Больш за 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў Updated
Другога ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, "датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Але тым не менш, некалькі палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі. Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія трэцяга ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. Па інфармацыі "Вясны", частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.
Тое, што палітзняволены Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па амністыі, праваабаронцам пацвердзілі сваякі палітвязня. 67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымлівалі за кратамі больш за тры гады. Яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анказахворванне.
Інфармацыя пра іншых вызваленых правяраецца і ўдакладняецца.
Калі вам вядома пра людзей, якія выйшлі 3 ліпеня па амністыі і памілаванні, калі ласка, паведамляйце праваабаронцам.
Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка ў сваёй афіцыйнай прамове анансаваў вызваленне некаторых палітвязняў:
"Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як пішуць, нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах на такіх аддаленых, якія ламалі і разбурылі краіну ў 2020 годзе. Але гэта, сапраўды, цяжкахворыя. У асноўным, з ракавымі захворваннямі".
Дапаўняецца.