viasna on patreon

Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю

2024 2024-08-27T13:25:00+0300 2024-08-27T16:41:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zheneva-kamitet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камітэт па правах людзей з інваліднасцю разгледзеў у Жэневе даклад уладаў Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Чальцы Камітэту звярнулі ўвагу на дамінаванне ў Беларусі медычнага, а не праваабарончага падыходу, на закрыццё НДА і не ўцягнутасць жанчын з інваліднасцю ў працэсы, на стэрэатыпізаванне людзей з інваліднасцю ў СМІ, на перасоўванне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь у выніку вайны ва Украіне, на бежанцаў на мяжы Беларусі з ЕС і на тое, чаму дыпмісіі не падаўжаюць пашпарты беларусам за мяжой. Таксама Камітэт адзначыў, што пазбаўленне дзеяздольнасці ў Беларусі супярэчыць Канвенцыі, прымусовае псіхіятрычнае лекаванне парушае адразу тры артыкулы Канвенцыі, умовы ў беларускіх турмах не прыстасаваныя для асобаў з інваліднасцю, а многія прадстаўнікі грамадскіх арганізацый не змаглі прыехаць на пасяджэнне ў тым ліку і таму, што знаходзяцца ў зняволенні. У сваю чаргу прадстаўнікі дэлегацыі Беларусі (куды ўваходзілі беларускія чыноўнікі) заявілі, што Амбудсмен для Беларусі неактуальны, выпадкаў адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыям па правах людзей з інваліднасцю ў Беларусі не было, пра двух памерлых у турмах людзей з інваліднасцю ім нічога не вядома, людзі за выказванне сваіх меркаванняў і перакананняў у Беларусі не пераследуюцца, катаванні ў краіне не ўжываліся, усе скаргі па катаваннях былі расследаваныя Следчым камітэтам, а свае правы наўпрост можна адстаяць праз Качанаву.

"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам — і пра тое, якія адказы на іх былі атрыманыя.

zheneva-kamitet.jpg
На пасяджэнні беларускай дэлегацыі ў Жэневе

Агулам беларускую дэлегацыю прадстаўлялі 11 чалавек. На чале дэлегацыі — прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марына Арцёменка. У сваім дакладзе яна спынілася на асноўных выніках рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі, якімі яны бачацца для беларускіх уладаў:

"Сфармаваная комплексная заканадаўчая база па правах інвалідаў. У 2022 годзе праведзена маштабная канстытуцыйная рэформа, падтрыманая на ўсенародным рэферэндуме. У абноўленай Канстытуцыі ў асобным артыкуле замацаваныя прынцыпы раўнапраўя і недыскрымінацыі інвалідаў... З 2023 года набыў моц Закон "Аб правах інвалідаў ды іх сацыяльнай інтэграцыі", які ўвёў забарону дыскрымінацыі паводле прыкметы інваліднасці, а таксама вызначыў, якія выключэнні і абмежаванні не варта разглядаць як дыскрымінацыю[...]", — распавяла ў сваім выступе Арцёменка.

maryna_artsiomeka.png
Марына Арцёменка. Скрыншот: 31st Session, Committee on the Rights of Persons with Disabilitie, un.org

Падыход не праваабарончы, а выключна медычны

Каардынатар Камітэта мэтавай групы па Беларусі Мухамад Аль-Азі ў сваім уступным слове адзначыў, што ў Беларусі праходзіла "ўражваючая заканадаўчая рэформа аб правах людзей з інваліднасцю", аднак у краіне пераважае чыста медычны падыход да вызначэння інваліднасці, чым праваабарончы.

"Вельмі ўражваюць вашы законы аб правах людзей з інваліднасцю, прынятыя ў 2022 годзе, аб тым, як інтэграваць людзей з інваліднасцю ў грамадства, – сказаў Аль Азі. – І ў пачатку самога Закона фігуруе дэфініцыя, яна адпавядае Канвенцыі. Але пытанне: чаму дэфініцыя на практыцы абясцэньваецца тым, што чыста медыкаментозны механізм ужываецца для таго, каб "класіфікаваць тып інваліднасці", і робіцца гэта камісіяй медыкаў, [якая] класіфікуе людзей з інваліднасцю. І вось хоць у вас дзейнічае такая вось дэфініцыя ў новым Законе, вы ўсё ж, па-ранейшаму, ужываеце такі механізм імплементацыі для таго, каб праводзіць у жыццё гэтую дэфініцыю".

muhhamad-al-azzi.png
Мухамад Аль-Азі. Скрыншот: 31st Session, Committee on the Rights of Persons with Disabilitie, un.org

"Мы цяпер адыходзім ад медычнай мадэлі вызначэння інваліднасці, і трэба адзначыць, што ў нас гэта медыка-сацыяльны падыход, заснаваны не толькі на дыягназе, але і на ўсіх патрэбах чалавека, якія ацэньваюцца непасрэдна экспертна-рэабілітацыйнай камісіяй", – запэўніла Марына Арцёменка.

Гэтыя словы пацвердзіў эксперт у сферы аховы здароўя Васіль Смычок: ён спаслаўся на Міжнародную класіфікацыю функцыянавання абмежавання жыццядзейнасці і здароўя – яна вельмі шырока ўкараняецца ва ўсіх установах Беларусі.

"У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае не медычны, заснаваны на дыягназе, анамаліі або хваробе падыход да вызначэння інваліднасці, а так званы бія- псіха- сацыяльны, прасцей сказаць "медыка-сацыяльны" падыход, заснаваны на індывідуальным падыходзе. Медыка-сацыяльная мадэль устанаўлення інваліднасці з'яўляецца асновай міжнароднай класіфікацыі функцыянавання, асноўныя палажэнні якой актыўна ўкараняюцца сёння ў нашай краіне", – сказаў Смычок.

"Мне падаецца, прагрэсіўнае вызначэнне ў вашым законе заслугоўвае лепшага механізму, лепшага працэсу ажыццяўлення, з улікам перш за ўсё вядома ж меркавання лекара, медперсаналу – гэта не адзінае меркаванне. Чалавек мусіць сам мець права браць удзел у гэтым працэсе", – адзначыў Аль Азі.

