viasna on patreon

"Я падрыхтаваўся да арышту, бо ведаў, у якой краіне жыву", — былы палітвязень

2023 2023-11-15T11:34:47+0300 2023-11-16T10:03:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valadarka_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цяпер у месцах зняволення ўтрымліваюцца больш за 1450 палітычных зняволеных. Рэпрэсіі ўжо больш за тры гады не сціхаюць ні на дзень. Людзі вымушаны праходзіць праз крымінальны і турэмны свет толькі за тое, што выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю і рэалізоўваюць грамадска-палітычныя правы ў Беларусі. Былы палітвязень (імя не называецца ў мэтах бяспекі) распавёў пра спосабы ціску ў следчым ізалятары № 1 у 2021-2022 гадах правакацыі з боку вязняў з турэмным досведам, "прэс-хату", карцар, а таксама пра падтрымку сярод палітычных зняволеных і беларускую мову за кратамі. 

CІЗА № 1 па вул. Валадарскага ў Мінску. Фота ПЦ
CІЗА № 1 па вул. Валадарскага ў Мінску. Фота spring96.org

"Быў "прэс" на палітвязняў"

Былы вязень СІЗА № 1 распавядае, што на "Валадарцы" існуе некалькі спосабаў націснуць на чалавека: падпасці пад правакацыю зняволеных, якія праходзяць не па палітычных справах, патрапіць у "прэс-хату" і карцар. У незалежнасці ад таго, ці чалавек праходзіць па палітычнай крымінальнай справе, ці па іншых артыкулах, мусіць у зняволенні прытрымлівацца гэтак званага "кодэкса турэмных паводзінаў" — зводу няпісаных правілаў паводзінаў вязняў у месцы пазбаўлення волі.

"Адразу ў маёй камеры быў нармальны "смотрящий" [заўвага вязень, які адказны за сітуацыю ў камеры], то бок ён ставіўся да палітычных нармалёва, без прэтэнзій і нават, як мне падалося, што паважаў.

Тады адзін на аднога нікога не нацкоўвалі, як гэта сталася пазней. Калі ён з'ехаў у калонію, то ў нас пачаліся вялікія праблемы. Новы "смотрящий" паспрыяў таму, каб у нашу камеру перавялі чалавека з турэмным досведам, у якога ўжо была пагашана судзімасць і ён лічыўся "першаходам" [асуджаным упершыню]. Ён разумеў, як працуе турэмная сістэма, і заганяў нас у яе. Мы гэта разумелі, таму адбываліся дробныя правакацыі. Быў "прэс" на палітвязняў. Асаблівы накат пачаўся напачатку 2022 года напэўна, з пачаткам вайны. Ад "смотрящего" СІЗА прыходзілі ўказанні, якія нам усім зачытваліся, накшалт такога: "Сярод нас, арыштантаў, з'явіліся людзі, якія не прытрымліваюцца нашага кодэксу і лічаць, што яны больш галоўныя, чым астатнія". Так, раз на адзін ці два месяцы прыходзілі такія паперкі, што людзей, якія не прызнаюць гэты кодэкс, трэба асаджаць".

Як падкрэслівае былы вязень, каб націснуць на чалавека ў СІЗА, ставараюцца правакацыі з боку звычайных вязняў.

"Няма ніякіх гарантыяў, што ты не апынешся ў турме"

Было складана тым, хто ўпершыню сутыкнуўся з пераследам і не быў да гэтага гатовы, кажа былы палітвязень.

"Я, напрыклад, падрыхтаваўся да арышту, бо ведаў, у якой краіне жыву. Тут няма ніякіх гарантыяў, што ты не апынешся ў турме. Таму варта ведаць, як паводзіць сябе са следчымі, што казаць, а што не. У гэтым мне дапамаглі ўспаміны былых палітвязняў, напрыклад, Міколы Дзядка. Але шмат прыходзіць непадрыхтаваных. Калі ў іх на парозе запытваюць артыкул, або ці ўсё па жыцці роўна яны губляюцца і не ведаюць, што сказаць. Галоўнае ў першыя дні ведаць, як сябе паводзіць са следчымі і што казаць у камеры, бо гэта вельмі важна".

"Некаторых "Слон" збіваў фізічна"

Таксама былы палітвязень узгадвае, што ў СІЗА-1 была "прэс-хата" — у камеры № 98. Гэта яшчэ адзін спосаб ціску на "Валадарцы". Праз яе прайшоў яго сукамернік:

"Мой знаёмы, якога я вельмі добра ведаю і паважаю, распавядаў, што яго ўтрымлівалі ў гэтай камеры два разы. Яго адразу, як прыехаў на "Валадарку", змясцілі ў "прэс-хату" на месяц, а потым праз тыдзень зноўку туды вярнулі".

Раней былыя вязні "Валадаркі" распавядалі праваабаронцам пра існаванне "прэс-хаты", дзе ўтрымліваецца Расціслаў Светчыкаў па мянушцы "Слон", якога больш за два гады таму асудзілі за саўдзел у забойстве на 23 гады.Паводле сведчанняў былых зняволеных, той аказваў псіхалагічны і фізічны ціск на вязняў.

