viasna on patreon

Украінцаў асудзілі як "дыверсантаў СБУ": бацьку і сыну прызначылі па 20 гадоў калоніі

2024 2024-10-23T15:53:49+0300 2024-10-23T15:53:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kabarchyki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 кастрычніка 2024 году ў Гомельскім абласным судзе абвясцілі прысуд Сяргею і Паўлу Кабарчукам — бацьку і сыну.  Кожнаму з іх прызначанае пакаранне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўлення волі у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу 700 базавых велічыняў кожнаму — 28 тысяч рублёў.

Праўладныя крыніцы назвалі іх "дыверсантамі СБУ". Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць), ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).

Працэс вёў суддзя Яўген Шаршнёў.

Нагадаем, 15 лютага ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Пазней КДБ адчыталася пра затрыманне «тэрарыстаў», нібыта адпраўленых СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і РФ. Прапагандысты тады назвалі імёны трох затрыманых: украінцы Сяргей Кабарчук, Павел Кабарчук і жыхар Брэста Віталь Уласюк

Праўладныя СМІ распавядаюць, што пры іх былі выяўленыя выбуховыя прылады і іншыя сродкі паражэння. Сяргей Кабарчук 1963 года нараджэння з Ковельскага раёна Валынскай вобласці па мянушцы "Батлер" раней нібыта быў супрацоўнікам дзяржаўнай пагранслужбы Украіны. Аднак пасля звальнення разам з сынамі Багданам 1997 года нараджэння і Паўлам 1993 года нараджэння нібыта займаўся кантрабандай. 

КДБ нібыта выявіў, што выбуховыя прылады прызначаліся для здзяйснення "тэрактаў" на тэрыторыі Расіі і Беларусі, а закід дыверсійна-разведвальнай групы ў Беларусь праз мяжу нібыта быў арганізаваны Службай бяспекі Украіны.

Latest news

Partnership

Membership