"Розныя ступені інваліднасці не адносяцца да сферы канвенцыі, таму што праваабарончы падыход прадугледжвае ўдзел у жыцці грамадства", – пракаментавалі іншыя прадстаўнікі Камітэта.

vasil_smychek.png
Васіль Смычок. Скрыншот: 31st Session, Committee on the Rights of Persons with Disabilitie, un.org

"Адносна ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў, то вось мне, напрыклад, такія выпадкі невядомыя"

Паводле інфармацыі, атрыманай Камітэтам, 500 няўрадавых арганізацый у Беларусі былі зачыненыя з розных нагодаў. Таму Камітэт задаў пытанне: як можна дамагчыся паўнавартаснага ўдзелу і захавання правоў у Беларусі ў такой сітуацыі, калі няўрадавыя арганізацыі зачыняюцца?

"Раскажыце, колькі арганізацый лічацца арганізацыямі, што абараняюць правы людзей з інваліднасцю або якія дзейнічаюць у гэтай галіне, і колькі з іх было ліквідавана да 2023 года з гэтага агульнага ліку?", – дадаў Камітэт.

На пытанне паспрабавала адказаць прадстаўніца Міністэрства юстыцыі Беларусі Алена Кірычэнка:

"Адносна ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў, якія вы, напэўна, маеце на ўвазе, то ўсе яны не былі звязаныя з тым, што гэта былі грамадскія аб'яднанні менавіта інвалідаў. Яны калі і былі ліквідаваныя, то былі ліквідаваныя за парушэнне заканадаўства. У заканадаўстве аб грамадскіх аб'яднаннях выразна прапісана, за што можа быць ліквідавана грамадскае аб'яднанне, а ўсе яны былі ліквідаваныя ў судовым парадку. Разам з тым у іх заставалася магчымасць абскарджання гэтых рашэнняў у вышэйстаячы суд, і вось хацелася б таксама адзначыць, што на сённяшні дзень нават у рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў і ў міжнародных з'явілася магчымасць абскарджання ў Вярхоўны суд".

alena-kirychenka.png
Алена Кірычэнка. Скрыншот: 31st Session, Committee on the Rights of Persons with Disabilitie, un.org

"Але само стварэнне грамадскага аб'яднання і яго дзейнасць – гэта, скажам так, такі працэс не канчатковы. Грамадскія аб'яднанні ствараюцца, але на працягу нейкага пэўнага часу яны бачаць, што ўжо яны дасягнулі нейкай сваёй мэты, таму па сутнасці яны спыняюць самі дзейнасць, але я б хацела звярнуць увагу, што падчас судовых працэсаў – ну я не кажу пра грамадскія аб'яднанні інвалідаў, а наогул – тыя, што не ажыццяўлялі дзейнасці, да нас на працэсы нават не прыходзілі з боку адказчыка, яны нават самі прасілі рэгіструючыя органы падаць іскавыя заявы ў суд аб ліквідацыі, паколькі па сутнасці яны спынілі сваю дзейнасць яшчэ да іскавых заяў у суды. А адносна ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў, то вось мне, напрыклад, такія выпадкі невядомыя", – дадала Алена Кірычэнка.

Экспертка камітэта Амалія Гаміа Рыас адзначыла, што арганізацыі ў Беларусі закрываліся не таму, што парушалі заканадаўства:

"Мы ведаем, што ў многіх выпадках выкарыстоўваецца гэтая фармулёўка "парушэнне закона", таму што ёсць шмат прычын, паводле якіх адбываюцца гэтыя працэсы, і прыклад: Упраўленне па арганізацыі па абароне правоў чалавека, аддзяленне было закрытае, таму што гэтыя асобы здзейснілі фінансавыя правапарушэнні, і гэта сур'ёзнае абвінавачванне ў адрас асоб з інваліднасцю, і калі прад'яўляюцца такія абвінавачванні нават у адрас супрацоўнікаў ААН... І ці адкрылася аддзяленне Камітэта па правах людзей з інваліднасцю пасля гэтых абвінавачванняў?"

"Мы гаворым пра Офіс па правах людзей з інваліднасцю, правільна? Гэта аб'яднанне вас цікавіць?" – спытала Пастаяннае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь, як чалец дэлегацыі ў асобе Іны Васілеўскай.

"Так, гэта быў адзін з прыкладаў".

"Гэтае грамадскае аб'яднанне было задзейнічана ў міжнародным праекце, які ажыццяўляўся за кошт донарскіх сродкаў праз Офіс рэзідэнта каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь, ажыццяўляўся праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі па падтрыманні доступу да правасуддзя пэўных уразлівых груп насельніцтва, і ў ходзе рэалізацыі гэтага праекта нашы праваахоўнікі высветлілі, што сродкі з гэтага праекта накіроўваліся на рэалізацыю іншых мэтаў, не заяўленых у гэтым праекце. І, на жаль, адным з удзельнікаў гэтай дзейнасці апынуўся Офіс па правах людзей з інваліднасцю, праводзілася адпаведнае следства, але з улікам таго, што адным з удзельнікаў гэтых дзеянняў быў Офіс рэзідэнта каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь, следства было прыпынена, але, на жаль, супрацьпраўныя дзеянні Офіса па правах людзей з інваліднасцю былі зафіксаваныя. Гэта адзінае, што я магу пракаментаваць па гэтым пытанні".

"Паважаныя чальцы Камітэта, дазвольце сканцэнтравацца не на тых арганізацыях, якія сёння зачыненыя і не ажыццяўляюць сваю дзейнасць, а перш за ўсё на тых, якія сёння з'яўляюцца дыялогавай пляцоўкай для больш чым 60 000 інвалідаў, якія ў нас сёння з'яўляюцца чальцамі грамадскіх аб'яднанняў", – дадала Марына Арцёменка.

"Так, гэта канстытуцыйна, але супраць інтарэсаў дзяржавы". Сяргей Драздоўскі – пра свой крымінальны пераслед і жыццё

Дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне ў спэцыяльным месцы для ўцекачоў у якасьці асобы, якая запытала прытулак. Упершыню за доўгі час ён адчувае сябе ў бяспецы і таму пагадзіўся распавесці "Вясне" пра свае выпрабаванні мінулага года: пра сутнасць крымінальнага пераследу, абвінавачванні ў махлярстве і "скандале" ў беларускім прадстаўніцтве ААН, пра ганаровую прэмію, а таксама пра новае жыццё Офіса і яго планы…

Разумнае прыстасаванне і дыскрымінацыя

Артыкул 5 Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю кажа аб разумным прыстасаванні. Эксперты камітэта заўважылі, што ў Законе "Аб інвалідах ды іх сацыяльнай інтэграцыі" Рэспублікі Беларусі ёсць такі від дыскрымінацыі, як адмова ад прадастаўлення разумнага прыстасавання чалавеку з інваліднасцю.

