viasna on patreon

"Украінскі дыверсант", айцішнік, супрацоўнік аблвыканкама: на дзяржТВ распавялі пра гучныя затрыманні

2023 2023-04-05T11:50:00+0300 2023-10-18T14:10:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_sennica.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля дыверсіі ў Мачулішчах 26 лютага па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў, якую сілавікі называюць "зачысткай". Па дадзеных праваабаронцаў у сакавіку было затрымана мінімум 614 чалавек. На АНТ выйшаў фільм, у якім распавядаецца пра некаторыя гучныя затрыманні, у тым ліку па якіх пагражае смяротнае пакаранне. Сярод затрыманых — "украінскі дыверсант" Мікалай Швец, друкар Алег Сычоў, айцішнік Дзмітрый Маставы, супрацоўнік Віцебскага аблвыканкама Андрэй Шмай і іншыя. Распавядаем, што вядома на гэты час.

Затрыманне ў Сенніцы
Затрыманне ў Сенніцы

Што здарылася 26 лютага?

Раніцай 26 лютага на аэрадроме Мачулішчы былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне. Паведамляецца, што цяпер самалёт знаходзіцца на рамонце на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева ў Расіі.

Што кажа КДБ?

3 сакавіка КДБ паведаміў, што па справе праходзіць каля 30 чалавек. Супраць іх узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай). Фігурантам крымінальнай справы дыверсіі ў Мачулішчах можа пагражаць выключная мера пакарання ў выглядзе расстрэлу.

Затрыманне ўдзельнікаў і ўдзельніц "сеткі СБУ"

Затрыманне Мікалая Швеца
Затрыманне Мікалая Швеца

Напрыканцы сакавіка і пачатку красавіка супрацоўнікі КДБ ладзілі маштабную аперацыю па пошуку "дыверсантаў", у межах якой у дзясятках людзей праводзілі ператрусы, іх дапытвалі і затрымлівалі. Пад пераслед патрапілі тыя, хто пераследаваўся па адміністрацыйных палітычных артыкулах з 2020 па 2023 год. Людзей пасля ператрусаў вязуць у СІЗА КДБ. Так, напрыклад, затрымліваўся памочнік старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Дзмітрый Шадко.

Цяпер стала зразумела, што затрыманні па тэрытарыяльнай і прафесійнай прыкмеце былі звязаныя з інцыдэнтам у Мачулішчах. Масавыя затрыманні псіхатэрапеўтаў або рэканструктараў былі звязаныя з тым, што два фігуранты справы, якія знаходзяцца за мяжой, па логіцы сілавікоў, маглі мець сувязі сярод знаёмых у Беларусі ў гэтых суполках. А "аблава" сілавікоў у Століне ці садовых таварыствах звязаная з пошукам "украінскага тэрарыста" Мікалая Швеца.

Як распавядаюць дзяржСМІ, затрыманы Мікалай Швец з пазыўным "Гаспар" нібыта яшчэ ў снежні мінулага года атрымаў заданне на падрыў расейскага борта ад куратара са Службы бяспекі Украіны. У канцы студзеня ён прыехаў у Мінск з Пскова пасля няўдалай спробы прыехаць у Беларусь праз Польшчу. Паводле сюжэту, легалізавацца ў Беларусі яму дапамог айцішнік і стралок Віталь Якуцік, які жыве ў Польшчы. АНТ называе беларуса "каардынатарам пратэстаў" у 2020-м годзе. Як гаворыцца ў сюжэце, ён жа дапамог пераправіць у Беларусь дроны і рэтранслятар для ўзмацнення сігналу, які Швец нібыта павінен быў выкарыстоўваць для дыверсіі ў Мачулішчах.

У фільме паказваюць затрыманага кіраўніка праектнай кампаніі Дзяніса Сакалова, які нібыта па просьбе Якуціка прыняў на працу архітэктарам-тэхнікам Мікалая Швеца для легалізацыі. Цяпер ён таксама праходзіць абвінавачаным па справе аб тэрарызме.

4 сакавіка, ужо пасля дыверсіі і няўдалай спробы эвакуявацца з Беларусі, Швеца затрымалі сілавікі. "Украінскага тэрарыста" Мікалая Швеца затрымалі 4 сакавіка ў доме друкара Алега Сычова ў садовым таварыстве "Бярозавы Гай" у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет). Сычова разам з жонкай Настай Пілько сілавікі затрымалі 3 сакавіка ў гэтым самым доме, праз суткі як забралі саміх Сычовых.

sychou_890.png
Алег Сычоў

Каля 10 чалавек затрымлівалі і трымалі ў СІЗА КДБ 3-10 сутак, а пасля гэтага іх вызвалілі.

КДБ абудзіў крымінальную справу па факце "спробы здзяйснення акту тэрарызму" у Мачулішчах. Паведамляецца, што затрымана больш за 20 чалавек.

Затрыманыя таксама людзі, якія здавалі жытло Швецу. Кватэру для яго нібыта шукалі яшчэ мінулай восенню. Знайшлі праз Андрэя Сцяпурку. Той знайшоў кватэру ў знаёмай бацькоў — Ларысы Кучынскай. Яны затрыманыя. Іх прызналі абвінавачанымі па справе аб тэракце.

Таксама паводле ч. 3 арт. 289 КК затрыманы Максім Лапацін. Яго знаёмая псіхатэрапеўтка Яўгенія Тачыцкая, якая пражывае ў Польшчы, нібыта папрасіла прывезці 27 лютага Швеца са Століна на Лагойскую трасу. Максіма Лапаціна затрымалі 3 сакавіка, а яго жонку Людмілу — 23 сакавіка. Варта адзначыць, што ў сужэнцаў двое непаўналетніх дзяцей.

lapacin.png
Максім Лапацін

Лапаціна моцна збілі пры затрыманні. На відэа бачна, што ў яго стаяць пратэзы на сківіцы, што можа азначаць, што яе зламалі. Пасля шыніравання мусіць быць сур'ёзны этап рэабілітацыі з прыёмам ежы і вады праз трубачку.

Супрацоўнік выканкама, айцішнік. Хто яшчэ затрыманы? 

Украінец з Чарнігава Андрэй Шмай, які працаваў у Віцебскім аблвыканкаме, быў затрыманы яшчэ 19 студзеня. СМІ паведамілі, што ён знік. Толькі цяпер сталі вядомыя прычыны арышту. Андрэй Шмай працаваў у Віцебскім аблвыканкаме з 2013 года, быў рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў. З 2006 па 2013 гады ён служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспектарам пункта пропуску "Ярылавічы". Прапагандысты сцвярджаюць, што ён нібыта з верасня рэгулярна адпраўляў інфармацыю "аб становішчы ў Беларусі" ва Украіну праз мэсэнджар Signal свайму малодшаму брату Руслану, які служыць намеснікам камандзіра ў аператыўных пытаннях у Чарнігаўскай управе "поўнач". Цяпер мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ па абвінавачванні па артыкуле 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць).

Таксама ў сюжэце распавялі пра затрыманне айцішніка з Сенніцы Дзмітрыя Маставога. Ён нібыта прапанаваў "Беларускаму Гаюну" зліваць інфармацыю аб аэрадроме: ён наладзіў трансляцыю з камп'ютара, якая два тыдні ішла без перапынку. Цяпер ён затрыманы, супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 356 КК (здрада дзяржавы) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

У фільме АНТ таксама распавялі пра затрыманых у Гродне. Адзін з іх — расеец Андрэй Кулікоў. Ён нібыта здымаў на фота аб'екты ў Гродне — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Распавядаюць, што год таму Кулікоў збег ад прызыву, а трапіць у Гродна яму дапамог расейскі апазіцыянер Данііл Крынары (Кавалеўскі). У снежні Крынары затрымалі ў Гродне і экстрадавалі ў Расію. Кулікоў цяпер у СІЗА КДБ, яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

Другі фігурант — беларус Вадзім Пацэнка. На кадрах допыту ён кажа, што яму нібыта паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі. Яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).

pacenko_90.png
Вадзім Пацэнка

Калі вам вядомыя падрабязнасці па справе, паведаміце, калі ласка, нам у тэлеграме @Viasnainfo

Latest news

Partnership

Membership