне вобыску супрацоўнікамі КДБ 27 снежня. Выехаў за межы Беларусі пасля таго, як 20 снежня з 5-й гадзіны раніцы да вечара таго ж дня разам з іншымі актывістамі прабыў у аблозе спецслужбаў, якія спрабавалі ўварвацца ў офіс кампаніі “Грамадзяін”.

Мікіта Ліхавід

Нарадзіўся 27 мая 1990 года ў Мінску. Пасля сканчэння сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Мінскага інстытута кіравання. Навучаўся завочна. Пасля падзей 19 снежня, па словах кіраўніцтва факультэта, выключаны не быў, але аўтаматычна патрапіў у акадэмічны адпачынак (не паспеў здаць адзін залік з-за арышта), аднаўленне з якога ў бліжэйшыя 1-2 гады наўрад ці магчыма. Хоць у той жа час хлопцу прыйшла афіцыйная позва на сесію.      

У няпоўны 21 год паспеў стаць актывістам Руху “За свабоду”. Затрыманы 19 снежня на Плошчы Незалежнаці, асуджаны на 15-сутачны арышт, але 23 студзеня пастанова аб арышце адменена, і Мікіта пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. З Жодзінскага СІЗА яго перавялі ў мінскую "Валадарку", а за дзень да суда - у камеру да абвінавачаных у цяжкіх злачынствах. 29 сакавіка асуджаны Партызанскім судом Мінска да 3,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.Прызнаны "Міжнароднай амністыяй" вязьнем сумлення. Абвесціў галадоўку супраць несправядлівага прысуду.

Уладзімір Лобан

Нарадзіўся 16 студзеня 1978 года ў г. Хойнікі на Гомельшчыне. Пасля Чарнобыльскай катастрофы сям’я пераехала ў Віцебскую вобласць, горад  Верхнядзвінск, дзе ён скончыў сярэднюю школу і куды вярнуўся працаваць пасля сканчэння ў Мінску Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту. З красавіка 2010 г. жыў і працаваў у сталіцы. На працы пра яго кажуць толькі добрае. Халасты. Палітыкай не займаўся, ні ў якія партыі і рухі не ўваходзіў.  

Па словах сваякоў, верагодней за ўсё, на Плошчы апынуўся з-за адмовы яму на выбарчым участку ў праве прагаласаваць 19 снежня ў Мінску – Уладзіміра адпраўлялі ў Верхнядзвінск. Гэта апошні горад на тэрыторыі Беларусі перад мяжой з Латвіяй. Быў затрыманы пры разгоне акцыі 19 снежня, адбыў 10-сутачны адміністрацыйны арышт на Акрэсціна, а потым затрыманы як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Прад'яўлена абвінавачанне па арт. 293 КК. Змешчаны ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Асуджаны (12 траўня) на 3 гады зняволення.    

Эдуард Лобаў

Нарадзіўся ў Вільні 1 снежня 1988 г. З 8-га класа марыў звязаць сваё жыццё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спецназе Віцебскага дэсанту. Там жа, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомеля, дзякуючы якому далучыўся да “Маладога Фронту”. Быў абраны кіраўніком мінскай гарадской арганізацыі МФ. Працягвае цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэнне беларускай арміі.

Затрыманы 18 снежня разам з лідэрам МФ Зміцерам Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве (арт. 339 ч.3 КК). У Жодзінскім СІЗА за адмову сведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесці ў камеру, дзе з ім жорстка расправяцца.

24 сакавіка асуджаны ў судзе Маскоўскага раёна да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1961 года ў вёсцы Трылес Сталбцоўскага раёна Мінскай вобласці.Скончыў там школу, тры гады працаваў механізатарам у кадгасе імя Суворава ў сваім раёне. Пасля паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, на факультэт гісторыі і французскай мовы, які паспяхова скончыў у 1985 г. З 1985 па 1987 гг. служыў у Савецкай арміі. Затым працаваў намеснікам дырэктара Ашмянскай школы-інтэрната на Гарадзеншчыне. У 1990 г. абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га, займаў пасаду намесніка старшыні Камісіі ВС па справах моладзі. У 1992 г. стварыў Беларускую асацыяцыю маладых палітыкаў і быў абраны яе кіраўніком. У 1993 г. скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Падчас выбараў 1994 г. працаваў у камандзе А.Лукашэнкі, сышоў з-за канфлікту, уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП). У 1995 г. пераабраны ў ВС 13-га склікання, быў намеснікам старшыні Камісіі па міжнародных справах. У 1996 годзе рэферэндум не прызнаў і пры роспуску ВС у Нацыянальны сход перайсці адмовіўся. Шмат разоў трапляў пад рэпрэсіі ўладаў за сваю палітычную дзейнасць, пад канец 1990-х гадоў стаў рэкардсменам па працягласці адбытых па палітычных матывах адміністратыўных арыштах. Некалькі разоў быў абвінавачаны ў паклёпе на дзеючага прэзідэнта, быў збіты каля свайго дома невядомымі ў масках. 19 кастрычніка 2004 г. разам з Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам быў арыштаваны за ўдзел у пратэстных акцыях супраць рэферэндума, які дазволіў А.Лукашэнку балатавацца на трэці тэрмін. Пры затрыманні быў моцна збіты міліцыяй (трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай, пераломамі рэбраў і пашкоджаннямі ўнутраных органаў). На Кангрэсе дэмакратычных сілаў у 2005 г. саступіў усяго некалькі галасоў А.Мілінкевічу, ледзь не стаўшы адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта 2006 г. Балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2008 г., але прайграў.

