Мінімум 145 чалавек судзілі па крымінальных палітычных справах у траўні
На працягу траўня праваабаронцы ПЦ "Вясна" адзначалі працяг масавых палітычных рэпрэсій па крымінальных справах. Паводле звестак "Вясны" у траўні былі асуджаныя не менш за 145 чалавек, з якіх 31 — жанчыны, 114 — мужчыны. Акрамя гэтага, за мінулы месяц асудзілі не менш за шэсць сем'яў. На момант публікацыі матэрыялу праваабаронцам вядомыя падрабязнасці 39 крымінальных спраў. "Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.
Мінск і Брэсцкая вобласць — лідары па крымінальным пераследзе
Рэгіянальная структура пераследу па палітычна матываваных крымінальных справах у траўні выглядала наступным чынам:
- Мінск — 76 чалавек;
- Брэсцкая вобласць — 34 чалавекі;
- Гродзенская вобласць — 12 чалавек;
- Гомельская вобласць — 11 чалавек;
- Мінская вобласць — 8 чалавек;
- Магілёўская вобласць — 2 чалавекі;
- Віцебская вобласць — 2 чалавекі.
Завочныя суды
У траўні набірала абароты тэндэнцыя інтэнсіўнага выкарыстання працэдуры спецыяльнай вытворчасці судовай сістэмай у дачыненні да палітычных эмігрантаў. Месяц адзначыўся пачаткам самага масавага завочнага суда ў дачыненні да "аналітыкаў Святланы Ціханоўскай" і дарадцы дэмакратычнай лідаркі Франака Вячоркі.
У траўні судом Глыбоцкага раёна ў межах працэдуры завочнай вытворчасці слухалася справа ў дачыненні да Людмілы Барэйкі паводле артыкула аб "паклёпе". Мінскі гарадскі суд у межах гэтай жа працэдуры асудзіў выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова да 11 гадоў паводле артыкулаў аб "распальванні варожасці", "змовы з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" і "стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім".
Суд па справе Аляксандра Кулініча, які памёр у зняволенні
У дачыненні да Аляксандра Кулініча, памерлага за тыдзень да пачатку разгляду крымінальнай справы, 30 і 31 траўня адбылася судовае пасяджэнне ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Юрыст "Вясны" мяркуе, што слуханне скончылася вынясеннем пастановы паводле пункта 7 арт. 29 КПК, які ўтрымлівае падставу ў выглядзе спынення вытворчасці ў дачыненні да памерлага. З улікам усёй сітуацыі, звязанай з рэпрэсіямі, што праводзяцца беларускай судовай сістэмай, судом выносіўся абвінаваўчы прысуд згодна з правіламі ч. 3 арт. 468-24 КПК без прызначэння пакарання памерламу.
Разам з тым, па гэтай катэгорыі спраў істотна важным уяўляецца ўсталяванне вінаватасці памерлай асобы, пры гэтым адсутнасць эфектыўна працуючых нацыянальных механізмаў абароны правоў чалавека і парушэнне гарантый справядлівага судовага разбору па палітычна матываваных крымінальных справах (Аляксандр Кулініч быў адвольна пазбаўлены волі ў сувязі з выказваннем меркавання) пазбаўляе сваякоў памерлага па палітычна матываванай справе настойваць на невінаватасці іх блізкага.
Не менш за шэсць сямейных пар асудзілі за пратэсты
Беларускія ўлады па-ранейшаму рэпрэсуюць цэлыя сем'і ці групы сваякоў, ужываючы супраць іх крымінальны пераслед. У траўні праваабаронцы зафіксавалі не менш за шэсць такіх пар. Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Руслана Бадамшына да трох гадоў "хатняй хіміі" паводле "народнага" артыкула. Такую ж справу з інтэрвалам у тры тыдні суд Фрунзенскага раёна Мінска разгледзеў у дачыненні да Таццяны Бадамшынай.
Паўла і Уладзіміра Джэжораў суд Савецкага раёна Мінска асудзіў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле 342 артыкула КК. Суд Кастрычніцкага раёна Гродна асудзіў паводле артыкула аб удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, Арцёма і Аксану Станеўскіх да паўтара года "хіміі" і "хатняй хіміі" адпаведна. У судзе Дзяржынскага раёна разглядалася справа ў дачыненні да Аксаны і Андрэя Аўдзяйчукоў, абвінавачаных паводле "народнага" артыкула. У судзе Маскоўскага раёна Мінска слухалася справа паводле таго ж артыкула ў дачыненні да Аляксея ды Інгі Вераіціных.
У Гомельскім абласным судзе на працягу некалькіх месяцаў ішло слуханне справы ў дачыненні да Аляксея Чарнавусава, які абвінавачваецца ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім" і "незаконных дзеяннях у дачыненні да маёмасці пад вопісам або арыштам". У гэтым жа судзе слухалася справа ў дачыненні да Ігара Чарнавусава, якога спачатку судзілі ў складзе групы фігурантаў з трох чалавек, а затым яго абвінавачванні вылучылі ў асобную вытворчасць, і судзілі па артыкулах аб "распальванні варожасці", "паклёпе" і "абразе Лукашэнкі".
