viasna on patreon

Перадаў у бот звесткі аб перамяшчэнні спецтэхнікі 9 жніўня. Палітвязня Капанца судзяць за дапамаганне ў арганізацыі беспарадкаў

2021 2021-05-15T08:57:30+0300 2021-05-15T09:25:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kanapec_78.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядаецца справа палітвязняволенага члена ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргея Капанца. За падзеі 9-11 жніўня ў Мінску яго судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 293 і ч. 1 арт. 342. Сяргея абвінавачваюць у дапамаганні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў, што выявілася ў перадачы ў бот тэлеграм-канала, прызнанага на дадзены момант экстрэмісцкім, тэкставай інфармацыі і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня, а таксама ў распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім і каардынаванні руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёна пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня. Таксама Капанца судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску. Справу палітвязня разглядае Вікторыя Шабуня, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Арцём Цвяткоў. "Вясна" назірае за судовым працэсам і распавядае абставіны гэтай справы.

Сяргей Капанец у судзе 13 траўня. Фота: spring96.org
Сяргей Капанец у судзе 13 траўня. Фота: spring96.org

Перадаў інфармацыю ў бот тэлеграм-канала Пуцілы аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў. У чым абвінавачваюць Капанца?

Паводле версіі абвінавачвання, Сяргея Капанца абвінавачваюць у тым, што ён "у выкананне публічных заклікаў у інтэрнэце аказаў садзейнічанне ва ўдзеле 9 жніўня і наступных днях у загадзя спланаваных пад выглядам масавых мерапрыемстваў беспарадкаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Так, ён "дзейнічаючы ўзгоднена з групай асоб [пры гэтым, на лаве падсудных – адзін Капанец] з мэтай збору на адным участку максімальна магчымай колькасці агрэсіўна настроеных асоб, якія жадаюць выказаць нязгоду, для стварэння масавасці ўдзельнікаў беспарадкаў" размясціў на вуліцы Ложынскай і ў фэйсбуку аб'явы-улёткі наступнага зместу:

"Дорогие соседи! Приглашаем вас принять участие в подведении итогов президентских выборов. Собираемся в 20.30 у ТЦ «Спектр» (метро Уручье). Обсудим итоги и решим, как жить дальше".

Таксама, паводле версіі абвінавачвання, Капанец перадаў у бот тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілы, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім, звесткі (тэкст і відэа) аб перамяшчэнні спецыяльнай тэхнікі супрацоўнікаў АУС, а менавіта тэкставае паведамленне наступнага зместу:

"14.21: Калона рушыла ў горад з боку Уручча.
15.13: Вялікая колькасць аўтазакаў з супрацоўнікамі ўнутры, аўтобусы".

З абвінавачвання вынікае, што перададзеная інфармацыя выкарыстоўвалася Сцяпанам Пуціла і Раманам Пратасевічам "у кіраўніцтве і каардынацыі супрацьпраўных дзеянняў удзельнікаў масавых беспарадкаў у Беларусі, у тым ліку ў горадзе Мінску і іх перамяшчэнне па горадзе Мінску".

Таксама Капанца абвінавачваюць у перадачы відэа з калонай спецтэхнікі рэдакцыі Пуцілы, якое той потым выкарыстаў на сваім канале ў некалькіх пастах з надпісамі:

«Ментов и военных свозят в Минск. А что это значит? Это значит, что регионы сегодня покажут, что столица — это далеко не вся Беларусь и протестный запал есть не только там», «В Уручье встречают колонну транспорта карателей, стянутых из регионов», «Вся военная техника в Минске, а это значит, что у регионов полная свобода действий. Если вы живёте не в областных центрах, то не забываем выходить сегодня в 20:00 на центральные площади ваших городов».

Пасля гэтага, па версіі абвінавачвання, Капанец выступіў арганізатарам масавага мерапрыемства каля ГЦ "Спектр" у 20:30, каардынаваў шлях ад "Спектру" да Адміністрацыі Першамайскага раёна, што "адпавядала заклікам да ажыццяўлення масавых беспарадкаў", размешчаных у телеграм-канале Пуцілы, які заклікаў збірацца ў раённых Адміністрацыях. Так, паводле версіі абвінавачвання, Сяргей Капанец аказаў дапамаганне Сцяпану Пуціла, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады, гэта значыць здзейсніў злачынства па ч. 6 арт. 16 і ч.1 арт. 293 КК.