"Як у вас праходзяць расследаванні і выяўленні такіх выпадкаў, калі чалавеку адмоўлена ў прадастаўленні разумнага прыстасавання? У якую ўрадавую ўстанову я мушу звяртацца і якая працэдура ў такім выпадку пры адмове ў прадастаўленні разумнага прыстасаванні?", – спыталі эксперты камітэта.

"У нас выбудаваны механізм зваротаў грамадзян, і, вядома, у гэтым выпадку грамадзянін будзе звяртацца ў той дзяржаўны орган, у галіне якога яму патрабуецца гэтае разумнае прыстасаванне...", – так адказала на гэтае пытанне Марына Арцёменка.

Жанчыны з інваліднасцю не ўцягнутыя ў працэсы

Артыкул 6 Канвенцыі прысвечаны жанчынам з інваліднасцю.

"Не маглі б вы нас інфармаваць, ці прадстаўленыя неяк жанчыны з інваліднасцю ў дзяржаўным Савеце па гендарнай палітыцы?", – спыталі эксперты камітэта.

"Наколькі мне вядома, у цяперашні час у Нацыянальным савеце па гендарнай палітыцы асобаў з інваліднасцю няма", – адказала Марына Арцёменка.

"Скажыце, калі падрыхтоўваўся тэкст Нацыянальнага плана дзеянняў па гендэрнай палітыцы, калі не памыляюся, завершана праца была дзесьці ў 2015 годзе, але агулам, ці не можаце вы сказаць, як вы забяспечваеце поўнамаштабны ўдзел жанчын з інваліднасцю ў складанні палітыкі паводле гендарнай роўнасці і план дзеянняў па гендарнай роўнасці?"

"Наша краіна ўжо рэалізуе шосты нацыянальны план па забеспячэнні гендарнай роўнасці [...] Менавіта вось гэтыя пляцоўкі з'яўляюцца дыялогавымі пляцоўкамі, дзе абмяркоўваюцца розныя пытанні, у тым ліку жанчын з інваліднасцю", – сказала Марына Арцёменка.

"І гэта мяне наводзіць на іншае пытанне, – адзначыў Мухамад Аль Азі. – Колькі арганізацый жанчын з інваліднасцю цяпер існуе ў Беларусі?"

"У нас не дзеляцца грамадскія аб'яднанні на менавіта жанчын з інваліднасцю і на мужчын з інваліднасцю. У нас усе грамадскія аб'яднанні, якія абараняюць правы інвалідаў, яны скажам так і жанчыны, і мужчыны. Ёсць грамадскія аб'яднанні, у якіх ёсць маладыя інваліды, дзеці інваліды, гэта значыць вось нейкага такога падзелу ў нас няма", – адказалі прадстаўнікі беларускай дэлегацыі.

"У нас існуе маштабная жаночая арганізацыя "Беларускі саюз жанчын", – дадала Марына Арцёменка. – Сёння яна аб'ядноўвае больш за 180 000 жанчын па ўсёй краіне, і як раз у фокусе гэтага грамадскага аб'яднання знаходзяцца жанчыны з інваліднасцю. Прывяду прыклад: нядаўна гэтае грамадскае аб'яднанне запусціла праект у сферы культуры "Інклюзіўны праект. Іншая глыбіня". Ён заключаецца ў тым, што па ўсёй краіне знаходзяць таленавітых людзей з інваліднасцю, як правіла гэта жанчыны, і для іх ладзяць персанальныя выставы, і, уласна кажучы, прасоўваюць іх у інфармацыйнай прасторы дзеля таго, каб дэманстраваць жыццёвыя гісторыі поспеху тых жанчын з інваліднасцю, якія сёння, можна сказаць, многае робяць і робяць вялікі ўнёсак таксама і ў развіццё краіны".

"Але справа ў тым, што жанчыны з інваліднасцю гэтак жа маюць патрэбу ў тым, каб выслухалі іх меркаванне, іх пункт гледжання, іх інфармацыю аб цяжкасцях, а не толькі поспехах", – пракаментаваў Аль Азі.

gertruda-oforiva-fefoame.png
Старшыня Камітэта Гертруда Афарыва Фефааме. Скрыншот: 31st Session, Committee on the Rights of Persons with Disabilitie, un.org

Дзеці з інваліднасцю: у цэнтры – паслугі, а не праваабарончы падыход

Закон "Аб правах дзяцей" Рэспублікі Беларусь змяшчае артыкул 31 аб дзецях з інваліднасцю.

"Згодна з тэкстам, гэты артыкул добры, – сказалі ў Камітэце. – Але ў ім у цэнтры ўвагі ў асноўным знаходзяцца паслугі. Гэты артыкул сканцэнтраваны на дабрабыце, і падыход, які ў ім прыведзены, прадугледжвае падыходы, накіраваныя на задавальненне самых асноўных патрэбаў. Ці ёсць нейкія намеры і планы зрабіць гэты закон больш інклюзіўным, зрабіць яго больш заснаваным на праваабарончым падыходзе дзеля таго, каб таксама ўлічыць і правы дзяцей з інваліднасцю?"

"Акрамя Закона аб правах дзіцяці, у нашай краіне ёсць яшчэ адзін заканадаўчы акт, які вызначае правы дзяцей з інваліднасцю, у тым ліку і на атрыманне адукацыі, – узяла слова прадстаўніца дэлегацыі Беларусі і экспертка у сферы адукацыі Вера Хітрук. – Гэта Кодэкс аб адукацыі, дзе ёсць артыкулы, прысвечаныя дзецям, якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрэбы і асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Што тычыцца Закона "Аб правах дзіцяці", то ён сапраўды толькі рамачна кажа пра тое, што дзяржава гарантуе дзецям-інвалідам і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця бясплатную педагагічную, медычную, сацыяльную і псіхалагічную дапамогу. А таксама выбар іх бацькамі ўстановы адукацыі і стварэнне неабходных спецыяльных умоў для атрымання адукацыі. І ў наступным гэты артыкул знайшоў адлюстраванне ў Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь..."

vera-hitriuk.png
Вера Хітрук. Скрыншот: 31st Session, Committee on the Rights of Persons with Disabilitie, un.org

Стэрэатыпізацыя людзей з інваліднасцю ў СМІ: "Інвалід павінен прыносіць карысць сваёй сям'і, грамадству"

Артыкул 8 Канвенцыі прысвечаны выхаваўча-асветніцкай ролі дзяржавы. Дзяржавы-ўдзельніцы Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю павінны, напрыклад, весці барацьбу са стэрэатыпамі, забабонамі і шкоднымі звычаямі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю. А эксперты камітэта заўважылі, што ў беларускіх СМІ назіраецца сацыяльная стыгматызацыя і стэрэатыпізацыя ў тым, як паказваюцца людзі з інваліднасцю.

