Двух украінцаў асудзілі ў Брэсце за "агентурную дзейнасць"
24 лістапада ў Брэсцкім абласным судзе вынеслі прысуд па справе за "агентурную дзейнасць" у Беларусі на карысць Украіны. Судзілі ўкраінцаў Міхаіла Сталярчука і Дзмітрыя Гудзіка за тое, што паводле версіі абвінавачвання збіралі дадзеныя пра вайсковую тэхніку і аб'екты ў Беларусі па заданні Службы бяспекі Украіны. Суддзя Андрэй Лешчанка прызначыў Міхаілу шэсць гадоў калоніі, а Дзмітрыю — пяць.
Грамадзян Украіны Міхаіла Сталярчука і Дзмітрыя Гудзіка асудзілі паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць). Было некалькі закрытых пасяджэнняў. Пра вынік суда і сутнасць абвінавачвання стала вядома з прапагандысцкага фільма АТН "Контрразведка. Операции белорусского КГБ против спецслужб Запада и Украины", дзе ўзгадваюцца таксама палітвязні Дзяніс Івашын, Юрый Зянковіч, фігуранты справы АГСБ і іншыя.
Згодна сюжэту, украінцаў затрымалі на пункце пропуска Брэсцкай вобласці "Макраны" — яны ехалі на аўтобусе "Львоў-Брэст". Дата затрымання не называецца, але, меркавана, гэта здарылася напачатку гэтага года. Згодна версіі абвінавачвання, па заданні Службы бяспекі Украіны яны збіралі дадзеныя пра ваенную тэхніку і аб'екты з 2018 года. З імі быў затрыманы таксама Ігар Дзірко, але замест судовага пераследу яго выслалі з Беларусі.