Неўзабаве пасля “Маршу недармаедаў” у Мінску распачаліся затрыманні Фото Видео Дополнено
Грамадзянскія назіральнікі і карыстальнікі сацыяльных сетак паведамляюць пра затрыманні актывістаў анархісцкага руху, якія спрабавалі з'ехаць ад месца заканчэння "Маршу недармаедаў" у Мінску.
Адразу пасля завяршэння акцыі, калі яе ўдзельнікі пачалі разыходзіцца з пляцоўкі каля рэстарана McDonald's, анархісты прасілі людзей правесці іх да прыпынку грамадскага транспарту, каб яны маглі пазбегнуць затрыманняў. Іх пасадзілі ў тралейбус. Тым часам праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які там знаходзіўся, чуў, як людзі ў цывільным пачалі перамаўляцца па рацыі наконт маршрута тралейбуса, на якім з'ехалі актывісты.
На відэа людзі дапамагаюць актывістам сесці ў тралейбус:
Відавочна, што праехаць ім давялося няшмат.
У хуткім часе ў сацыяльных сетках з'явіліся паведамленні, што на прыпынку насупраць казіно "Белая вежа" па вуліцы Максіма Багдановіча людзі ў цывільным пачалі ўрывацца ў тралейбус і "скруцілі" дзяўчыну з барабанам, білі яе падчас затрымання.
У іншым паведамленні відавочцы напісалі, што сталі сведкамі затрымання актывістаў з двух тралейбусаў на гэтым прыпынку. На відэа - тралейбус пасля затрымання:
Падчас затрыманняў у салоне тралейбуса людзі ў цывільным распылялі слёзацечны газ, ад чаго пацярпелі звычайныя пасажыры.
Колькасць і імёны затрыманых назіральнікі і праваабаронцы высвятляюць.
Сярод затрыманых - дзяўчыны, чые імёны вядомыя: Елізавета Пракопчык, Марына Дубіна, Алена Дубовік. Меркавалі, што яны дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна, але там гэтую інфармацыю не пацвердзілі. Пазней высветлілася, што Елізавета Пракопчык і Марына Дубіна знаходзяцца ў РУУС Першамайскага раёна, а Алена Дубовік - у РУУС Цэнтральнага раёна. Там, па інфармацыі ад затрыманага актывіста Пятра Маркелава, усяго 30 - 35 удзельнікаў акцыі, але іншыя крыніцы гэтую лічбу не пацвярджаюць.
Назіральнікі, якія дзяжураць пад РУУСам, чулі інфармацыю пра 16 затрыманых.
Прыблізна ў 20:35 да РУУСа Цэнтральнага раёна пад'ехала машына "хуткай дапамогі". Верагодна, камусьці з затрыманых стала дрэнна. Маці адной з іх паведаміла, што дзяўчын моцна збівалі. Ад яе стала вядома імя яшчэ адной дзяўчыны, што знаходзіцца ў РУУСе, - Юлія Філіпава.
Апроч таго, высветлены імёны наступных затрыманых: Алег Аўдзеенка, Анастасія Ранько, Аляксандр Скурыдзін, Юрый Пішчулін, Ілля Міраненка, Станіслаў Русакоў, Ян Мурашка (непаўнагадовы, якога адпусцілі з Цэнтральнага РУУСу пасля складання пратаколаў па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП), Яўген Жураўскі.
Па інфармацыі ад Яна Мурашкі, у Цэнтральным РУУСе сярод затрыманых - двое непаўнагадовыя, чатыры дзяўчыны, усіх білі пры затрыманні і пасля яшчэ "дадалі" ў пастарунку.
Таксама да назіральнікаў паступаюць паведамленні пра людзей, якія не вярнуліся дадому з акцыі: Сінкавец Аляксандр, Немік Алена, Яновіч Святаслаў.
Стала вядома, што было затрымана 11 чалавек яшчэ да мітынгу каля метро і ў самім метро і дастаўленыя ў Першамайскі РУУС.
Таксама быў затрыманя Арсеній Канаплёў, які пайшоў на марш адзін і не вярнуўся, бацькі высветлілі, што ён на Акрэсціна.