На выбарах Прэзідэнта ў 2010 г. працаваў у камандзе кандыдата ад АГП – свайго намесніка Яраслава Раманчука. Пасля акцыі пратэсту 19 снежня ў ноч на 20 снежня затрыманы сіламі дзяржбяспекі ў сябе дома. Змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Прызнаны “Міжнародная Амністыяй” вязнем сумлення. Дома яго чакалі. Позна вечарам 6 сакавіка вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Аляксандр Малчанаў

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 года ў Барысаве, у гэтым горадзе жыў усё сваё жыццё. Вучыўся ў Барысаўскай школе № 22. У першай палове 2000-х гадоў быў “зуброўцам”. Палітычная актыўнасць стала прычынай пастаяннай увагі да яго з боку міліцыі. Праз гэта яго маці Галіне Андрэеўне не працягнулі кантракт на працы. Тады Саша перайшоў вучыцца ў вечаровую школу і пайшоў на курсы маляроў. Потым паступіў у Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут у Мінску. Зараз яго мама ўжо на пенсіі. Ці адлічылі сына з інстытута, дакладна не ведае.

Пасля акцыі пратэсту на Плошчы быў затрыманы 6 студзеня ў сябе дома ў Барысаве. Яму было прад'яўлена абвінавачанне па справе аб масавых беспарадках. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. 2 сакавіка асуджаны ў Фоунзенскім судзе Мінска на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Марцэлеў

Нарадзіўся 29 красавіка 1977 года ў Мінску ў сям’і патомных навукоўцаў. Унук Станіслава Марцалева, кіраўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Таксама ўнук акадэміка-філосафа Леаніда Яўменава.

Пасля сканчэння сярэдняй школы вучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ, але быў адлічаны за палітычную дзейнасць пры рэктары А.Казуліне. Тым не менш, пасля пераходу таго ў апазіцыю працаваў з ім разам. У сярэдзіне 1990-х быў абраны старшынёй “Маладой Грамады” (моладзевай арганізацыі пры БСДП М.Статкевіча), дзеля гэтай дзейнасці адмовіўся ад вучобы ў Маскве. Потым з’ехаў вучыцца ў Польшчу і скончыў Познанскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “паліталогія”.

На прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча. 19 снежня на плошчы Незалежнасці амаль не прысутнічаў. Уначы 23 снежня быў зняты з цягніка, на якім ехаў у Варшаву на здымкі перадачы тэлеканала “Белсат”. Арыштаваны, змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 красавіка абвінавачанне зменена на арт. 342 КК.16 траўня асуджаны на 2 гады ўмоўна.

Андрэй Мікалаеў

Нарадзіўся 12 красавіка 1975 года ў Мінску ў рабочай сям’і. Вучыўся ў СШ № 96, потым па сямейных абставінах апынуўся ў школе-інтэрнаце № 4. Затым вучыўся ў 175-й школе і будаўнічым ліцэі № 52. З-за смерці бацькі вучобу кінуў і працаваў на будоўлі. У 1994 г. быў абвінавачаны ў рабаванні (паводле яго словаў, стаяў непадалёк і глядзеў, як невядомыя палезлі ў шапік) і асуджаны. Тады ў Андрэя “зламалася ўяўленне пра беларускае правасуддзе”. Дагэтуль хварэе на туберкулёз лёгкіх, падхоплены ў 90-я гады ў Шклоўскай калоніі. У 2001 г., паспрабаваўшы абараніцца ад крадзяжу, быў асуджаны за нанясенне цялесных пашкоджанняў. Пасля вызвалення ў 2006 г. стаў індывідуальным прадпрымальнікам, займаецца рамонтам жытла. На Плошчу вырашыў пайсці з-за хлусні і хамства дзяржавы, якія асэнсаваў пасля аналізу падзей Плошчы 2006 г. Затрыманы пры разгоне не быў, але 11 студзеня да яго прыйшлі з ператрусам. Праз 3 сутак на Акрэсціна быў дапытаны ў вайсковай контрвыведцы і адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. З’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Мае жонку і сына. Захапляецца рыбалкай.

Фёдар Мірзаянаў

Нарадзіўся 9 снежня 1990 года ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. Скончыў гімназію, ў час вучобы быў актыўным удзельнікам алімпіяднага руху ў горадзе, вобласці і рэспубліцы, браў удзел у алімпіядах па гісторыі, інфарматыцы і геаграфіі. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту па спецыяльнасці “эканамічная кібернэтыка”. Студэнтам захапіўся мадэлямі эканамічнага развіцця краіны, паспрабаваў сілы ў навуцы, стаўшы ўдзельнікам міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі. Захапляецца турызмам, веласпортам, літаратурай, адзін з яго любімых пісьменнікаў – Леў Гумілёў.

Пасля падзяй 19 снежня адбыў адміністратыўны арышт тэрмінам 15 сутак у следчым ізалятары г. Жодзіна. Пасля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па арт. 293, ч. 1 і 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Масавыя беспарадкі”). Пад вартай у СІЗА па вул. Валадарскага. 14 траўня асуджаны на 3 гады зняволення.     

