viasna on patreon

Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" Updated

2023 2023-03-03T13:30:00+0300 2023-03-28T13:57:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna_sud_prysud_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 3 сакавіка, суддзя Марына Запаснік абвесціла прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Яна прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за "фінансаванне пратэстаў" у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за "кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай". Яна прызначыла тэрміны вясноўцам ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы. Падчас прысуду іх рукі былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. Праваабаронцы не прызналі сваёй віны. Напярэдадні вынясення прысуду 21 міжнародная праваабарончая арганізацыя выступіла з заявай, у якой патрабавалі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні. За мяжой праходзяць акцыі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі. Нагадваем, за што пераследуюць нашых калегаў і коратка пераказваем судовы працэс над вясноўцамі, які цягнуўся два месяцы. 

Суд па
Суд па "справе Вясны", 3 сакавіка 2023 года

Якія тэрміны прызначылі праваабаронцам?

Суддзя Марына Запаснік прызначыла:

  • старшыні "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • праваабаронцы "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.

Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў), старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай". Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

На відэа, якое апублікавала "Белта", бачна, што залю запоўнілі маладымі хлопцамі ў цывільным. Верагодна, гэта курсанты Акадэміі МУС. Раней такая практыка была распаўсюджанай на адкрытых палітычных працэсах. Гэта робіцца, каб у залю не маглі патрапіць людзі, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.

Коратка пра судовы працэс

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня разглядае суддзя Марына Запаснік. Праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання". Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну аплаты штрафаў,  аплаты рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, аплаты працы адвакатаў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй Запаснік.

У матэрыялах справы 284 тамы – гэта рэкордная па аб'ёму палітычная справа. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце "Вясны" і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі "Вясны" па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) – незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. 

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні. Вось, што думаюць пра гэта палітзняволеныя вясноўцы:

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

Валянцін Стэфановіч на судзе

“Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.

Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары":

"Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію".

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям. 

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча.Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".

Пракурор Аляксандр Кароль прапанаваў пакараць праваабаронцаў на тэрміны ад 9 да 12 гадоў калоніі, а менавіта:

  • старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага – 12 гадоў калоніі;
  • намесніка старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча – 11 гадоў калоніі;
  • каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча – 9 гадоў калоніі;
  • праваабаронцы "Вясны" Дзмітрыя Салаўёва – 10 гадоў калоніі завочна.

Інтарэсы Дзмітрыя Салаёўва на судзе прадстаўлялі прызначаныя следствам адвакаткі, з якімі ён нават не знаёмы. Вось тут можна пачытаць выступ адной з іх падчас судовых спрэчак.

13 лютага палітзняволеныя праваабаронцы "Вясны" выступілі з моцнымі апошнімі словамі на беларускай мове. Алесь Бяляцкі яшчэ раз акцэнтаваў увагу на палітычны пераслед праваабаронцаў і пакінуў у сваёй прамове паведамленне да нашага грамадства і ўладаў:

"Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў "Вясны" — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст. <...>

Пра палітычную падаплёку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў "Вясны" сведчыць і агульная сітуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэннямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадства падчас і пасля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Замест таго, каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі. <...>

Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з'яўляюцца ў СІЗА. <...>

Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. <...>

Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць".

"Калі пракурор запрасіў 12 гадоў, на твары Алеся не праскочыла ніводнай эмоцыі". Партрэт Алеся Бяляцкага на судзе

Адзін са слухачоў працэсу пагадзіўся ананімна падзяліцца сваімі назіраннямі. Публікуем яго маналог пра партрэт Алеся Бяляцкага.

Валянцін Стэфановіч таксама падкрэсліў палітычны матыў гэтай справы і выказаў сваё стаўленне да абвінавачвання:

"Я, канешне, не маю ніякіх ілюзій адносна гэтага прысуду і спадзявацца на справядлівае судовае разбіральніцтва ва ўмовах, калі ўся краіна вяртаецца фактычна да нашага "светлага" мінулага — да камуністычнага таталітарызму. Тут, канешне, не ўгадаю, наколькі ў такіх сітуацыях судовая сістэма не з'яўляецца незалежнай, а пасля жніўня 2020 года знаходзіцца проста ў дэградаваным становішчы. Гэтак званыя наглядныя органы законнасці цяпер жывуць па прынцыпу "иногда не до законов". <...>

Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай. Гэты пераслед з'яўляецца выключна палітычна матываваным. Але дзейнасць "Вясны" гэта ніякім чынам не спыніць. Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна".

Уладзь Лабковіч у апошнім слове ўзгадаў сваю сям'ю: 

Уладзь Лабковіч на судзе
Уладзь Лабковіч на судзе

"Я ўспрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста да мяне, як непераадольны. І на дадзены момант усе мае думкі цяпер з маёй сям'ёй: з маёй маці, дзецьмі, якіх завуць Адэля, Адам і Ян, з маёй жонкай Нінай, якая прайшла праз вялікія выпрабаванні за ўвесь гэты час".

"Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!" Праваабаронцы "Вясны" выступілі на судзе з апошнімі словамі

Публікуем апошнія словы на судзе нашых калегаў — у аўдыё і тэкставай версіях, а таксама працягваем патрабаваць іх вызвалення.

Напярэдадні вынясення прысуду міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія падпісалі заяву, паўтарылі свае заклікі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні.

Увечары 2 сакавіка ў польскіх гарадах Варшава і Гданьск адбыліся акцыі салідарнасці з вясноўцамі.

Раніцай 3 сакавіка сустаршыня расійскага "Мемарыяла", які хацеў прыляцець у Мінск на суд па справе "Вясны", у аэрапорце на пасадцы дазнаўся пра забарону ўезду ў Беларусь.

"Злачынствы пажадана здзяйсняць без сведкаў. Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца сёння здзейсніць злачынства — вынесці жорсткі, несправядлівы абвінаваўчы прысуд маім калегам-праваабаронцам і сябрам з цэнтра “Вясна”. За што? Выключна за іхную праваабарончую працу", — пракаментаваў Арлоў.

Пад вартай праваабаронцы "Вясны" ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу


Чытаць пра суд:

"Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў

"Вясна" распавядае, як праходзіў допыт калегаў на судзе.

Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы

Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" скончылася — агучаны ўсе 284 тамы. Распавядаем, што змяшчаецца ў пісьмовых матэрыялах справы.

Падтрымайце праваабаронцаў "Вясны" ў дзень абвяшчэння прысуду

Мы заклікаем падтрымаць палітзняволеных праваабаронцаў і выказаць ім сваю салідарнасць у гэты дзень усімі даступнымі спосабамі.

Latest news

Partnership

Membership