"Ці не можаце вы дакладна даць нам два-тры канкрэтныя прыклады крокаў на ўзроўні палітыкі і на практычным узроўні? Крокі, якія былі зробленыя, каб ліквідаваць такую стыгматызацыю і стэрэатыпізацыю і падтрымлівалі б імкненне да разнастайнасці?" – спыталі члены Камітэта.

"Мы таксама лічым, што гэта вельмі важны кампанент нацыянальнай палітыкі, і я адзначу, што фармаванне пазітыўнага ўспрымання ў грамадстве інвалідаў з'яўляецца сёння асобным раздзелам Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі, – патлумачыла Марына Арцёменка. – З 2017 года ў нас была зацверджана інфармацыйная стратэгія па прасоўванні, як вы кажаце, пазітыўнага вобразу людзей з інваліднасцю ў грамадстве... І адзначу, што і сёння мы фармуем такія планы інфармацыйнай асветы сумесна з Міністэрствам інфармацыі, асноўнай мэтай якіх з'яўляецца сапраўды некалькі, я б сказала, перафарматаванні разумення інваліда ў грамадстве: не як суб'екта і атрымальніка сацыяльнай дапамогі, а як самастойнай асобы, што нацэленая на ўласнае развіццё, на тое, каб прыносіць карысць сваёй сям'і, грамадству – і ў гэтым вельмі важна пазіцыянаваць тое, што сёння робяць людзі з інваліднасцю: сёння ў нас працуюць практычна 60% людзей, якія маюць працоўныя рэкамендацыі, і вельмі важна пазіцыянаваць і тавары, і паслугі, якія яны сёння вырабляюць як унёсак у эканоміку ў тым ліку. Вельмі важна звяртаць увагу на тое, што сёння людзі з інваліднасцю дасягаюць значных поспехаў і ў спорце, і культуры".

"Мне здаецца, тут дамінуючую ролю мусяць граць людзі з інваліднасцю, тады яшчэ больш аддача назіраецца", – пракаментаваў Аль-Азі.

Амбудсмэн для Беларусі "неактуальны"

У Беларусі няма незалежнай праваабарончай установы, якая дзейнічае ў адпаведнасці з парыжскімі прынцыпамі. Гэта не абышло ўвагу Мухамада Аль-Азі:

"Скажыце, якія незалежныя нацыянальныя арганізацыі або ўстановы ў вас праводзяць маніторынг і назіранне за ажыццяўленнем Палажэння Канвенцыі і наогул захавання правоў чалавека для людзей з інваліднасцю ў Беларусі?"

"Такую незалежную экспертызу і маніторынг, безумоўна, праводзяць і грамадскія аб'яднанні, і міжведамасныя саветы па правах інвалідаў, якія існуюць на рэгіянальным узроўні, – распавяла Арцёменка. – І трэба адзначыць, што сёння грамадскія аб'яднанні ў нас уцягнутыя ў вырашэнне ўсіх пытанняў, у тым ліку і, напэўна, у першую чаргу пытанняў забеспячэння даступнасці, працаўладкавання інвалідаў, і яны з'яўляюцца незалежнымі экспертамі, якія могуць трансляваць сваё меркаванне ў самых розных крыніцах..."

"Але Артыкул 33 Канвенцыі цалкам выразна і ясна даручае дзяржаве-ўдзельніцы заснаваць Нацыянальны праваабарончы інстытут, які адпавядае парыжскім прынцыпам ці нешта падобнае для таго, каб праводзіць маніторынг за ажыццяўленнем Канвенцыі, – звярнуў увагу Аль Азі. – Ці ўваходзіць у вашы планы заснаванне такога інстытута?"

"Так, нацыянальныя ўстановы па правах чалавека..., – узяло слова пастаяннае прадстаўніцтва. – Мы праводзілі працу магчымасці стварэння галіновых нацыянальных устаноў, нядаўна праводзілася такая праца па дзіцячым амбудсмене – і з улікам таго, што ў нас Нацыянальная камісія па правах дзіцяці мае функцыю прыёму прамых скаргаў ад дзяцей, то, як бы, дзіцячы амбудсмен, пакуль мы прыйшлі да высновы, што ён для нас неактуальны. [...] Мы б хацелі адзначыць адзін момант: у працы з такімі праектамі мы заўсёды вітаем узаемадзеянне з Упраўленнем Вярхоўнага камісара па правах чалавека, і мы спадзяёмся, што мы такую працу сумесна зможам у будучыні арганізаваць".

zheneva-kamitet1.jpg

"Наўпрост адстаяць свае правы можна праз Качанаву", а "выпадкаў адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі няма"

Камітэт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ў 2022 годзе былі ўнесеныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, дзе крыміналізуецца дзейнасць у адпаведнасці з артыкулам 193-1, калі чалавек удзельнічае ў незарэгістраванай арганізацыі або палітычнай партыі, што можа прадугледжваць тэрмін пакарання да двух гадоў пазбаўлення волі.

"Не маглі б вы расказаць, як урад Беларусі ставіцца да арганізацый асоб з інваліднасцю з улікам гэтай папраўкі ў Крымінальны кодэкс 2022 года. І як вы праводзіце кансультацыі, забяспечваеце ўдзел усіх арганізацый, якія адстойваюць правы людзей з інваліднасцю, у рэалізацыі Канвенцыі? Бо нават што тычыцца чальцоў гэтых арганізацый, яны атрымалі тэрміны пазбаўлення волі і былі вымушаныя пакінуць краіну, і колькі арганізацый былі выкрасленыя такім чынам з рэестра арганізацый?", – такія пытанні былі зададзеныя беларускай дэлегацыі.