Алесь Міхалевіч

Нарадзіўся 15 мая 1975 г. у Мінску ў сям’і навукоўцаў. Навучаўся ў школе №19 г. Мінска (з матэматычным ухілам), Беларускім гуманітарным ліцэі. У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ па спецыяльнасці “палітолаг-юрыст”, падчас вучобы ў якім узначальваў Задзіночанне беларускіх студэнтаў – грамадскую арганізацыю, якая абараняе правы студэнтаў беларускіх ВНУ. Праходзіў стажыроўкі ў Варшаўскім і Оксфардскім ўніверсітэтах. З 1997 г. займаўся моладзевымі абменамі і турызмам, з 2000 г. працаваў на кіруючых пасадах у турыстычным СП "Аркадыя". Пакінуў пасаду генеральнага дырэктара гэтай кампаніі пасля сямі праверак, учыненых уладамі з-за ўдзелу яе кіраўніка ў парламенцкіх выбарах 2004 года. З 2005 г. мае акрэдытацыю Міністэрства эканомікі РБ у якасці антыкрызіснага кіраўніка. У 2007-2008 гг. працаваў юрысконсультам Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане, у 2008-2010 гг. – юрыстам Беларускага незалежнага прафсаюза. Свабодна валодае чатырма мовамі. З 2003 па 2007 гг. быў дэпутатам Пухавіцкага раённага савета і каардынатарам Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. Выдаваў незалежную газету "Рэгіён" у г. Мар’іна Горка Мінскай вобласци. Ініцыяваў шэраг крокаў па пашырэнні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіравання.У 2004-2008 гг. – намеснік старшыні партыі БНФ. Балатаваўся на пасаду старшыні партыі ў 2008 г., аднак быў выключаны за публічную крытыку яе кіраўніцтва.У 2010 г. заснаваў новы грамадскі рух – “За мадэрнізацыю”. Кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Затрыманы ў ноч на 20 снежня ў сябе дома супрацоўнікамі КДБ за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску. Змешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны па артыкуле 293 – “Масавыя беспарадкі”. Мае сям'ю. Жонка Мілана – настаўніца ангельскай мовы. Выхоўвае дзвюх дачок: Лесю, 2000 года нараджэння, і Алёну, якая нарадзілася пад канец 2009-га. 19 лютага выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. 28 лютага заявіў, што вязьняў СІЗА КДБ падвяргаюць катаванням. Атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

Дзмітрый Мядзведзь

Нарадзіўся 16 студзеня 1960 года ў Мінску. Скончыў БНТУ (у той час ён называўся Мінскім палітэхнічным інстытутам). Па спецыяльнасці Дзмітрый інжынер-энэргетык. Некаторы час працаваў на адной з кафедраў роднага інстытута, потым – у сферы будаўніцтва. Многія вядомыя  аб’екты беларускай сталіцы пабудаваны з яго удзелам – напрыклад, Дзмітрый быў намеснікам дырэктара генпадраднай арганізацыі пры будаўніцтве парка адпачынку “Сонечная даліна” у мікрараёне Курасоўшчына. З нядаўняга часу меў уласны дробны бізнэс, фірма займалася ў асноўным рамонтнымі работамі, зараз яе будучыня пад пытаннем з-за арышту дырэктара. Дома яго чакаюць жонка Таццяна і гадавалы сын Павел, народжаны таксама 16 студзеня.

Чалавек, які не займаецца палітыкай, не мае дачынення да палітычных партыяў і рухаў. На плошчы Незалежнасці  19 снежня  2010 года Дзмітрый быў разам са старэйшым сынам ад першага шлюбу, каб быць упэўненым у яго бяспецы, настойліва прапаноўваў сыну сысці дадому. Ён і сын былі затрыманы  ўначы і атрымалі 10-суткавы арышт на Акрэсціна. Пазней Дзмітрый быў паўторна арыштаваны і змешчаны ў  турму на вул.Валадарскага, ужо ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках.6 студзеня Дзмітрыю было прад'яўлена абвінавачванне па чч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ. Утрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага. Асуджаны 10 сакавіка 2011 г. у Маскоўскім райсудзе Мінска на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Леанід Навіцкі

Нарадзіўся 21 сакавіка 1973 года ў Барысаве. Вучыўся ў Акадэміі фізічнага выхавання ў Мінску. Майстар спорту СССР па боксу. З 2001 года – удзельнік руху “Зубр”. З 2008 г. – актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Неаднаразова затрымліваўся міліцыяй за сваю палітычную дзейнасць, караўся за гэта штрафамі і адміністратыўнымі арыштамі.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і яго ахоўнікам. Затрыманы 19 снежня разам з Андрэем Саннікавым і Ірынай Халіп, асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту. Перад вызваленнем была прад’яўлена пастанова аб прызнанні яго падазраваным па справе аб масавых беспарадках (чч.1 і 2 арт. 293 КК). Зараз знаходзіцца ў замежжы.

Дзмітрый Новік

Нарадзіўся 16 верасня 1981 года ў горадзе Баранавічы. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Мінску ў Акадэміі фізічнай культуры, служыў у войску. Ажаніцца збіраўся ў гэтым годзе. З сям’і ў яго толькі хворыя маці і бабуля, для якіх ён быў адзінай апорай, ды малодшы брат.

Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым – у службе бяспекі амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў. (Паводле яго словаў на судзе, працаваў у амбасадзе кіроўцам). Усё жыццё захапляўся спортам і займаўся ім. Палітыка, наадварот, не была ў сферы ягоных інтарэсаў -- ніхто са сваякоў Дзмітрыя ніколі не чуў, каб ён быў блізкі да якіх-небудзь палітычыных партыяў ці рухаў.

Затрыманы позна ўвечары 23 снежня дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках; абвінавачанне прад’яўлена 30 снежня па ч.2 арт. 293 КК – удзел у масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ (“Амерыканцы”). 2 сакавіка асуджаны Фрунзенскім судом Мінска на 3,5 гады зняволення.

Уладзімір Някляеў

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў Смаргоні, дзе скончыў сярэднюю школу №1. У 1966 г. скончыў Мінскі тэхнікум сувязі, у 1973-м – філалагічны факультэт Мінскага педінстытута. Навучаўся на адзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. Працаваў ва Уладзівастоку, Тайшеце, Нарыльску, потым вярнуўся ў Мінск. З 1972 года – літкансультант у рэдакцыі газеты «Знамя юности», з 1975-га – рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск». У 1978 г. уступіў у Саюз пісьменнікаў СССР, працаваў на Беларускім тэлебачанні, а з 1987 па 1998 гады быў галоўным рэдактарам аднаго з найпапулярнейшых часопісаў таго часу – «Крыніца». Кіраваў таксама рэдакцыяй штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». У 1998-2001 гг. – старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў, на пазачарговым з’ездзе якога ў 2001 г. прапанаваў прыняць рэзалюцыю, згодна з якой прэзідэнт краіны А.Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і не мае права больш балатавацца на выбарах. За гэты час паспеў з’ехаць з Беларусі ў Польшчу (у 1999 г.) па палітычных матывах. У 2003 г. вярнуўся на радзіму. З 2005 па 2009 гады – старшыня праўлення Беларускага ПЭН-цэнтру.

Шырока вядомы як аўтар мноства паэтычных зборнікаў, паэт-песеннік. У перыяд з 1979 па 2009 гг. быў уганараваны шматлікімі прэміямі за сваю мастацкую літаратурную творчасць, сярод якіх прэмія Ленінскага камсамола, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы ў галіне літаратуры, першая прэмія I Міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі «Поющие письмена». У 1986 г. узнагароджаны Ордэнам «Знак Пашаны» за ўнёсак у літаратуру.

У 2010 г. ініцыяваў стварэнне грамадскай кампаніі «Гавары праўду», якой улады пазней адмовілі ў рэгістрацыі. Адзін з лідэраў прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. 19 снежня быў збіты да непрытомнага стану у цэнтры Мінска па шляху на мірную акцыю пратэста. З чэрапна-мазгавой траўмай патрапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Праз некалькі гадзін быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спецслужб (проста з-пад кропельніцы і ў мароз без верхняга адзення). Гэтае гвалтоўнае затрыманне было жорсткім: пры немагчымасці хадзіць пасля траўмы яго на коўдры па падлозе зацягнулі да машыны. Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле “Масавыя беспарадкі”. З моманту збіцця 19 снежня да свайго пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанес чатыры гіпертанічныя крызы і не меў магчымасці сустрэцца з адвакатам. Жанаты, мае дачку ад першага шлюбу. 17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтра прыняў рашэнне вылучыць яго на Нобелеўскую прэмію. 

30 сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх).

Андрэй Пазняк

Нарадзіўся 20 мая 1977 года ў г. Жодзіна. Скончыў Жодзінскі прафесійны ліцэй, на працягу 14 гадоў працаваў у родным горадзе электраманцёрам на БелАЗе. Палітыкай не займаўся. Не быў сябрам ніякіх партый і арганізацый. Вырас у спартыўнай сям’і, заўсёды захапляўся футболам, займаўся ім, быў балельшчыкам БАТЭ.  

Затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнасці, пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Калі пасля навагодніх святаў не з’явіўся на працу, аказалася, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы і ўзяты пад варту. Прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 і 2 арт.293 КК – “масавыя беспарадкі”. Утрымліваецца пад вартай у СІЗА №1 на вул.Валадарскага ў Мінску.  26 траўня ў Ленінскім судзе Менска асуджаны да 3 гадоў "хіміі" без накіравання ў папраўчыя ўстановы.

 Анастасія Палажанка 

Намеснік старшыні “Маладога Фронту”, харызматычны лідэр нацыянальна арыентаванай дэмакратычнай моладзі. Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Мінску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й мінскай школе (з паглыбленым вывучэньнем нямецкай мовы) і ў 37-й школе (з эстэтычным ухілам). З 2008 г. – студэнтка факультэта філясофіі і палітычных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У “Малады Фронт” Наста прыйшла ў 2004 годзе, ва ўзросце 14 гадоў. Яна амаль адразу зазнала ціск з боку ўладаў, але і хутка зрабілася сапраўдным лідэрам фронтаўскай моладзі.У 2007 годзе Наста ў ліку іншых маладафронтаўцаў была асуджаная па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэксу (“дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”). У якасці пакарання суд абраў папярэджанне.