Таксама Сяргея Капанца абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску, што выявілася ў блакаванні дарог, выкрыкванні ім лозунгаў, здзяйсненні гучных воплескаў рукамі, аказванні відавочнага непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Пракурор пералічыў каля дзясятка транспартных сродкаў, рух якіх быў парушаны вечарамі 10 і 11 жніўня амаль на чатыры гадзіны. Пры гэтым, сума шкоды "Мінсктрансу" не называецца.

Сяргей Капанец віну не прызнаў па двух артыкулах.

"Я паварочваўся і ганарыўся нашымі людзьмі". Што кажа палітвязень на судзе?

Сяргей Капанец на судзе распавёў, што 9 жніўня каля 20:00 ён знаходзіўся ў раёне гандлёвага цэнтра "Спектр" у Мінску. Да гэтага ён быў на выбарчым участку, які знаходзіцца ў школе №191, куды прыехаў, каб прагаласаваць. Паводле яго словаў, з-за вялікай чаргі ён змог прагаласаваць толькі ў 19:30. Потым ён з выбаршчыкамі застаўся чакаць вынікаў галасавання, але не дачакаўся: "Выйшла жанчына і дэманстратыўна павесіла замок [на школу]". Па словах Сяргея, людзі сталі абурацца тым, што вынікі выбараў не былі вывешаныя, і пайшлі да "Спектру", у тым ліку і ён. Пракурора ў судзе на допыце цікавіла, хто павёў натоўп да гандлёвага цэнтра. Сяргей сказаў, што людзі самі пайшлі туды. Калі ўсе падышлі да "Спектру", то сталі размаўляць паміж сабой, абменьвацца думкамі. Напрыклад, па словах палітвязня, у людзей выклікала шмат пытанняў тое, што на ўчастку скончыліся выбарчыя бюлетэні. Таксама людзі былі здзіўленыя, што на выбарчы ўчастак некаторых людзей не пускалі ўжо каля 19 гадзін і не ўсе паспелі прагаласаваць.

"У асноўным, былі незадаволенасці, што ніхто нічога не тлумачыць проста", — патлумачыў Сяргей Капанец.

Некаторыя людзі каля "Спектру" падыходзілі непасрэдна да Капанца. Як патлумачыў Сяргей, людзі ведалі яго, таму што ён на працягу месяца збіраў там подпісы за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.

"Да мяне падышоў чалавек, які здзівіў мяне сваёй вопраткай. Ён быў апрануты ў строгія штаны, туфлі і кашулю з кароткім рукавом. Па яго вонкавым выглядзе я зразумеў, што ён знаходзіцца на працы. Ён спытаў, як справы і што мы збіраемся рабіць. Таксама ён сказаў, што спадзяецца, што мы не збіраемся ісці да Стэлы. Мяне гэтая фраза вельмі здзівіла".

Сяргей Капанец патлумачыў у судзе, што ён ідэнтыфікаваў гэтага чалавека, як супрацоўніка АУС. Пры гэтым, да Сяргея падыходзілі людзі і пыталіся, што будзем рабіць. Тады Капанец спытаў у чалавека, якога ён успрыняў як супрацоўніка, ці не пярэчыць ён, калі ён пойдуць у бок ГЦ "Dana Mall". На што ён адказаў, калі ніхто не будзе парушаць ПДР і дзеючае заканадаўства, то можна ісці і нікога "хапаць" не будуць. Пракурор Цвяткоў высвятляў, ці склікаў хтосьці людзей сабрацца ў гэты час каля "Спектру". Сяргей Капанец распавёў, што падобныя дзеянні рабіў Юрый Васкрасенскі. 9 жніўня ён перадаў Капанцу інфармацыйныя матэрыял з нагоды збору каля "Спектру". Аднак на судзе Капанец ужо не мог успомніць, што было на гэтых улётках (Капанец на судзе падкрэсліваў, што ён не ўспрымаў гэта як улёткі). Па матэрыялах справы, на матэрыялах была фраза: "Дорогие соседи! Приглашаем вас принять участие в подведении итогов президентских выборов. Собираемся в 20.30 у ТЦ «Спектр» (метро Уручье). Обсудим итоги и решим, как жить дальше". Васкрасенскі папрасіў Сяргея расклеіць каля 10 улётак. Капанец узяў іх, але яму нічога не адказаў. Потым паклаў іх пад'ездзе каля канс'ержкі, а Васкрасенскаму сказаў, што распаўсюдзіў. Сяргей падкрэсліў, што гэта пацвярджаецца матэрыяламі справы і паказаннямі суседа з гэтага пад'езда.

