viasna on patreon

Палітзняволеную Дар'ю Лосік асудзілі да 2 гадоў калоніі

2023 2023-01-19T12:38:18+0300 2023-01-19T14:39:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/losik10.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсцкім абласным судзе 19 студзеня суддзя Мікалай Грыгаровіч агучыў прысуд Дар‘і Лосік: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі і запрашвала пракурорка Кацярына Пакала. Дар'ю абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу "Белсат" вясной 2022 году. Муж Дар'і Ігар Лосік адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі, а чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.

Дар'я Лосік з дачкой Паўлінай. Фота: Наша Ніва
Дар'я Лосік з дачкой Паўлінай. Фота: Наша Ніва

Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка пасля ператрусу ў кватэры. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Дар‘і далі патэлефанаваць бацькам, маці дзяўчыны хутка прыехала на месца, але яе нават не пусцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку аб тым, што быў праведзены ператрус. Да суда палітзняволеную ўтрымлівалі тры месяцы ў брэсцкім СІЗА-7.

Лосік абвінавацілі паводле ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Паводле матэрыялаў справы Дар'я дала інтэрв'ю "Белсат", які ад 3 лістапада 2021 года быў прызнаны ўладамі "экстрэмісцкім фармаваннем". У інтэрв'ю Дар'я нібыта "пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня, а таксама дала асабістую негатыўную адзнаку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесена ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад".  

На першым судовым пасяджэнні пракурорка Кацярына Пакала запрасіла для Дар'і два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму — менавіта столькі і прызначыў 19 студзеня суддзя Мікалай Грыгаровіч. На судзе Лосік цалкам прызнала віну.

Што адбывалася на першым працэсе:

"Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам". Як праходзіў суд?

"Вясна" распавядае ў чым абвінавачваюць Дар'ю Лосік і як улады пераследуюць сям'ю палітвязняў ужо два з паловай гады.


Адрас для падтрымкі Дар'і: СІЗА-7, 224030, Брэст, Савецкіх памежнікаў, 37 

Дар'і Аляксандраўне Лосік

Адрас для падтрымкі Ігара: ПК № 1, 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8

Ігару Аляксандравічу Лосіку

Последние новости

Партнёрство

Членство