Наста Палажанка брала ўдзел у многіх акцыях і кампаніх Маладога Фронту, з-за гэтага дзясяткі разоў затрымлівалася міліцыяй. Амаль адразу пасля спаўнення 18 гадоў цяпер ужо паўнагадовую Насту пачалі арыштоўваць адміністратыўна. Так, 7 лістапада 2008 г. за ўдзел у антыкамуністычным пікеце ля будынка КДБ яна была арыштаваная на 3 сутак.

На VI Сойме “Маладога Фронту” 9 сакавіка 2008 году Наста была абрана намесьніцай старшыні Маладога Фронту.

Падчас выбарчай кампаніі на Насту Палажанку і яе таварышаў пастаянна ўзмацняўся ціск. 9 снежня, за 10 дзён да падзей на Плошчы-2010, Насту разам з маладафронтаўцамі Зміцерам Дашкевічам, Міколам Дземідзенкам і Уладімірам Яроменкам затрымала міліцыя, заявіўшы, што яны едуць на крадзенай машыне. Некалькі гадзін іх пратрымалі ў пастарунку і адпусцілі. Не выпадкова на дадзены момант трое з чатырох затрыманых у той дзень знаходзяцца ў СІЗА...

Пасля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілін ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыццяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. 17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыездзе. 8 сакавіка стала першай беларускай, узнагароджанай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасць, якую ўручала дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан. 30 сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх).

Васіль Парфянкоў

Ён нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Мінску, скончыў 9 класаў менскай школы №163, працаваў аўтаслесарам ў 7 аўтапарку Мінска. Халасты.

Вядомы найперш сваім удзелам у абароне Курапатаў у 2002 годзе, калі ўлады Мінска мелі планы зруйнаваць крыжы дзеля пашырэння МКАД. Незалежная прэса пісала тады пра падпал намёта абаронцаў невядомымі, калі Васіль выратаваў ад пажару дзяўчыну і хлопца. Паведамлялася таксама і пра некалькі нападаў правакатараў, якім давялося даваць адпор. Падчас адной такой сутычкі Васіль Парфянкоў атрымаў траўму – пералом рукі. 

Ён быў сябрам Беларускай партыі свабоды, удзельнічаў у акцыях разам з Маладым Фронтам і Зубром. Неаднаразова затрымліваўся і адбываў адміністратыўныя тэрміны ў ізалятары на Акрэсціна за сваю грамадскую актыўнасць.

Падчас выбараў-2010 ён супрацоўнічаў з кампаніяй “Гавары праўду!”, быў актывістам штаба Уладзіміра Някляева, збіраў подпісы за яго, праводзіў агітацыю. Васіль Парфянкоў быў і на мінскай Плошчы-2010. Пасля разгону акцыі ў ноч на 20 снежня з’явіліся звесткі, што ў Васіля пераломы абодвух рук і ён знаходзіцца ў шпіталі. Прынамсі да 3 студзеня ягоны тэлефон адказваў на тэлефанаванні сяброў.

4 студзеня Васіль быў затрыманы. Яго шукалі мэтаскіравана  па падазрэнні ў датычнасці да так званых масавых беспарадкаў 19 снежня. Праз трое сутак сябра адпусцілі, Васіль жа апынуўся ў СІЗА на Валадарскага як фігурант крымінальнай справы па арт.293. Яго прысуд стаў самым першым па справе "19 снежня": 17 лютага Фрунзенскі суд Мінска асудзіў Васіля на 4 гады калоніі строгага рэжыму.

 Анатоль Паўлаў

Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП, сябра Палітсавета і Нацыянальнага камітэта АГП. Нарадзіўся 18 чэрвеня 1949 года ў Выбаргу Ленінградскай вобласці ў сям’і ваеннага. Частка дзяцінства прайшла на архіпелагу Новая Зямля. З 1965 г., калі бацька дэмабілізаваўся па стане здароўя, жыве ў Мінску. Скончыў мінскую СШ № 4 (1966 г.), хімічны факультэт БДУ (1971 г.). Працаваў настаўнікам у школе ў Лагойскім раёне, у 1973-2000 гг. – на розных пасадах у БДУ. У пачатку 2000 г. абраны сябрам гаркаму прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі (структуру, якая пазней была ліквідаваная). На выбарах 2001 г. кіраваў штабам Міхаіла Чыгіра, разам з якім уступіў у АГП.   

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў даверанай асобай кандадата ў прэзідэнты ад АГП Яраслава Раманчука. Затрыманы а 7-й раніцы 20 снежня ў сябе дома. Абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК – арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ, адкуль 7 студзеня 2011 г. быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.  

Андрэй Пратасеня

Нарадзіўся 12 снежня 1981 года. Пасля школы скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэту. Працаваў праграмістам. Займаўся дабрачыннасцю – дапамагаў хворым людзям збіраць сродкі на аперацыі.  

У палітычных партыях і рухах ня быў да лістапада 2010 г., але за месяц да падзей на плошчы Незалежнасці ўступіў у шэрагі АГП. Быў валанцёрам у агітацыйнай кампаніі Яраслава Раманчука. 19 снежня быў на Плошчы, але пад яе разгон не патрапіў і сышоў дахаты. Затрыманы 9 лютага 2011 г. пры не высветленых да канца абставінах. Верагодней за ўсё, затрыманне адбылося на вуліцы альбо Андрэя выклікалі па тэлефоне для гутаркі. Пад вечар таго самага дня ў Мінску ў доме яго бацькоў прайшоў ператрус, пасля якога Андрэя арыштавалі. Яму прад’яўлена абвінавачанне па ч.2 арт. 293 КК – “актыўны ўдзел у масавых беспарадках”. Пра тое, што гэты чалавек знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ і праходзіць па справе аб масавых беспарадках, стала вядома толькі 16 сакавіка. 5 траўня асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі.