Таксама такі матэрыял быў размешчаны на старонцы Сяргея Капанца ў фэйсбуку, аднак сам Сяргей на судзе сказаў, што яму пра гэтую публікацыю нічога невядома. Ён адмаўляе, што размяшчаў такую аб'яву 9 жніўня ў сябе на старонцы, бо да яго профілю мае доступ яшчэ некалькі чалавек.

Ад "Спектру" каля 100 чалавек пайшлі ў бок ГЦ "Dana Mall". Людзі паміж сабой перадавалі інфармацыю, што трэба рухацца ў бок "Усходу", а таксама падкрэслівалі, каб не выходзілі на праезную частку і на траву, не парушалі правілы дарожнага руху.

"Ніхто не выходзіў на праезную частку. Я паварочваўся і ганарыўся нашымі людзьмі", – распавядае Сяргей пра падзеі вечара 9 жніўня.

Пры гэтым, як распавядае палітвязень, у людзей не было ні сімволікі, ні атрыбутыкі, людзі не выкрыквалі лозунгаў, не пляскалі ў далоні. Сяргей на судзе заявіў, што ён не каардынаваў рух гэтых людзей:

"Мне пару разоў тэлефанаваў Юра Васкрасенскі [сам Васкрасенскі ішоў з сынам у сярэдзіне гэтай калоны], казаў, каб пачакалі, таму што людзі ззаду адсталі. Гэта была адзіная каардынацыя – ад Юрыя Васкрасенскага".

Капанец пацвердзіў, што ён усё ж такі пасля гэтага папрасіў людзей крыху пачакаць, аднак сам палітвязень не лічыць гэта каардынацыяй і суправаджэннем людзей.

Пракурор Цвяткоў спытаў, хто і як арганізоўваў людзей, на што Сяргей сказаў:

"У нас шыкоўна арганізоўваюцца людзі самі. Выдатныя людзі ў Беларусі!"

Пры гэтым, як патлумачыў Капанец, усё, што адбываецца ён не ўспрымаў як масавае мерапрыемства, таму ён не задумваўся аб афіцыйных дазволах на яго правядзенне выканкама.

"Гэта канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна выйсці на вуліцу", – сказаў палітвязень.

Па словах абвінавачанага, калі людзі прыйшлі да "Dana Mall", то частка пайшла ва ўнутр, а частка засталася размаўляць і слухаць музыку. Пракурор спытаў, пра што там размаўлялі людзі і ці не абмяркоўвалі яны вынікі выбараў.

"Я думаю, казалі аб надвор'і. Я асабіста не абмяркоўваў вынікі [выбараў]. Я прыемна праводзіў час з людзьмі", – адказаў Сяргей. 

Затым людзі пайшлі да "Беларусьфільма". Сяргей распавёў, што людзі самі прапанавалі прагуляцца туды.

Допыт Сяргея Капанца пра прад'яўленым абвінавачванні будзе працягнуты пасля допыту сведак.

"Васкрасенскі выкарыстаў Сяргея ў нейкіх мэтах". Допыт сведак

Сяргей Капанец. Фота з сацсетак
Сяргей Капанец. Фота з сацсетак

У судзе дапыталі дзевяць сведак: сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка і жонку Сяргея Алену. На судзе ва ўсіх пыталіся пра працоўныя чаты і групы ў фэйсбуку і тэлеграме, пра планы дзеянняў пасля таго, як Бабарыку арыштавалі, пра пратэстныя ўлёткі, якія выявілі ў месэнжэрах Капанца, пра тое, дзе яны знаходзіліся 9-11 жніўня, як пазнаёміліся з Сяргеем.

Сведка Алена, якая з'яўляецца жонкай Сяргея і ведае яго каля 15 гадоў, на судзе патлумачыла, што Сяргей быў шараговым валанцёрам штаба Бабарыкі, не з'яўляўся арганізатарам. Паводле яе словаў, яго кропка была насупраць ГЦ "Спектр" на Уруччы, дзе ён займаўся зборам подпісаў з мая па чэрвень 2020 года. Ён таксама запаўняў ведамасці, сядзеў за пластыкавым сталом, працаваў з выбаршчыкамі.

"Затрыманне было падобна на выкраданне"

На судзе жонка Сяргея Алена распавяла, што муж не прысвячаў яе ў тонкасці працы і не планаваў браць удзел у масавых мерапрыемствах. Таксама яна распавяла, што ён актыўны карыстальнік сацыяльных сетак, абмяркоўваў там розныя тэмы. Сяргея Капанца затрымалі 11 жніўня ў двары дома.