"Вы сапраўды правільна адзначылі, што так, не ўсе могуць, не ўсе з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі і могуць звярнуцца для вырашэння сваіх пытанняў як юрыдычная асоба, – адказала Арцёменка. – Але я адзначу, што ў нас у краіне выбудаваны асаблівы механізм разгляду зваротаў грамадзян, калі людзі з інваліднасцю могуць звярнуцца для вырашэння сваіх пытанняў на самы розны ўзровень, пачынаючы ад узроўню мясцовай выканаўчай і распарадчай улады і заканчваючы адміністрацыяй прэзідэнта. Я таксама адзначу, што сёння ў нас вядуцца такія грамадскія прыёмныя, у нас па суботах кіраўнікі дзяржаўных органаў, мясцовых органаў улады і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання вядуць прыём, калі на прамую тэлефонную лінію можа патэлефанаваць любы грамадзянін. У нас таксама пры верхняй палаце парламента – гэта ў нас Савет Рэспублікі – штомесяц фактычна праводзіць такія прыёмы старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. І да яе на прыём можа запісацца сёння любы грамадзянін, які разумее ці лічыць, што на мясцовым узроўні яго праблема не вырашаецца. Таму гэта, напэўна, такі самы галоўны і эфектыўны механізм, калі грамадзяне наўпрост адстойваюць свае правы..."

"Прабачце, вы кажаце, што няма арганізацый асоб з інваліднасцю, якія б выключылі з рэестра паводле палітычных матываў?", – спытаў Камітэт.

"Вы тут казалі пра тое, што ў нас крыміналізаваныя дзеянні ад незарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў, – адказалі ў дэлегацыі. – Так я кажу, працэс дзяржаўнай рэгістрацыі вельмі просты і празрысты, і нават калі адмоўлена было ў дзяржаўнай рэгістрацыі альбо раптам, гіпатэтычна скажу, што ліквідаваная нейкая грамадская арганізацыя за нейкія парушэнні, то паўторна звярнуцца ў рэгіструючы орган за рэгістрацыяй у гэтага грамадскага аб'яднання маюцца ўсе магчымасці".

"Праводзілася расследаванне тых скаргаў Следчым камітэтам, якія паступалі ў дачыненні да нібыта парушэння іх правоў"

Экспертка камітэта Амалія Гаміа Рыас згадала пра двух палітвязняў з інваліднасцю, якія памерлі ў беларускай турме.

"Ці не можаце нам паведаміць пра прычыны смерці, ці праводзілася расследаванне, ці праводзіўся судовы пераслед вінаватых? Ці было забяспечана правасуддзе і справядлівасць для сваякоў?" – спытала экспертка.

"Перш за ўсё, я дазволю сабе не пагадзіцца пра інтэрпрэтацыю сітуацыі ў Беларусі ў 2020 годзе як канфлікт у краіне, – адказала Ларыса Бельская. – У 2020 годзе мелі месца масавыя беспарадкі, якія былі арганізаваныя ў тым ліку пры... інспіраваныя часткова з-за мяжы ў сувязі з правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў. Некаторая частка людзей, незадаволеная вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, спрабавала іх аспрэчыць, аднак не ў заканадаўчым парадку, а спрабавала інспіраваць менавіта беспарадкі. Вінаватыя, людзі, якія парушылі закон, былі затрыманыя паводле закона, былі пакараныя паводле закона, рашэнне ў дачыненні да іх выносілася ў адпаведнасці з вынікамі расследаванняў дбайных, і ў адпаведнасці з рашэннем суда пры доступе адвакатаў і гэтак далей. У дачыненні да людзей, якія... ну я б хацела пракаментаваць наступным чынам. Часам сітуацыя 2020 года інтэрпрэтуецца не зусім або зусім некарэктна як нейкія мірныя пратэсты – пратэсты не былі мірнымі... І цэлы шэраг парушальнікаў, а таксама людзей, якія былі проста справакаваныя на гэта, былі затрыманыя. У дачыненні да іх, адпаведна, праводзілася расследаванне. Праводзілася расследаванне тых скаргаў Следчым камітэтам, якія паступалі ў дачыненні да нібыта парушэння іх правоў. Што тычыцца людзей з інваліднасцю, то я б хацела сказаць, што не назіралася нейкага масавага ўключэння ў беспарадкі людзей з інваліднасцю..."

"Аднак у мяне было канкрэтнае пытанне ў дачыненні да двух людзей з інваліднасцю, – перапыніла Амалія Гаміа Рыас. – Двух канкрэтных людзей, якія ўдзельнічалі ў масавых пратэстах, якія, як вы казалі, былі з-за мяжы інспіраваныя і арганізаваныя... Аднак вось гэтыя дзве гібелі людзей з інваліднасцю – праводзіліся расследаванні гэтых двух смерцяў ці не?".

"Гэта якія дзве смерці людзей з інваліднасцю вы маеце на ўвазе?", – спытала Бельская.

"Я кажу пра двух людзей з інваліднасцю, якія былі змешчаныя ў турму па слядах масавых пратэстаў. Гэтыя два чалавекі былі ў турме... Шэраг людзей з інваліднасцю былі змешчаныя ў турму, двое з іх загінулі ў турме. Што адбылося? Чаму яны памерлі?"

"Я не магу гэта пракаментаваць, нам такія звесткі, факты невядомыя, што менавіта людзі з інваліднасцю загінулі ў турме ў сувязі з інваліднасцю".

Умовы ў турмах не прыстасаваныя для асобаў з інваліднасцю

Камітэт звярнуў увагу і на тое, што матэрыяльныя ўмовы ў беларускіх турмах не прыстасаваныя для асоб з інваліднасцю.

"Якія захады прымаюцца для таго, каб забяспечыць даступнасць, уключна з разумнымі прыстасаваннямі, сямейнымі візітамі, захаваннем правоў чалавека асоб, якія знаходзяцца ў зняволенні?", – спытаў Камітэт.

"Іх умовы ўлічваюць іх становішча, робяцца ў адпаведнасці з унутранымі дакументамі Міністэрства ўнутраных спраў адпаведныя меры для забеспячэння годных умоў утрымання. Сістэма пакарання бярэ пад увагу адпаведныя спецыфічныя ўмовы гэтых людзей, і адпаведнае рэгуляванне яно як бы існуе. Гэта ўсё, што мы можам цяпер пракаментаваць", – адказала Іна Васілеўская.

