Адвакат па справе супраць Калеснікавай і Знака: Прысуд можа быць вынесены праз некалькі дзён
Суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам ідзе ў паскораным тэмпе. Хоць працэс пачаўся 4 жніўня, прысуд можа быць вынесены ўжо на гэтым тыдні. Пра гэта паведамляе прэс-служба штаба Віктара Бабарыкі са спасылкай на адваката Уладзіміра Пыльчанку.
Праз тое, што суд ідзе ў закрытым рэжыме і адвакаты звязаныя падпіскай аб неразгалошванні, Уладзімір Пыльчанка распавесці шмат не можа. Адвакат толькі адзначыў, што «нават па выніках судовага следства, агучыўшы ўсе сабраныя па крымінальнай справе матэрыялы, абароне так і не зрабіўся зразумелы у дастатковай ступені ні план, ні механізм захопу ўлады, пра які гаворыцца ў абвінавачванні». Ён дадаў, што «так і не ўбачыў законных падставаў для разгляду справы ў закрытым фармаце, як і тых звестак, у сувязі з якімі прынята такое рашэнне».
"На гэты момант усе тамы агучаныя — і мы знаходзімся ў стадыі судовых спрэчак. У панядзелак, 30 жніўня (а гэта будзе 17-ы дзень судовага пасяджэння), спрэчкі працягнуцца, і можна прагназаваць, што ў гэты дзень выступяць усе ўдзельнікі, у тым ліку Марыя і Максім скажуць апошняе слова.
Калі будзе пастаноўлены прысуд — мы можам толькі выказваць здагадкі. Дату і часу абвесціць суд. Але я не думаю, што гэта адбудзецца так хутка, як вы кажаце. З улікам аб'ёму справы і працягласці судовых спрэчак, я б чакаў прысуд праз некалькі дзён", — кажа адвакат і заўважае, што з такімі тэмпамі разгляду справы ў сваёй практыцы яшчэ не сутыкаўся.
Паводле Пыльчанкі, адвакаты будуць настойваць на апраўданні сваіх падабаронных.
"У тым, што Марыя недатычная да тых злачынстваў, якія ёй ставяцца ў віну, я не сумняваюся", — заявіў Пыльчанка.
У чым іх абвінавачваюць?
Калеснікаву і Знака вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 357, ч. 3 арт. 361 і ч.1 арт. 361-1. Ім пагражае да 12 гадоў турмы. У крымінальнай справе 41 том.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваныя сумесна з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
Асновай для рэалізацыі такой задумы паслужыла паспяхова апрабаваная ў шэрагу краін методыка змены ўлады незаконным шляхам. Яна прадугледжвала акумуляванне прадстаўнікоў пратэснага руху дзеля фармавання неарганізаванай масы людзей як прылады дасягнення мэтаў і спосабу фармавання пратэснага настрою ўдзельнікаў. Методыка была адаптавана да беларускай грамадзянскай супольнасці і сучаснага ўзроўню развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Паводле плану, яны ў розных месцах, абвясціўшы і пазіцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай С.Г., страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіравання, слабасць дзейснай улады. Заклікалі да «страйкаў» на дзяржаўных прадпрыемствах з высоўваннем выключна палітычных патрабаванняў як легальнага спосабу выказвання свайго меркавання. Неаднаразова наўпрост і ў завуаляванай форме заклікалі да прызнання выбараў несапраўднымі, а дзейснага кіраўніка дзяржавы — нелегітымным.
На прэс-канферэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 года ў Мінску, Калеснікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі пра стварэнне па ініцыятыве Ціханоўскай С.Г. так званай «кардынацыйнай рады» як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадства для арганізацыі перадачы ўлады.
Хаваючы свой матыў, у якасці афіцыйнай мэты стварэння «кардынацыйнай рады» яны заявілі арганізацыю працэсу пераадолення палітычнага крызісу, забеспячэнне згоды ў грамадстве, а таксама абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
Разам з тым сапраўднай мэтай стварэння «кардынацыйнай рады» з'яўлялася каардынацыя пратэснай актыўнасці, у тым ліку па арганізацыі і правядзенні дзеянняў, накіраваных на::
- захоп дзяржаўнай улады і змену палітычнага кіраўніцтва неканстытуцыйным шляхам;
- распальванне палітычнай, ідэалагічнай і сацыяльнай варожасці ў грамадстве;
- публічныя заклікі да перашкаджэння законнаму функцыянаванню органаў дзяржаўнай улады і кіравання.
Названыя кірункі працы «кардынацыйнай рады» сведчаць пра ажыццяўленне ім экстрэмісцкай дзейнасці.