viasna on patreon

Падтрымліваў дзяржабвінавачванне па справах "37", палітвязня Урада: што вядома пра пракурора па "справе змоўшчыкаў"

2022 2022-08-11T14:10:03+0300 2022-08-11T15:00:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kavaleu_89.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд з 29 ліпеня ў выязным пасяджэнні працягвае разгляд "справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Фігурантамі гэтай справы праходзяць палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Кавалёў. "Вясна" распавядае, што вядома пра пракурора па гэтай гучнай справе.

Пракурор Міхаіл Кавалёў
Пракурор Міхаіл Кавалёў

Справа палітзняволенага Дзяніса Урада

Інфармацыі пра пракурора Міхаіла Кавалёва ў адкрытых крыніц няшмат. Але вядома, што ён выступаў дзяржабвінаваўцам па двух гучных справах — "наркатычнай" і "палітычнай". Так, Кавалёў падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачванне супраць 30-гадовага палітзняволенага спецсувязіста Генштаба Узброеных Сіл Дзяніса Урада, асуджанага да 18 гадоў калоніі. Дзяніс быў затрыманы 15 сакавіка 2021 года. Паводле інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны пра ўцягванне вайскоўцаў Узброеных Сіл у дзейнасць па падтрымцы правапарадку і "адправіў польскаму тэлеграм-каналу". Верагодна, гаворка ідзе пра прызнаны ўладамі экстрэмісцкім тэлеграм-канал Nexta. У лісце міністр унутраных спраў прасіў накіраваць 50 вайскоўцаў "для аховы аб'ектаў, якія належаць дзяржаўнай ахове і забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і функцыянаванне транспарту, і аб'ектаў, што ўяўляюць падвышаную небяспеку для жыцця і здароўя людзей" у вёсцы Бараўляны і Копішча Мінскага раёна, дзе насамрэч былі сканцэнтраваны ачагі мірнай пратэснай актыўнасці грамадзян.

14 траўня 2021 года з паведамлення Генеральнай пракуратуры стала вядома, што Вярхоўны суд асудзіў Дзяніса Урада паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца) да 18 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама пастановай Вярхоўнага суда яго пазбавілі звання капітана.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Але пасля суда ў дзяржаўных медыя з'явіліся каментары дзяржаўнага абвінаваўцы па справе Міхаіла Кавалёва: 

Пракурор Міхаіл Кавалёў
Пракурор Міхаіл Кавалёў

"Дзеянне Урада, выказанае ў форме выдачы дзяржаўных сакрэтаў, а таксама іншым аказанні дапамогі замежным арганізацыям і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, прычынілі істотную шкоду нацыянальным інтарэсам. З улікам высокай грамадскай небяспекі зробленага Ураду прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на тэрмін 18 гадоў без штрафу".

Прысуд набыў моц з моманту абвяшчэння, абскарджанню, апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягаў.

Тэрмін Дзяніс адбывае ў наваполацкай калоніі №1. Але праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што 22 жніўня адбудзецца разгляд справы аб пераводзе палітзняволенага ў іншую папраўчую ўстанову і змене рэжыму. Па рашэнні суддзі Вольгі Баліка яго могуць перавесці на турэмны рэжым.

"Справа трыццаці сямі" 

Зала ў СІЗА-1, дзе праходзіў суд на 37 абвінавачанымі
Зала ў СІЗА-1, дзе праходзіў суд на 37 абвінавачанымі

У 2019 годзе пракурор Міхаіл Кавалёў выступаў дзяржаўным абвінаваўцам па рэзананснай справе аб наркагандлі з 37 абвінавачанымі. "Справа трыццаці сямі" — адзін з самых масавых працэсаў за апошні час. Следства па справе цягнулася амаль тры гады. Усе абвінавачваліся ў незаконным абароце наркатычных сродкаў і ў стварэнні і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі.Тады пасяджэнне вырашана было правесці наўпрост у мінскім СІЗА № 1, таму што ні ў адным будынку суда не знайшлося залы, здольнага змясціць такую вялікую колькасць удзельнікаў судовага працэсу. Па запыту пракурора фігурантам справы па былі прызначаныя тэрміны да 14 гадоў калоніі.

29 студзеня 2021 года стала вядома, што ў карцары папраўчай калоніі № 1 Наваполацка знойдзены мёртвым фігурант "справы 37-мі" Андрэй Дубік, асуджаны да адзінаццаці з паловай гады. Абураныя прыхільнікі рэпера могуць не ведаць, што ў калонію Дубік трапіў пасля затрымання з 0,044 г марыхуаны. Пры затрыманні Арцёма збілі. Яго сваякі пішуць, што заўсёды падтрымлівалі яго псіхалагічна:

"Адказаў на лісты не было з 8 студзеня, ён знаходзіўся ў карцары. Сёння [29 студзеня 2021 года] раніцай патэлефанавалі і паведамілі пра тое, што павесіўся. Скардзіўся толькі на псіхалагічны ціск з боку адміністрацыі. У лістах пісаў, што маральна дрэнна сябе адчуваў, але стараўся трымацца".

Latest news

Partnership

Membership