Наталля Радзіна

Журналіст сайта charter97.org. Нарадзілася 3 мая 1979 г. у г. Кобрыне ў сям'і вайскоўца. У журналістыцы з 1997 года. Скончыла журфак БДУ паралельна з працай у СМІ. Працавала ў газетах «Имя», «Народная воля», «Навіны», «Наша Свабода». Неаднаразова падвяргалася арыштам і збіццю ў часе асвятлення акцый апазіцыі. 16 сакавіка 2010 года ў часе ператрусу ў офісе сайта charter97.org атрымала ўдар у твар ад супрацоўніка сілавых структур у цывільным. У 2010 годзе намінавана вядучай брытанскай правабарончай арганізацыяй «Індэкс цэнзуры» на прэмію «Свабода слова» ў намінацыі «За барацьбу супраць рэпрэсій і за дзейнасць, накіраваную на змяненне палітычнага клімату». У ноч з 19 на 20 снежня 2010 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў, была затрымана ў рэдакцыі сайта charter97.org і змешчана ў СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваецца дагэтуль. Пры канцы снежня ёй прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Пагражае зняволенне да 15 гадоў. 28 снежня мера стрымання зменена на падпіску аб нявыездзе, з 30 снежня жыла ў Кобрыне. 1 красавіка 2011 таемна з'ехала з краіны.     

Віталь Рымашэўскі

Нарадзіўся ў Мінску 3 сакавіка 1975 года. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. У 1999 г. вучыўся ў Нямеччыне на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіраваньня ў інстытуце «Саюз грамадзкага кіраваньня», вывучаў эканамічнае і палітычнае становішча ФРГ. З 1996 г. сябра Каардынацыйнай Рады «Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў». У 2002-2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускага нацыянальнага савету маладзёжных і дзіцячых грамадзкіх арганізацый «Рада». Адзін з кіраўнікоў кампаніі «У абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі». Кіраўнік Мінскай арганізацыі стваранай партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбараў 2010 г. Падчас акцыі 19 снежня на пошчы Незалежнасці збіты спецназам (дубінкай была рассечана галава). Затрыманы падчас разгону акцыі, змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 снежня 2010 г. знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.30 сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх).

Яўген Сакрэт

Нарадзіўся ў Мінску 3 кастрычніка 1966 года. Пасля сканчэння сярэдняй школы № 110 служыў у войску. Выпускнік лесагаспадарчага факультэта тэхналагічнага інстытута імя Кірава ў Мінску (зараз Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). Захапіўся ландшафтным дызайнам, якім стаў займацца прафесійна, скончыўшы адпаведныя курсы. Яшчэ адно яго захапленне – літаратура. Яўген сам стаў аўтарам вершаў і прозы, яго творы  часам друкаваліся ў прэсе. Звестак пра яго сяброўства ў партыях і рухах няма, але гэта чалавек, які ніколі не хаваў свае дэмакратычныя погляды. Падчас прэзідэнцкіх выбараў-2010 быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава.

Затрыманы 19 снежня 2010 г. пасля акцыі пратэту ў Мінску, адбыў 10-сутачны арышт. Паўторнае затрыманне адбылося, верагодней за ўсё, 17 студзеня 2011 г., калі Яўген не прыйшоў да сваякоў начаваць. Праз тры дні ў іх дом прыйшлі з ператрусам. Пад вартай у СІЗА па вул. Валадарскага. 12 траўня асуджаны на 3 гады зняволення па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Андрэй Саннікаў

Нарадзіўся ў Мінску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў у 1971 г. 42-ю мінскую школу, у 1977 г. – Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, у 1989 – дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Свабодна валодае чатырма мовамі.  Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі. У 1995-1996 гг. – намеснік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду добраахвотна ў лістападзе 1996 год у знак пратэсту супраць правядзення антыканстытуцыйнага рэферэндуму.У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартия'97». У 1998 г. разам з Генадзем Карпенкам стварыў Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Быў арганізатарам многіх маршаў пратэсту ў Мінску. За палітычную дзейнасць Саннікава неаднойчы арыштоўвалі, пераследавалі і збівалі. У 2008 годзе ініцыяваў грамадзнскую кампанію «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць мэту уступленне Беларусі ў Еўразвяз. Лаўрэат міжнароднай прэміі  імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Па шматлікіх рэйтынгах і дадзеных незалежных назіральнікаў, адзін з лідэраў прэзідэнцкай гонкі. Падчас разгону мірнай акцыі на Плошчы Незалежнасці быў моцна збіты спецназам (у тым ліку была пашкоджана нага) і разам з жонкай Ірынай Халіп жорстка затрыманы па шляху ў шпіталь. Знаходзіцца ў СІЗА КДБ, абвінавачваецца ў арганізацыі і ўдзеле масавых беспарадкаў 19 снежня. Пра стан яго здароўя няма звестак. 

