viasna on patreon

Двух маладзечанцаў пазбавілі волі на тры гады за патасоўку, падчас якой амапавец дастаў пісталет Photo

2020 2020-09-29T10:21:15+0300 2021-12-09T10:36:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pesov_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маладзечанскага раёна 29 верасня вынеслі прысуд двум маладзечанцам Паўлу Пяскову і Уладзіславу Еўсцігнееву, якіх судзілі па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціў супрацоўнікам АМАПу з ужываннем гвалту падчас патасоўкі з сілавікамі на акцыі 19 чэрвеня, на якой амапавец дастаў пісталет. Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала абодвух вінаватымі і пакарала іх пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова — на тры гады і тры месяцы, а Уладзіслава Еўсцігнеева — на тры гады. Менавіта такое пакаранне для маладзечанцаў у суддзі і прасіў пракурор Сяргей Габруковіч.

Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў на першым судовым паседжанні. Фота: spring96.org

25-гадовага Уладзіслава Еўсцігнеева затрымалі для адбыцця пакарання ў зале суда адразу пасля агалошвання прысуду. 31-гадоваму Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту яшчэ 18 верасня. Гэтыя 11 дзён будуць залічаныя ў 3,3-гадавы тэрмін пазбаўлення волі. 

molodzechno_sud.jpg
Момант затрымання Уладзіслава Еўсцігнеева. Фота: spring96.org

Суд вырашыў, што Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў аказалі гвалтоўнае супраціўленне супрацоўнікам мінскага АМАПу Вячаславу Якавенку і Яўгену Баранаву адпаведна, тым самым здзейснілі злачынства, прадугледжаннае ч. 2 арт. 363 КК. Суд устанавіў, што падчас дзеянняў маладзечанцаў амапаўцы атрымалі пашкоджанні: пашкоджанне форменнага абмундзіравання і цялесныя пашкоджанні ў выглядзе драпіны на каленях і локце, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя і значнай страты працаздольнасці. У перадапошні дзень судовых разбіральніцтваў судовы медэксперт Міхаіл Скабей, які аглядаў пацярпелых амапаўцаў і даваў заключэнне па іх пашкоджаннях, сказаў, што зафіксаваў у Якавенкі драпіну на левым калене памерам 2 см на 1,5 см. Але фотафіксацыі пашкоджанняў не рабілася — "не прадугледжана ўнутраннымі распараджэннямі". 

euscyagneev_9769.jpg
Уладзіслаў Еўсцігнееў. Фота: spring96.org

На судзе Уладзіслаў Еўсцігнееў прызнаў віну цалкам, Павел Пяскоў — часткова. Еўсцігнееў растлумачыў свае дзеянні тым, што ў патасоўку ўвязаўся праз крык жанчыны каля міліцэйскага бусу. Ён падумаў, што жанчыне прычыняюць боль. Тады ён падбег да супрацоўніка АМАПу і "прыхапіў яго рукой", пасля чаго ў выніку ціску натоўпу людзей і праз тое, што Еўсцігнееў падвярнуў нагу, ён упаў разам з супрацоўнікам АМАПу:

"Я ўтрымліваўся за АМАПаўца, каб падаючы, не ўдарыцца аб плітку". 

Павел Пяскоў заявіў на судзе, што на вуліцы пачуў крыкі накшалт "Ратуйце, дапамажыце!" і ўбачыў патасоўку, у якой "АМАПавец націскае на чалавека", пасля чаго ён умяшаўся. Па яго словах, ён хацеў спыніць гэты канфлікт, бо там прысутнічалі дзеці і гэта адбывалася ў грамадскім месцы. Намеру прычыніць шкоду супрацоўнікам АМАПу, як сцвярджалася падчас суда, не было ні ў Паўла Пяскова, ні ў Уладзіслава Еўсцігнеева.

Павел Пяскоў. Фота: spring96.org
Павел Пяскоў. Фота: spring96.org

Нагадаем, 19 чэрвеня ў Маладзечне падчас акцыі салідарнасці маладзечанцы паспрабавалі адбіць у сілавікоў затрыманага Міколу АлейнікаКадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з АМАПаўцаў апынуўся пісталет. Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак». У межах гэтай крымінальнай справы былі затрыманыя 25-гадовы Уладзіслаў Еўсцігнееў і 31-гадовы Павел Пяскоў. 16 верасня суд Маладзечанскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да іх. Адзін з падазраваных па гэтай справе — Уладзімір Непагода — знаходзіцца ў вышуку.

Хроніка судовага разбіральніцтва па крымінальнай справе ў адносінах Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева :

poleshchuk_87.jpg

У Маладзечне пачаўся суд за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет. Рэпартаж

Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева абвінавачваюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту. Санкцыя ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, па якім абвінавачваюць маладзечанцаў, прадугледжвае абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. У дачыненні да Пяскова і Еўсцігнеева пасля іх трохсутачнага затрымання па гэтай крымінальнай справе былі абраныя меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Крымінальную справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук.

Узяты пад варту маладзечанец, якога судзяць за патасоўку з сілавікамі, дзе АМАПавец дастаў пісталет

18 верасня, на трэці дзень судовага разгляду ў Маладзечанскім судзе крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту) была змененая мера стрымання аднаму з абвінавачаных — Паўлу Пяскову — з хатняга арышту на заключэнне пад варту. Такое рашэнне было ініцыяванае начальнікам Маладзечанскага РАУС праз дзяржабвінаваўцу па прычыне таго, што нібыта Пяскоў збіраецца з'ехаць за межы тэрыторыі Беларусі. Паўла Пяскова затрымалі прама ў зале суда.

 "Трэба было спыніць гэты канфлікт". Што на судзе кажуць абвінавачаныя маладзечанцы па справе за патасоўку з АМАПаўцамі

На чацвёрты дзень судовага разгляду крымінальнай справы маладзечанцаў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаным з ужываннем гвалту), заслухоўваюць паказанні абвінавачаных. У першы дзень суда Уладзіслаў Еўсцігнееў заявіў, што ён прызнае віну цалкам, а Павел Пяскоў – часткова.

Маладзечанцаў, якія адбівалі затрыманага ў сілавікоў на акцыі, пракурор просіць пазбавіць волі

У панядзелак, 28 верасня, у Маладзечне дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд пакараць Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева, якія абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку АМАПу, звязаным з ужываннем гвалту) за патасоўку з сілавікамі 19 чэрвеня, пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Latest news

Partnership

Membership