viasna on patreon

“Сваёй віны не прызнаю”: вынесены прысуд рэдактару “Рэгіянальнай газеты” Аляксандру Манцэвічу

2023 2023-11-03T10:43:00+0300 2023-11-03T13:58:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mantsevich_cover.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маладзечанскага раёна 3 лістапада вынесены абсурдны і жорсткі прысуд галоўнаму рэдактару "Рэгіянальнай газеты" і палітвязню Аляксандру Манцэвічу. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса.

Крымінальную справу вёў суддзя Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора — Аляксандр Марцінчык.

Палітзняволенага журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 года пасля ператрусу ў ягоным доме. Да суда ён быў змешчаны ў следчую турму №8 у Жодзіна.

Паводле следства, Аляксандр Манцэвіч, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта “распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады”.

 А ў артыкулах выдання, па меркаванні абвінавачання, "утрымлівалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фарміраванне ілжывых уяўленняў аб незахаванні ў Рэспубліцы правоў і свабод грамадзян".

Палітзняволены Аляксандр Манцэвіч — галоўны рэдактар "Рэгіянальнай газеты", вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Журналіста пачалі судзіць яшчэ 27 верасня. Але 12 кастрычніка суддзя Іршын прызначыў наступнае пасяджэнне ад на 23 кастрычніка. Магчыма, гэта звязана з перафарматаваннем абвінавачання Манцэвічу на іншы склад артыкула 369 Крымінальнага кодэкса.

У ходзе судовага працэсу да матэрыялаў справу былі далучаныя назвы і спасылкі  усіх публікацый, у якіх экспертыза знайшла “экстрэмізм”, а таксама пералічаныя шматлікія тг-каналы і інтэрнэт-рэсурсы, якія публікавалі інфармацыю "Рэгіянальнай газеты".

У сваім апошнім слове Аляксандр Манцэвіч казаў пра сваіх знакамітых продкаў, пра газету, якая сталася часткай ягонага жыцця, пра сваю грамадзянскую пазіцыю:

“Чую галасы продкаў, ніколі не здраджваў Бацькаушчыне. Я люблю мой народ і маю Беларусь. Знаходзячыся за кратамі, я не змог паставіць помнік бацьку на могілках да гадавіны. Я не летуценнік, але упэунены, што некалі з'явіцца вуліца імя “Рэгіянальнай газеты”, якая мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, жыла клопатамі чытачоў і пісала праўду… Няма ніякай маёй віны. Шкада, што я, як дзед, не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка не можа патлумачыць унуку, дзе знаходзіцца яго дзядуля. Але яму не будзе сорамна за дзеда. Шкада газэту, яка магла існаваць доўгія гады… Сваёй віны не прызнаю”.

У ходзе судовага пасяджэння 2 лістапада дзяржабвінаваўца запрасіў для журналіста пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на чатыры гады, а таксама вялікі штраф у памеры 400 базавых велічынь.

Суд прызнаў Манцэвіча вінаватым і пастанавіў пакараць вядомага журналіста пазбаўленнем волі тэрмінам на чатыры гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яму прысуджаны штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 800 рублёў.

У Маладэчна пачынаецца суд над галоўным рэдактарам "Рэгіянальнай газеты"

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем.

Latest news

Partnership

Membership