Паўторныя суды
У структуры крымінальнага пераследу па палітычных матывах штомесяц фіксуюцца выпадкі паўторнага і наступнага судовага пераследу грамадзян. Пры гэтым у траўні стала прыкметная вельмі негатыўная тэндэнцыя асуджэння ахвяр рэпрэсій паводле 411 артыкула КК ужо пасля таго, як яны былі асуджаныя па гэтым жа артыкуле раней. Паводле артыкула 411 КК паўторна пераследвалі Івана Вярбіцкага ды Сяргея Яфімава ў судзе Барысаўскага раёна.
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях
У судзе Хойніцкага раёна паводле артыкула 369 КК разглядалася справа ў дачыненні да Раісы Матвейчук. У судзе Пружанскага раёна слухалася справа Яўгена Рудзяка паводле артыкулаў пра "абразу Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады". Зусім нядаўна асуджаную да вялізнага тэрміну Аляксандру Каско ў судзе Ленінскага раёна Гродна судзілі па артыкулах аб "абразе прадстаўніка ўлады і суддзі". Працяглы па тэрмінах разгляду судовы працэс у дачыненні да Барыса Вітко скончыўся вынясеннем Брэсцкім абласным судом пакарання ў выглядзе сямі гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 300 базавых велічынь па артыкулах аб "распальванні варожасці", "паклёпе", "закліках да санкцый", "паклёпе на адрас Лукашэнкі" ды "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады". У судзе Крупскага раёна слухалася справа ў дачыненні да Васіля Дземідовіча паводле артыкулаў пра "абразу прадстаўніка ўлады і суддзі " — для палітвязня гэта ўжо восьмая крымінальная справа.
Пераслед за "дзеянні, скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі"
У структуры крымінальнага пераследу па палітычных матывах варта вылучыць тэндэнцыю, што намецілася, звязаную з інтэнсіфікацыяй разгляду справаў абласнымі ды Мінскім гарадскім судом у сувязі з тым, што праваахоўныя органы ў якасці інструмента рэпрэсій усё часцей выкарыстоўваюць для пераследу склады злачынстваў, прадугледжаны артыкулам 32 КК "злачынствы супраць дзяржавы". Гэта абумоўлена тым, што катэгорыя злачынстваў супраць дзяржавы згодна з ч. 1 арт. 268 КПК падсудныя толькі абласным ды Мінскаму гарадскому судам.
На працягу мая адбыўся рэзкі скачок разгляду судамі справаў, дзе ў абвінавачванні ў фігурантаў мелася ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Дыспазіцыю гэтага артыкула варта разглядаць выключна як рэпрэсіўны інструмент для ўціску любога альтэрнатыўнага пункту гледжання і, адпаведна, пераследу палітычных апанентаў.
З пункту гледжання нарматворчай тэхнікі, аб'ектыўны бок складу злачынства, які змяшчае фармулёўку ў выглядзе "...здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь..." не сумяшчальны з прынцыпам прававой дакладнасці, ды пакідае праваўжывальніку неабмежаваныя магчымасці для тлумачэння дзеянняў абвінавачанага самым шырокім чынам.
Шырокае ўжыванне на практыцы ў траўні атрымала менавіта частка 3 артыкула 361 КК, выключна ў сувязі з тым, што ў ёй замацаваная кваліфікуючая прыкмета ў выглядзе здзяйснення дзеянняў з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт – гэта значыць любое публічнае выказванне меркавання. Санкцыя ж гэтага артыкула менавіта паводле трэцяй часткі прадугледжвае толькі адзін від асноўнага віду пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад чатырох да дванаццаці гадоў.
Такім чынам, наяўнасць гэтага артыкула ў Крымінальным кодэксе выключае любыя адкрытыя праявы дзейнасці грамадзянскай супольнасці і палітычнай дыскусіі ўнутры Рэспублікі Беларусь і грубейшым чынам парушае стандарт свабоды выказвання меркавання, паколькі міжнародныя стандарты забараняюць пазбаўляць волі за рэалізацыю права на свабоднае выказванне меркавання.
Сведчаннем актыўнага выкарыстання ўладамі рэпрэсіўнага інструмента, закладзенага ў частцы 3 арт. 361 КК, з'яўляецца тое, што паводле яго ў траўні толькі вочна судзілі 13 чалавек, з якіх трох судзілі толькі па гэтым артыкуле, астатніх – у сукупнасці з іншымі артыкуламі. У Брэсцкім абласным судзе паводле ч. 3 арт. 361 КК у траўні судзілі Яўгена Пеляхатага і Барыса Вітко, Мінскі гарадскі суд разглядаў справы ў дачыненні да Андрэя Мірэйчыка, Уладзіміра Балабановіча, Уладзіміра Нікіціна, Наталлі Крук, Кацярыны Шаблінскай-Івановай, Дзмітрыя Цікунова, Юрыя Альховіка, Вадзіма Рушкевіча, Антона Казельскага і Андрэя Мартышова. Акрамя таго, гэты артыкул выкарыстоўваецца і ў межах працэдуры спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Францішка Вячоркі ды ставіцца ў віну шэрагу фігурантаў, што праходзяць па справе "аналітыкаў Святланы Ціханоўскай".