Вадзіма Пракоп'ева асудзілі завочна другі раз да 25 гадоў калоніі
Брэсцкі абласны суд другі раз асудзіў завочна бізнесмена Вадзіма Пракоп'ева. Яго асудзілі да 25 гадоў калоніі і штрафу ў 37 тысяч рублёў (1000 базавых велічыняў) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, на пяць гадоў. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК), "удзеле ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі іншай дзяржавы" (ч. 3 арт. 361 КК), "паклёпе на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367 КК), "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады" (ч. 1 і 2 арт. 368, арт. 369 КК). Справу разглядала Святлана Крамянёўская.
У чэрвені 2023 года Вадзім Пракоп'еў ужо быў асуджаны завочна да 25 гадоў калоніі, штраф у адну тысячу базавых велічынь, пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў. Па справе праходзіла 18 фігурантаў, з якіх 15 чалавек знаходзяцца пад вартай, а трох асудзілі завочна. Працэс цягнуўся чатыры з паловай месяцы. Суддзя Сяргей Хрыпач. Па версіі абвінавачвання, Пракоп'еў быў членам "арганізаванай злачыннай групы", якая дзейнічала ў Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіне і іншых краінах з 14 ліпеня 2020 года да 6 студзеня 2022 года для здзяйснення "нявызначанай колькасці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці".