viasna on patreon

Сем гадоў калоніі за "зліў дадзеных" прызначылі экс-следчаму, які адмовіўся весці справу збітага пратэстоўца і звольніўся на знак пратэсту 

2022 2022-12-02T18:22:42+0300 2022-12-02T19:35:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/starazhenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 2 снежня агучылі прысуд палітзняволенаму былому следчаму Мікіту Старажэнку — сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. З 2017 года Мікіта працаваў следчым у райаддзеле сталічнага Следчага камітэту. Са словаў былога сукамерніка палітвязня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца (верагодна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта звольніўся са следчых органаў. Яго абвінавацілі ў "зліве" кантактаў сілавікоў "пратэсным каналам" (верагодна, яго судзілі па сумнавядомай "справе ЧКБ") паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і паводле ч. 1 арт. 179 КК (незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці). Былы сукамернік Старажэнкі з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна распавёў "Вясне", што былога следчага даставілі туды моцна збітым. 

Мікіта Старажэнка

З 2017 года Мікіта Старажэнка працаваў у Следчым камітэце: следчым у Партызанскім райаддзеле сталічнага СК. Ён звольніўся са следчых органаў пасля прэзідэнцкіх выбараў і паведаміў пра гэта 17 жніўня 2020 года на сваёй старонцы ў Instagram:

"Да сённяшняга дня я быў супрацоўнікам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Апошнім часам у маю галаву пачалі закрадацца сумневы: ці служу я народу або не? Я прыйшоў да высновы, што не. Я спрабаваў звольніцца яшчэ да выбараў Прэзідэнта, але атрымаў адмову.

Звальняцца было цяжка, разумеючы, што чакае вялізная пазыка за навучанне і ёсць сям'я, але выконваць тое, што супярэчыць сумленню, яшчэ цяжэй. Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснуты рамкамі загадаў і абавязкаў перад дзяржавай. Калегі, калі чытаеце гэта, адкажыце сабе на адно пытанне: ці зможаце Вы сказаць "Гонар маю". Я змог, маё сумленне чыстае".

Пасля звальнення 28-гадовы Мікіта працаваў юрыстам. На сваёй старонцы ў Instagram ён прапаноўваў бясплатную юрыдычную дапамогу "ў сувязі з сітуацыяй, што склалася ў нашай краіне".

4 траўня 2021 года Старажэнка, як і іншыя, якія звольніліся ў знак пратэсту сілавікі, быў пазбаўлены Лукашэнкам звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу. 

Палітзняволены Мікіта Старажэнка быў брутальна затрыманы 1 лютага 2022 года ў Мінску ў гандлёвым цэнтры. На відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, ён кажа, што перадаў кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і намесніка начальніка СК па Мінску аднаму з “пратэсных тэлеграм-каналаў”.

На відэа, якое апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, Мікіта Старажэнка выглядае вельмі напалоханым, а на твары былі бачныя пашкоджанні. Яго сапраўды збівалі пасля затрымання — гэта "Вясне" пацвердзіў ягоны сукамернік.

"Калі Мікіта прыйшоў у камеру, то быў вельмі напалоханы, таму што яго пужалі тым, што адправяць у камеру да "пеўняў" і дзе яго будуць збіваць. Пужалі, што праз тое, што працаваў следчым, адправяць яго да "мацёрых". Мы калі ўбачылі, што ён збіты, зразумелі, што ён ніякі не падстаўны. Мы разумелі, што адчувае чалавек у такія хвіліны, таму асцярожна сябе з ім паводзілі. Яго напужалі 12-гадовым тэрмінам.

Ён быў увесь сінім: ад канца пазваночніка і амаль да пятак. У яго былі нават не сінія, а цёмна-фіялетавыя ногі. На твары і на галаве былі ранкі, сляды ад кайданкоў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для смецця на галаву і білі па вядры, каб слядоў збіцця не заставалася. Але ўсё адно ў яго было рассячэнне на носе, каля вуха была вялікая ранка. Відаць, па носе яму патрапіла нармальна, таму што ён яшчэ і чырвоны быў. Таксама ў яго былі апухлыя вусны, сіняк на падбародку.

Працаваў ГУБАЗ. Яны наогул любяць больш за ўсё збіваць айцішнікаў і тых, хто "злівае" інфармацыю".

Сукамернік Старажэнкі таксама стаў сведкам гутаркі Мікіты з начальнікам ІЧУ на Акрэсціна, падчас якой былы следчы распавёў пра прычыны свайго звальнення са следчых органаў. Як расказвае былы арыштант, начальнік ІЧУ спрабаваў яго напалохаць. Тады Мікіта яму выказаўся ў адказ: 

"Паводле яго слоў, пасля выбараў яго прызначылі расследаваць справу 16-гадовага хлопца. Мікіта паехаў да яго ў лякарню і ўбачыў, што на ім няма жывога месца. Пасля гэтага ў следчага "ўсё перавярнулася" і ён звольніўся са следчых органаў".

«Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву», — сукамернік пра затрыманага экс-следчага Старажэнку

Сукамернік Мікіты, які ўтрымліваўся з ім у карцары ІЧУ Акрэсціна, распавёў «Вясне» пра тое, што даставілі былога следчага туды моцна збітым.

У чым абвінавацілі былога следчага?

Паводле версіі абвінавачвання, што Старажэнка не пазней за жнівень 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча, "дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы, незаконна сабраў з розных крыніц персанальныя дадзеныя і іншую інфармацыю аб прафесійнай дзейнасці звыш 16 тысяч службовых асоб дзяржаўных органаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, суддзяў і ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь".

"Пасля, з мэтай ўзбуджэння сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці абвінавачаны нібыта размясціў персанальныя дадзеныя і іншую інфармацыю аб прафесійнай дзейнасці больш за 300 суддзяў на адным з дэструктыўных інфармацыйных рэсурсаў для агляду нявызначанаму колу асоб. Пры гэтым ён прадставіў доступ да звестак, у тым ліку ў дачыненні да 9 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, членам групы, якая адміністравала іншыя дэструктыўныя Telegram-каналы", — гаворыцца ў абвінавачванні.

Суд распачаўся 15 лістапада і праходзіў у адкрытым рэжыме. Пракурор запрасіў у суда сем гадоў зняволення для былога следчага. Рашэння суддзя Анжэла Касцюкевіч мусіла агучыць 21 лістапада, але замест гэтага аднавіла судовае следства (прычыны праваабаронцам невядомыя). У выніку 2 снежня пасля двух судовых пасяджэнняў Старажэнку прызначылі такі тэрмін, які і запрашваў пракурор — сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яго абавязалі выплаціць пяць тысяч рублёў маральнай кампенсацыі супрацоўнікам, дадзеныя якіх паводле абвінавачвання ён "зліў". 

Падтрымаць палітвязня пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Мікіта Ігаравіч Старажэнка

Последние новости

Партнёрство

Членство