"Сяргей дома адпачываў, спаў, стала паступаць шмат званкоў ад Юрыя Васкрасенскага. Мне давялося яго абудзіць, думала нешта важнае, яны пагаварылі. Муж сказаў: "Я спушчуся, пагавару". Яго атачылі чатыры фізічна падрыхтаваных чалавека. Сяргей падняў рукі ўверх і пайшоў з імі. Затрыманне было падобна на выкраданне, потым я яго шукала па РАУС", – распавяла жонка Сяргея Капанца на судзе.

Паводле яе слоў, улётак у доме і ў машыне ў іх не было. Адвакат Сяргея папрасіў яго жонку ахарактарызаваць яго.

"Мой муж чалавек таварыскі, добры, харызматычны, мэтанакіраваны, эмацыйны. Эмоцыі могуць фантанаваць, але, пры гэтым, палку не перагінае. Не з'яўляецца злым чалавекам. Калі з кімсьці на эмоцыях, то знойдзе сілы папрасіць прабачэння і заўсёды сумленна высвятляе адносіны, гледзячы чалавеку ў вочы.

У апошні час муж стаў медыйным чалавекам, у яго з'явілася вялікая колькасць падпісчыкаў. Сяргей трохі схільны ўплыву, у яго заўсёды ў жыцці былі прыярытэты і аўтарытэты. Гаварыў з дзіцячым захапленнем, калі працаваў на Альфарадыё, арганізоўваў інтэрв'ю са знакамітымі артыстамі. Так і падчас перадвыбарчай кампаніі ён заўсёды з захапленнем казаў пра Васкрасенскага, што ў яго дзве адукацыі, ён харызматычны. Васкрасенскі апынуўся паліттэхнолагам і адна з прычын, што Сяргей знаходзіцца ў гэтай зале, што Васкрасенскі выкарыстаў Сяргея ў нейкіх мэтах, што Сяргей трапіў пад яго ўплыў і прыслухоўваўся да яго меркавання", – распавяла Алена пра мужа.

Васкрасенскі не з'явіўся на суд, бо ўдзельнічае ў паседжанні Канстытуцыйнай камісіі

Адвакат хадайнічаў аб выкліку і допыце ў якасці сведкі Юрыя Васкрасенскага, аднак 13 траўня ён нібыта быў у камандзіроўцы. 14 траўня ён не змог з'явіцца ў суд, таму што ўдзельнічаў у паседжанні Канстытуцыйнай камісіі. На гэтым паседжанні разглядалі прапановы па змене канстытуцыйных палажэнняў аб функцыях і паўнамоцтвах беларускага парламента. 

Васкрасенскага дапытвалі 28 снежня мінулага года. Гэтыя паказанні былі зачытаныя ў судзе 14 траўня. Падчас следства ён растлумачыў, што ўступіў добраахвотна ў ініцыятыўную групу Бабарыкі, дзе збіраў подпісы жыхароў Першамайскага раёна і адносіў іх у штаб Бабарыкі. Паводле яго словаў, 9 жніўня ён вырашыў самастойна вырабіць улёткі ў колькасці 200 штук, палову з якіх аддаў камандзе для распаўсюду. Увечары 9 жніўня ён прыйшоў да "Спектру", дзе сабралася каля 300-400 чалавек. На выбарчым участку, які знаходзіцца побач, перамог Аляксандр Лукашэнка з вынікам 80 працэнтаў. Як распавядаў Васкрасенскі следчым, вынікі галасавання на ўчастку не вывесілі, таму ўсе вырашылі пайсці да Адміністрацыі Першамайскага раёна, дзе павінны былі быць вывешаныя вынікі. Паводле яго словаў, натоўп рухаўся па тратуары, на чале яго ішоў Капанец, а сам Васкрасенскі з непаўналетнім сынам ішоў у сярэдзіне натоўпу.

Капанец на судзе сказаў, што ў паказаннях Васкрасенскага шмат хлусні. На пытанне суддзі, навошта яму гэта трэба, ён адказаў, што ў яго ёсць здагадка, што Васкрасенскі хавае чалавека, які быў з ім і да якога ён ставіцца з павагай, магчыма, ён не з Беларусі.

14 траўня палову судовага пасяджэння зрабілі закрытым, так як вывучалі матэрыялы з телеграм-канала, прызнанага ў цяперашні час экстрэмісцкім.

Працяг суда прызначаны на панядзелак, 17 траўня.

Latest news

Partnership

Membership