viasna on patreon

Палітвязня Вадзіма Гурмана, які мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, катуюць у горацкай калоніі

2023 2023-04-19T16:37:08+0300 2023-04-19T16:54:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gurman_rh11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24-гадовы Вадзім Гурман, асуджаны да трох з паловай гадоў калоніі, знаходзіцца ў горацкай калоніі № 9 з траўня 2021 года. Амаль за два гады знаходжання ў калоніі хлопец прайшоў праз цяжкія выпрабаванні: у яго пагаршаецца здароўе праз дрэнныя ўмовы ўтрымання і адмову ў аказанні медыцынскай дапамогі, а таксама праз збіццё супрацоўнікамі калоніі і рэгулярнымі "суткамі" ў ШІЗА. "Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра стан Вадзіма, і як супрацоўнікі калоніі збіваюць палітвязня і не аказваюць яму медыцынскай дапамогі.

Вадзім Гурман, фота rh.by
Вадзім Гурман, фота rh.by

Палітвязень у калоніі прызнаны "злосным парушальнікам рэжыму". Паводле інфармацыі ад былых вязняў, Вадзіма рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. У студзені мінулага года яго адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) тэрмінам на пяць месяцаў, дзе хлопец увесь час знаходзіўся адзін.

Але па вызваленні з ПКТ ціск не спыніўся. За апошнія некалькі месяцаў ён адбыў як мінімум 35 сутак у ШІЗА, 21 з якіх — бесперапынна. Апошнія 14 сутак яму прызначылі за адмову зняцца ў відэа для камісіі па памілаванню, падчас якога трэба было прызнаць сваю віну. Палітвязень прынцыпова адмовіўся, бо не лічыць сябе вінаватым.

Ад пераахаладжэння ў штрафным ізалятары ў Вадзіма нават здарылася брадзікардзія (стан сэрцавай цягліцы, калі частасць яе скарачэнняў складае меней за 60 удараў у хвіліну).

Былыя вязні распавядаюць, што хлопца перад Вялікдзень зноў змясцілі ў ПКТ тэрмінам на шэсць месяцаў, дзе будуць утрымліваць аднаго ўвесь час.

Таксама вядома, што супрацоўнікі калоніі некалькі дзён таму збівалі хлопца нагамі цягам шасці гадзінаў, а потым халоднай вадой прыводзілі яго ў пачуцці. Супрацоўнікі нават суправаджаюць Вадзіма ў калоніі, каб той не камунікаваў з іншымі вязнямі.

У зняволенні ў Гурмана вельмі пагоршылася здароўе. Яшчэ ў пачатку 2021 года маці Вадзіма патрабавала аказаць сыну неабходную медыцынсую дапамогу — у яго неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абследаванні: інакш да 30 год яму прагназавалі поўную слепату. З такім дыягназам любая фізічная нагрузка хуткімі тэмпамі паграшае ягоны зрок. Таму цяпер Вадзім амаль нічога не бачыць.

Палітвязню Вадзіму Гурману патрэбная медычная дапамога

У яго неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй: адно вока бачыць на 12%, другое — на 23%.

Акрамя гэтага, у лютым у яго выявілі пупочную кілу (выпінанне органаў унутранай паражніны праз пярэднюю сценку жывата з прычыны слабасці цягліц зоны пупочнага кольца). Але начальнік калоніі Сяргей Петраковіч адмовіў Вадзіму ў аперацыі па выдаленні кілы.

Таксама ў Вадзіма развіўся псарыяз і злезлі ўсе пазногці на нагах і руках.

Аднак, нягледзячы на сурёзныя праблемы са здароўем, Вадзім працягваў працаваць на леспрамзоне — разгружаў дрэва з вагонаў. Цяпер, падчас адбывання тэрміна ў ПКТ, працаваць ён не будзе. На гэты час, паводле ПУР, яму таксама забаронена атрымоўваць перадачы, мець званкі і спатканні з роднымі. 

Вадзім Гурман на акцыі пратэсту 9 жніўня. Фота rh.by
Вадзім Гурман на акцыі пратэсту 9 жніўня. Фота rh.by

Нагадаем, у лютым 2021-га ў судзе Маладзечанскага раёна суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня 2020 года Вадзім актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянерам.

На судзе палітвязень прызнаў віну па артыкуле 342 КК, але не па 364 КК. Ён распавёў, што пры затрыманні АМАПам, якое адбылося праз два дні 11 жніўня, яго і іншых білі і залілі газам твар. Затым моцнае збіццё працягнуліся ў двары РУУС. Па словах Гурмана, яму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.

Жыхара Маладзечна судзяць за ўдзел у акцыі 9 жніўня і заклікі да гвалту

Маладзечанца Вадзіма Гурмана абвінавачваюць у тым, што ён правакаваў натоўп на актыўныя дзеянні супраць міліцыі і ў пагрозах гвалтам міліцыянерам.


Падтрымайце Вадзіма лістамі салідарнасці, паштоўкамі і тэлеграмамі:

ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16

Вадзім Сяргеевіч Гурман

Latest news

Partnership

Membership