"Сёння ўмовы ў месцах адбыцця пакаранняў кантралююцца грамадскімі камісіямі, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі 50-ці грамадскіх арганізацый. І ў 2023 годзе гэтымі камісіямі былі наведаныя ўсе ўстановы, у якіх людзі адбываюць пакаранні. І безумоўна рэкамендацыі і прапановы, якія выносяць гэтыя камісіі, па выніках свайго маніторынгу разглядаюцца і прымаюцца", – дадала Марына Арцёменка.

ina_vasileuskaja.png
Іна Васілеўская. Скрыншот: 31st Session, Committee on the Rights of Persons with Disabilitie, un.org

Перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей — "гэта адпачынак ад канфлікту"

Чальцы Камітэта закранулі пытанне перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у выніку вайны ва Украіне і канкрэтна дзяцей з інваліднасцю:

"Хацелася б пераканацца, што такія дзеці не змяшчаюцца ва ўстановы ў выніку такога перамяшчэння".

"Так, Беларусь сапраўды прыняла некалькі тысяч украінскіх грамадзян, якія беглі ад канфлікту, – адказала Ларыса Бельская. – У першы перыяд канфлікту, 2022-ы год, значная частка гэтых людзей мела магчымасць перамяшчацца праз непасрэдна мяжу беларуска-ўкраінскую. Там было шмат пажылых людзей, людзей з інваліднасцю ў тым ліку. [...] Мы арганізоўвалі і працягваем гэта рабіць, аздараўленне дзяцей штогод у Беларусі з тэрыторый, якія [...] з усходне-ўкраінскіх тэрыторый, цяпер гэта тыя тэрыторыі, якія знаходзяцца пад кантролем Расійскай Федэрацыі – дзяцей, якія прыязджаюць у Рэспубліку Беларусь для аздараўлення, для, я б сказала, для адпачынку ад канфлікту. Без ведама бацькоў дзеці не перамяшчаюцца".

Пазбаўленне дзеяздольнасці супярэчыць Канвенцыі

У Беларусі прадугледжваюцца працэдуры па пазбаўленні праваздольнасць або дзеяздольнасці людзей з інваліднасцю. Гэтая працэдура супярэчыць Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, бо там, у артыкуле 12, гаворыцца, што "дзяржавы-ўдзельніцы прызнаюць, што людзі з інваліднасцю валодаюць праваздольнасцю нароўні з іншымі ва ўсіх аспектах жыцця".

"А што вы робіце, каб прывесці ваша заканадаўства ў адпаведнасці з артыкулам 12 Канвенцыі?", – спыталі эксперты Камітэта.

"Сапраўды, у нас у краіне існуе механізм устанаўлення апекі альбо апякунства над людзьмі, якія пазбаўленыя дзеяздольнасці альбо часткова абмежаваныя ў правах дзеяздольнасці. Трэба адзначыць, што абмежаванне ў дзеяздольнасці – гэта адзін з адмысловых захадаў прававой абароны грамадзяніна, які не можа самастойна абараняць свае правы і прадстаўляць свае інтарэсы. Таму такому чалавеку неабходны законны прадстаўнік – апякун. У нас сёння амаль, напэўна, 27 тысяч грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі [...], – распавяла Марына Арцёменка. – Каб я хацела адзначыць: гэты механізм мае зваротную сілу. У выпадку паляпшэння стану здароўя чалавека ён можа быць адноўлены ў сваіх правах паводле ягонай заявы, альбо паводле заявы апекуна, альбо іншага сваяка. І статыстыка кажа пра тое, што ў перыяд з 2021 па 2024 гады ў дзеяздольнасці былі адноўленыя 105 чалавек, з іх 53 – гэта ў сацыяльных пансіянатах".

"Але дазвольце падкрэсліць, што гэта супярэчыць Канвенцыі, паколькі Канвенцыя не кажа аб абароне людзей з інваліднасцю, што яны быццам бы не могуць прымаць рашэнні, – сказаў Камітэт. – У артыкуле 12 і ў агульнай заўвазе 1 гаворыцца аб самастойнасці ды аўтаноміі людзей з інваліднасцю, і аб гарантыях, якія для іх прадугледжаныя, а таксама аб дапамозе, якая ім можа быць аказана. Гэта значыць працэдура, якую вы апісваеце, на самай справе супярэчыць Канвенцыі. І вельмі мала людзей, праваздольнасць якіх была адноўленая ў параўнанні з тым, колькі людзей яе страцілі".

Прымусовае псіхіятрычнае лячэнне парушае адразу тры артыкулы Канвенцыі

Звярнуў увагу камітэт і на Закон "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі", згодна з якім асобы з інваліднасцю змяшчаюцца ва ўстановы насуперак сваёй волі. Гэта парушае адразу тры артыкулы Канвенцыі: 12 – роўнасць перад законам, 14 – свабода і асабістая недатыкальнасць, і 15 — свабода ад катаванняў і жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

"Ці ёсць план унесці змяненне ў гэтае заканадаўства?", – спытаў Камітэт у беларускай дэлегацыі.

"21 ліпеня 2023 года прынятая новая рэдакцыя Закона "Аб псіхіятрычнай дапамозе", у які ўнесены цэлы шэраг змяненняў [...]", — пракаментаваў Васіль Смычок.

"Але з гэтымі новымі папраўкамі, якія былі ўнесены — там не выключаецца магчымасць прымусовага лячэння, гэта значыць чалавек з псіха-сацыяльнай інваліднасцю прымае гэтыя медыкаменты ў адпаведнасці з заканадаўствам?"

"Падставай для прымусовай шпіталізацыі або лячэння з'яўляецца рашэнне суда. Яно выносіцца ў выпадку знаходжання асобы, якая пакутуе на псіхічнае расстройства, у такім стане, калі маецца небяспека для яго або для іншых асоб".

"Тым не менш рэкамендуем перагледзець гэты артыкул у адпаведнасці з артыкулам 14 Канвенцыі", — сказалі ў Камітэце.