Унук аднаго з заснавальнікаў Купалаўскага тэатра Канстанціна Саннікава. Муж вядомай журналісткі Ірыны Халіп, якая таксама абвінавачана па справе аб масавых беспарадках. Адным з метадам ціска на іх стала спроба ўладаў забраць з сям’і трохгадовага сына Даніка Саннікава.

14 траўня асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Павел Севярынец

Грамадскі актывіст, сябра Рады ГА «БАЖ». Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Оршы. Скончыў з залатым медалём віцебскую школу № 25 (з мастацкім ухілам). Пачатак цікавасці да палітыкі – яго абранне ў 10 класе школы ў Дзіцячы рэспубліканскі парламент. Захапляўся геграфіяй і геалогіяй. Скончыў геафак БДУ. У 1994–1999 працаваў журналістам у шэрагу недзяржаўных выданняў. З 1998 друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Лаурэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Выасіля Быкава “За свабоду думкі”.  

У 1999-2003 гг. быў намеснікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 — старшынём «Маладога Фронту», зараз з’яўляецца сустаршынём аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя». У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня яму прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад'яўлена іншае абвінавачанне (ч. 342 КК). 16 траўня асуджаны на 3 гады "хіміі".

Мікола Статкевіч

Нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Там скончыў сярэднюю школу, затым -- Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча па спецыяльнасці “ваенны інжынер па радыёэлектроніцы” (у 1978 г.). У 1978-1982 гг. служыў у Мурманскай вобласці старэйшым інжынерам аўтаматызаванага каманднага пункта зенітнай ракетнай брыгады часткі СПА. У 1986 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1993 – доктарскую. Мае больш за 60 работ у галіне АСК, эрганомікі, інжынернай псіхалогіі, сацыяльнай псіхалогіі. Атрымаў воінскае званне падпалкоўніка.

З 1985 па 1990гады выкладаў у роднай вайсковай вучэльні на кафедры АСК. У 1990 г. стаў адным з аўтараў канцэпцыі Беларускай арміі, рэалізаванай пасля распаду СССР. У 1991 г. у знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС. 20 жніўня 1991 г адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ) і да 1995 г. кіраваў ім. У 1991 г. увайшоў у Цэнтральную раду і выканаўчы камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). У 1992 г. выступіў з ініцыятывай прывядзення да прысягі афіцэраў Беларускага войска і правёў акцыю прывядзення да прысягі незалежнасьці Беларусі некалькі тысяч афіцэраў запасу на галоўнай плошчы Мінска. З 1995 г. -- старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). З 1999-га – старшыня Усходне-еўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму. У 2000 г. балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але абраны не быў. З 2003 года - лідэр «Еўрапейскай кааліцыі». У 2005 г. быў асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 г. у Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Узнагароджаны медалём "За бездакорную службу". Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. Выгадаваў двух дачок.У 2009 годзе кангрэсам «Еўрапейскай кааліцыі» вылучаны кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года. 19 сьнежня 2010 г. браў удзел у акцыі на плошчах Кастрычніцкай і Незалежнасці. Пасля жорсткага разгону мітынгу пры ад’ездзе на таксі быў заблакаваны спецназам і затрыманы. Зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ, дзе з 19 снежня па 12 студзеня трымаў галадоўку пратэсту. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых беспарадкаў. Адзін з тых, каго Amnesty International прызнала пасля падзей на Плошчы вязнем сумлення. 26 траўня ў Ленінскім судзе Менска асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Віталь Стажараў

Адзін з лідэраў арганізацыі “Маладыя дэмакраты”. Неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у акцыях апазіцыі, караўся штрафамі і адміністратыўнымі арыштамі за палітычную дзейнасць. У верасні 2008 г. быў назіральнікам за выбарамі на ўчастку № 456 Старавіленскай  выбарчай акругі № 105 у Мінску, дзе балатаваўся Анатоль Лябедзька, і зафіксаваў на фота падмену бюлетэняў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. – сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука. 18 кастрычніка проста з дому без тлумачэння прычын быў дастаўлены ў Фрунзенскі РУУС супрацоўнікамі крымінальнага вышуку, якія дапыталі яго на прадмет экстрэмісцкай дзейнасці ў рамках расследавання крымінальнай справы па фактам падпалаў у Менску. Лідэр АГП А.Лябедзька ацаніў гэты выпадак як “псіхалагічнае ўздзеянне з мэтай запужвання і адцягнення ад арганізацыі па збору подпісаў”. Пасля прэзідэнцкіх выбараў запрашаўся на допыты па справе 19 снежня ў якасьці сведкі; пакінуў Беларусь. 30 сакавіка стала вядома пра яго перавод у статус падазраванага.

 

Дзмітрый Ус 

Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мінску. Скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага ўніверсітэту.  Беспартыйны. Жанаты, выхоўвае сына.

Працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл» у Мінску, пазней у сферы будаўніцтва. З 1992 г. – дырэктар выдавецтва «Трывіюм». У 1999-2003 гг. з’яўляўся дэпутатам Мінскага гарадскога савету, затым на выбарах у 2003 і 2007 гг. яго не зарэгістравалі.У 2010 г. браў удзел ў выбарах у мяцовыя Саветы дэпутатаў, але прайграў, набраўшы 33 адсоткі  галасоў выбаршчыкаў.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010 г. Затрыманы ў Мінску ў ноч з 19 на 20 снежня пасля масавай акцыі пратэсту. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. Удзень 20 снежня выпушчаны адтуль пад падпіску аб нявыездзе. Доўгі час з’яўляўся падазраваным па справе аб масавых беспарадках, абвінавачанне па арт.293 КК прад’яўленае 18 сакавіка 2011 г. (арганізацыя масавых беспарадкаў). Заяўляў пра ціск з боку следства з мэтай атрымання абвінаваўчых паказанняў на яго сябра Міколу Статкевіча. 26 траўня ў Ленінскім судзе Менска асуджаны да 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

 

Ірына Халіп

Нарадзілася 12 лістапада 1967 г. у Мінску. Уласны карэспандэнт расійскай «Новой газеты» па Беларусі. Працавала намесніцай галоўнага рэдактара «Белорусской деловой газеты» і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Имя», якія спынілі выхад. Неаднаразова падвяргалася крымінальнаму пераследу за сваю прафесійную дзейнасць, атрымлівала папярэджані ад пракуратуры. У красавіку 1997 года разам з бацькам, драматургам і кінадакументалістам Уладзімірам Халіпам была жорстка збітая ў часе вулічнага мітынгу 2 красавіка. У канцы 2009 года ёй пагражалі забойствам невядомыя. Лаўрэатка прэміі Дзмітрыя Завадскага (2003), прэміі Хенры Нанэна (2005), прэміі «Герой Еўропы» ў намінацыі «Мужнае сэрца» (2005), прэміі «За мужнасць у журналістыцы» (2009). 19 снежня 2010 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, падверглася сілавому затрыманню па дарозе з плошчы Незалежнасці і змешчана ў СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваецца дагэтуль. Пры канцы снежня ёй прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Пагражае зняволенне да 15 гадоў. Падчас яе знаходжання ў СІЗА КДБ улады спрабавалі забраць з сям'і яе трохгадовага сына Даніка Саннікава. 29 снежня мера стрымання зменена на падпіску аб нявыездзе з хатнім арыштам. У лютым 2011 г., ужо пад арыштам, атрымала журналісцкую прэмію "Залатое пяро Расіі". Жонка палітыка Андрэя Саннікава, які таксама абвінавачваецца па справе аб масавых беспарадках. Унучка вядомага беларускага кампазітара Юрыя Бяльзацкага. 4 красавіка абвінавачанне перакваліфікавана на арт. 342.

16-га траўня асуджана на 2 гады зняволення з 2-гадовай адтэрміноўкай.  

Уладзімір Хамічэнка

 Нарадзіўся ў 1986 годзе. Паводле звестак “Салідарнасці”, выгадаваўся ў дзіцячым доме ў Старых Дарогах і школе-інтэрнаце ў Рудэнску. Калі яму было 4 гады, бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. У 2004 г. скончыў сельскагаспадарчы ліцэй у Слуцку. Яго выхаваннем і ўладкаваннем побыту займаліся педагогі, якія вельмі шкадавалі хлопчыка. Вучоба яму давалася цяжка. Да палітыкі дачынення не мае. Жыў у Мінску і Віцебскай вобласці, больш за 15 разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. Па некаторых звестках, адзін час працаваў на будоўлі аддзелачнікам.

Двойчы судзімы па крымінальных справах, адзін з іх – на тэрыторыі Беларусі за спробу крадзяжу. 6 снежня 2010 г. быў датэрмінова вызвалены з месцаў зняволення. Затрыманы пасля разгону акцыі на плошчы Незалежнасці 19 снежня, асуджаны на 15 сутак, потым быў пераведзены пад варту ў СІЗА па вул. Валадарскага і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня асуджаны на 3 гады зняволення. 

Аляксандр Фядута

Фрыланс-журналіст, кандыдат філалагічных навук, грамадскі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасля перамогі якога стаў начальнікам упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта. З 1995 года перайшоў у апазіцыю. Працаваў журналістам шэрагу недзяржаўных газет: «Белорусская деловая газета», «Московские новости», «Имя», «Народная воля». У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Быў арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня яму прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 30 сакавіка абвінавачванне перафармулявана на ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць гарамадскі парадак, ці ўдзел у іх). 8 красавіка адпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

Уладзімір Яроменак

Нарадзіўся ў горадзе Міёры. Пасля сканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2 курса.Сябра «Маладога Фронту». Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спецслужбаў на наступны дзень, 20 снежня 2010 г., пасля пікету салідарнасці з палітзняволенымі насупраць Дома ўраду. За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасці сведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсціна. 28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Прад'яўлена абвінавачванне па частках 1 і 2 арт. 293 КК – «Масавыя беспарадкі».14 траўня асуджаны на 3 гады зняволення.

 

Siarhei Vazniak
Natallia Radzina
Pavel Seviarynets
Iryna Khalip
Vasil Parfiankou
Nasta Dashkevich
Aliaksei Mikhalevich
Mikalai Statkevich
Zmitser Dashkevich
Anatol Liabedzka
Ales Kirkevich
Aliaksandr Malchanau
Vital Rymasheuski
Aleh Korban
Ryhor Kastusiou
Uladzimir Yaromenak
Pavel Vinahradau

Latest news

Partnership

Membership