У СІЗА-1 існуе "прэс-хата"? Сабралі сведчанні былых вязняў

"Вясна" сабрала сведчанні былых зняволеных СІЗА-1.

"Але, што самае дзіўнае, майго сукамерніка "Слон" не чапаў. Паводле яго, гэты чалавек даводзіць вязняў псіхалагічна і маральна. Ён стварае сістэму, каб людзі кідаліся адзін на аднаго. Некаторых "Слон" збіваў фізічна".

Былы палітвязень распавядае, што пры ўсім жаданні не выконваць турэмныя ўказанні іншых вязняў, усё роўна прыходзілася прытрымлівацца турэмных правілаў, напрыклад, не абмяркоўваць ЛГБТ-людзей, не падымаць рэчы ў душавай і прыбіральні, якія ўпалі, бо ў адваротным выпадку будуць праблемы з боку зняволеных, якія праходзяць не па палітычных артыкулах.

"Былі нават прэтэнзіі, што мы займаемся спортам у камеры, бо "высмоктваем усё паветра ў камеры". Нас абмяжоўвалі ў занятках фізкультурай".

Пры гэтым, былы палітвязень адзначае, што палітычныя зняволеныя імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго і заступацца:

"У нас была свая суполка палітычных, дзе мы ўсё абмяркоўвалі. Мы стараліся падтрымаць адзін аднога. У нашай камеры атрымлівалася супрацьстаяць гэтаму накату, пакуль самых актыўных сярод палітычных не перавялі па розных камерах".

"Патрапіў у карцар, дзе сядзеў Алесь Пушкін"

Таксама адным са спосабаў ціску на вязня з'яўляецца змяшчэнне яго ў карцар. Былы палітвязень сам прайшоў праз яго. Паводле былога вязня, палітвязняў, як правіла, туды змяшчаюць па надуманных прычынах. Так здарылася і з ім:

"Усяго на "Валадарцы" чатыры карцары. Туды насамрэч не часта змяшчаюць вязняў. Я патрапіў у карцар № 4, дзе сядзеў падчас суда Алесь Пушкін. Там ён надрапаў на сцяне: "Пушкін 7 сутак". Я заўважыў гэта..."

"Ладзілі дні, калі з сукамернікамі размаўлялі па-беларуску"

Былы палітвязень размаўляў падчас гутаркі з намі на беларускай мове. Кажа, што і ў зняволенні з сукамернікамі стараліся размаўляць на ёй.

"Мы рабілі гэта, каб падтрымліваць беларускую мову, акцэнтаваць увагу іншых людзей, якія там сядзяць, на яе і зразумелі каштоўнасць гэтай мовы. Каб нагадаць, што мы беларусы і ў нас нават ёсць свая мова! Мы ладзілі нават дні беларускай мовы, калі з усімі сукамернікамі мы размаўлялі па-беларуску. Шмат людзей пазітыўна ставіліся да гэтага. Сукамернікі, якія былі вельмі далёкія ад нашай сітуацыі, успрымалі гэта нейтральна-пазітыўна, што з'яўляецца добрым знакам.

Але рапарты і размовы з супрацоўнікамі вялі на расейскай, "каб не было лішніх праблемаў і не нарывацца на непрыемнасці".

"У нас смешны момант там быў. Калі раніцай з камеры забіралі смецце, то пры гэтым яны выкарыстоўвалі беларускую мову. Адчыняюцца дзверы і яны кажуць не "мусор", а "смецце". Тут яны рэзка робяцца беларускамоўнымі".

Паводле былога палітвязня, таксама на беларускамоўнасць некаторых у зняволенні паўплывала распачатая ўзброенымі сіламі Расіі вайна ва Украіне.

"Нам у лістах пісалі, што гэта вельмі моцна паўплывала на людзей у Беларусі і вельмі шмат людзей пераходзіць з рускай на беларускую мову, каб не размаўляць на мове агрэсара. Мова як пратэст. Так было асабліва ў першыя месяцы. І мы стараліся прытрымлівацца гэтай тэндэнцыі".

Вялікі ўплыў на многіх зрабіў беларускамоўны актор, рэжысёр тэатра і выкладчык па аратарскаму майстэрству Андрэй Саўчанка, які патрапіў да нас ненадоўга.

"Гэта вельмі цікавы чалавек і добра падрыхтаваны ў плане псіхалогіі. Для нас Андрусь ладзіў лекцыі і практычныя заняткі. Ён нам распавядаў, напрыклад, як прыгожа павітацца, развітацца і аддзячыць чалавеку па-беларуску. На шпацырых ён выкладаў аратарскае майстэрства. Мы шкадавалі, што ён з намі застаўся ненадоўга [смяецца]".


Вы таксама можаце распавесці сваю гісторыю пераследу і ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення журналістам "Вясны" ў Telegram @ViasnainfoПры жаданні вы можаце застацца ананімным

Latest news

Partnership

Membership