viasna on patreon

"Справу Вясны" накіравалі ў суд. Распавядаем, што праваабаронцам ставіцца ў віну

2022 2022-11-28T17:08:24+0300 2022-11-28T17:35:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaaboroncy_9073.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, якія ўтрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года. Па гэтай жа справе будуць судзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці і Зміцера Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. Іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Дата суда пакуль не прызначаная. Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Калаж: svaboda.org

Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі.

Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання".

Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года".

У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за асобных асоб, "прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання; іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь";
  • выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, "якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў";
  • аплаты працы адвакатаў, "у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь".

"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.

На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта са згоды Генеральнага пракурора ў дачыненні да Зміцера Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць.

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.

Нагадаем, раніцай 14 ліпеня да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У хуткім часе ім выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК і змясцілі пад варту. Праз год абвінавачванні змянілі на больш жорсткія.

Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні

Ужо год і два месяцы як старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1.

Latest news

Partnership

Membership