"Паколькі такія выпадкі вельмі рэдка адбываюцца і нельга рабіць высновы, што гэты чалавек уяўляе небяспеку для сябе і для іншых", — дадала Амалія Гаміа Рыас.

kirichenka_smychek.png

"За катаванні асобы да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся" і "катаванні не ўжываліся — "Чаму мы можам верыць вашым словам, а не словам усіх астатніх?"

Артыкул 15 Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю прысвечаны свабодзе ад катаванняў.

У пачатку выступу беларускай дэлегацыі чыноўнікаў было сказана, што катаванні ў краіне забароненыя, гэтак жа, як і бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне.

"Як разглядаюцца катаванні, якія меры прымаюцца для таго, каб высветліць, ці Ўжываюцца такія жорсткія віды абыходжання і ці выконваюцца адпаведныя судовыя рашэнні?", — спытаў Камітэт.

"Крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаная з ужываннем катаванняў ды іншых жорсткіх бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання або пакарання ў нас прадугледжана артыкуламі 128 — "злачынствы супраць бяспекі чалавека" і артыкулам 394 — "прымус да дачы паказанняў" Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. [...] Паводле даных судовай статыстыкі ў 2017-2023 гадах за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 128 КК, асобы да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся. Гэта значыць, магу вас запэўніць, што любыя скаргі на ўжыванне катаванняў расследуюцца належным чынам".

На гэта Камітэт па правах людзей з інваліднасцю спытаў у беларускай дэлегацыі, ці знаёмая тая з дакладамі Камітэта супраць катаванняў.

"Якая была ваша рэакцыя на яго?"

"Мы не можам пацвердзіць тую інфармацыю, на аснове якой Камітэт супраць катаванняў зрабіў такія заключэнні. У нас, на жаль, з Камітэтам супраць катаванняў вось літаральна па іх апошнім дакладзе, па іх дзеяннях мы неаднаразова задавалі Камітэту супраць катаванняў пытанне даць звесткі, на аснове якіх даных яны робяць такія заключэнні. Таму што ў нас ёсць важкія падставы сумнявацца ў credibility [аўтарытэтнасці — заўв.] іх", — адказала Ларыса Бельская.

"Вы казалі, што цалкам забароненыя катаванні і любыя заявы аб катаваннях расследуюцца. Але ў высновах Камітэта ААН супраць катаванняў гаворыцца, што гэтыя сцвярджэнні не выклікаюць даверу. 11 сакавіка 2023 года [даклад] АБСЕ, на чацвёртай старонцы: "Бесчалавечнае абыходжанне і катаванні адбываюцца на рэгулярнай аснове ў месцах пазбаўлення волі ў дачыненні да тых, хто разглядаюцца як палітычныя апаненты. Супраць многіх палітычных зняволеных ужываюцца катаванні, і ў нас ёсць сведчанні, у якіх гаворыцца аб фізічным і сексуальным гвалце. Палітычныя зняволеныя ва ўсіх цэнтрах утрымання пад вартай сутыкаюцца з сур'ёзнымі складанасцямі ў атрыманні медычнай дапамогі". Можна было б спаслацца на іншыя даклады і вартых даверу крыніц, такія як Рада Еўропы, Еўрапейскі Саюз, многія дагаворныя органы, спецпрацэдуры, а таксама прыватныя праваабарончыя арганізацыі кажуць пра гэта. І ў мяне такое пытанне: якія прычыны вы можаце прывесці — чаму мы можам верыць вашым словам, а не словам усіх астатніх?"

"Я хачу яшчэ раз звярнуць увагу, што ў Рэспубліцы Беларусь створаны дзейсны грамадскі кантроль за ўстановамі крымінальна-выканаўчай сістэмы. У нас створаныя Рэспубліканская назіральная камісія і мясцовыя камісіі ў кожнай вобласці і горадзе Мінска, — распавяла Алена Кірычэнка. — Гэтыя назіральныя камісіі цалкам самастойныя ў сваёй дзейнасці і незалежныя. [...] Таму тое, што ў нейкіх справаздачах паведамляецца пра тое, што ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы ўжываюцца катаванні, то магу з поўнай упэўненасцю сказаць, гэта не адпавядае рэчаіснасці".

zheneva-kamitet2.jpg

Бежанцы на мяжы з ЕС

Чальцы Камітэту закранулі і пытанне бежанцаў на мяжы Беларусі і Еўрапейскага Саюза

"Не маглі б вы расказаць Камітэту аб паведамленні, у якім паведамляецца аб наяўнасці бежанцаў з суседніх краін, у прыватнасці, што іх выштурхоўваюць з суседніх краін і з імі жорстка абыходзяцца беларускія памежнікі. Некаторыя з іх — гэта ўцекачы з інваліднасцю, уключна з тымі, што маюць псіха-сацыяльную інваліднасць".

"Інтэрпрэтацыя сітуацыі на мяжы Беларусі з ЕЗ, на жаль, часам не адпавядае рэчаіснасці, — сказала Ларыса Бельская. — Беларусь — гэта краіна транзіту. Праз Беларусь цягам апошніх некалькіх гадоў мы назіраем актыўнае перамяшчэнне бежанцаў з азіяцкага, афрыканскага рэгіёна, з Афганістана — гэта людзі, якія ідуць у ЕС. На жаль, праблема выштурхоўвання існуе, але выштурхваюць гэтых людзей (уцекачоў, нелегальных мігрантаў) і жорстка абыходзяцца не беларускія памежнікі, а якраз наадварот — памежнікі з боку польскай, з боку літоўскай. [...] На жаль загінула на тэрыторыі Беларусі 50 чалавек на працягу апошняга перыяду. [...] Мы заклікаем разглядаць гэтае пытанне непалітызавана. Выпадкаў жорсткага абыходжання беларускіх памежнікаў з гэтымі людзьмі не зафіксавана, і гэта не адпавядае рэчаіснасці".

Чаму дыпмісіі не падаўжаюць пашпарты беларусам за мяжой?

Артыкул 18 Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю прысвечаны свабодзе перамяшчэння і грамадзянству. У сувязі з гэтым Камітэт нагадаў, што ў верасні 2020 года прынята новае правіла, якое тычыцца дакументаў беларусаў, што знаходзяцца за мяжой.

"Дыпламатычныя місіі краіны не падаўжаюць іх пашпарты — і гэта азначае, што беларусы, уключна з беларусамі з інваліднасцю, для абнаўлення і падаўжэння дакументаў мусяць вяртацца ў краіну. І калі чалавек з інваліднасцю знаходзіцца за межамі краіны, ён страціў пашпарт або іншыя дакументы або тэрмін іх дзеяння скончыўся, якія меры прадугледжаныя ўрадам Беларусі для таго, каб забяспечыць магчымасць падаўжэння або аднаўлення дакументаў без дадатковых намаганняў або выдаткаў? Якім чынам можна палегчыць цяжар для беларусаў з інваліднасцю, якія знаходзяцца за мяжой?" — спытаў Камітэт.

"Так, у нас змененае заканадаўства ў дачыненні да пацвярджэння дакументаў за мяжой, — адказала Ларыса Бельская. — Звязана гэта ў тым ліку з такімі палітычнымі праблемамі, як увядзенне санкцый супраць Беларусі, часам мы сутыкаліся з сітуацыяй, калі, прабачце, пашпарты і дакументы, якія пацвярджаюць асобу для людзей у сілу санкцый ЕС ды іншых заходніх краін проста немагчыма даставіць своечасова і ў тэрмін у нашы замежныя ўстановы за мяжой, — адказала Ларыса Бельская. — І было прынятае ў тым ліку і паводле гэтых падставаў рашэнне, што людзі, якія хацелі б падоўжыць свае дакументы, маюць магчымасць вярнуцца з-за мяжы ў Рэспубліку Беларусь і зрабіць гэта ў Рэспубліцы Беларусь. Мы зыходзім з таго, што гэтая мера можа быць часовай і, магчыма, з цягам часу яна будзе адменена. Але цяпер сітуацыя вось такая, і мы дзейнічаем у рамках закона. У дачыненні да вялікай колькасці інвалідаў, якія выехалі з Рэспублікі Беларусь і маюць патрэбу ў змене і пацвярджэнні сваіх дакументаў, нам такія звесткі невядомыя".

"Выйдуць з-за кратаў — прыедуць"

Людзі з інваліднасцю, у адпаведнасці з артыкулам 21 Канвенцыі, павінны мець права выказваць сваё меркаванне і перакананне.

"І мноства арганізацый звычайна прысутнічаюць падчас такіх слуханняў, — звярнуў увагу Камітэт. — Аднак гэтым разам мы сутыкнуліся з тым, што многія прадстаўнікі гэтых арганізацый не маглі прыехаць, адмовіліся або іх прадстаўнікі апынуліся ў зняволенні. Ці плануе нешта зрабіць дзяржава з тым, каб забяспечыць права людзей з інваліднасцю на свабоду выказвання меркаванняў і перакананні?"

"Свабода меркаванняў і перакананняў у Рэспубліцы Беларусь — гэта, скажам, базавае права, якое абараняецца нашай Канстытуцыяй, якое абараняецца шэрагам законаў і за выказванне сваіх меркаванняў і перакананняў людзі не пераследуюцца, — сказала Ларыса Бельская. — Людзі пераследуюцца тады, калі яны спрабуюць парушыць закон. Гэта значыць, усе мы ў грамадстве, і людзі з інваліднасцю, і людзі без інваліднасці, павінны жыць, прытрымліваючыся законаў той краіны, у якой мы жывём. Гэта такі базавы прынцып. З гэтага базавага прынцыпу мы зыходзім. У дачыненні да таго, што вы кажаце: многія людзі, якія нібыта хацелі прыехаць, але не змаглі прыехаць на пасяджэнне Камітэта, не змаглі паўдзельнічаць, таму што... Па розных прычынах — я б хацела звярнуць увагу на тое, што, на жаль, свабода перамяшчэння, перамяшчэння, падарожжа, асабліва ў Еўропу для прадстаўнікоў Беларусі, усё роўна, хто гэта (людзі, якія лічаць сябе палітычнымі актывістамі, людзі, якія працуюць у дзяржаўных структурах, у грамадскіх арганізацыях, проста людзі) яны, на жаль, для таго, каб прыехаць у Еўропу... Раней патрабавалася тры гадзіны, каб сесці на самалёт і прыляцець. З 2021 года ЕС прыпыніў усе палёты прамыя ў Рэспубліку Беларусь і з яе... Калі людзі знаходзяцца ў зняволенні — ну значыць у заключэнне яны патрапілі па рашэнні суда, па выніках расследавання. Выйдуць з-за кратаў — прыедуць".

Заключэнне: "Цалкам супярэчыць Канвенцыі"

У заключэнне пасяджэння Мухамад Аль-Азі заявіў наступнае:

"Мушу сказаць, мы вельмі глыбока шкадуем аб тым, што не хапае, а можа быць і наогул адсутнічае незалежная прадстаўленасць арганізацый людзей з інваліднасцю. Не толькі паводле дыялогу, але таксама і ў працэсе падрыхтоўкі дакладу дзяржавы. На жаль, гэта падмацоўвае нас у думцы аб тым, што ёсць прычыны быць занепакоенымі і ў гэтым Камітэце, і ў іншых установах ААН у сувязі з сур'ёзнымі абмежаваннямі на грамадзянскі рух, асабліва рух за правы людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Мы, вядома, прымаем у разлік і заканадаўчую рэформу, і поспехі, якія адбываюцца цяпер у Беларусі. Але пры гэтым мы хацелі б выказаць нашу занепакоенасць у сувязі з некаторымі пытаннямі неразумення альбо непаразумення, звязанымі з правамі людзей з інваліднасцю, у прыватнасці, я маю на ўвазе аўтарытарнае, дамінуючае становішча ў медыцыне, якая надзелена правам вырашаць ад імя і за людзей з інваліднасцю, і гэта ўключае і таксама вобласць адукацыі, рэабілітацыі, і аховы здароўя, і праваздольнасць. Гэта цалкам супярэчыць Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю і наогул правам чалавека. Мы спадзяёмся, што наш дыялог дасць магчымасць уладам урада Беларусі думаць аб правах людзей з інваліднасцю з іншага пункту гледжання, у іншым разрэзе, і сур'ёзна ўлічваць неабходнасць прывесці ў адпаведнасць заканадаўства і практыку з Канвенцыяй, а таксама даць магчымасць рэальна браць удзел у гэтай працы людзям з інваліднасцю, а таксама прымаць удзел для іх у працэсе прыняцця рашэння".

Latest news

Partnership

Membership