Самалёт прэм'ера Беларусі Сяргея Сідорскага паляцеў на Кубу без Алега Праляскоўскага і Аляксандра Зімоўскага, якія ўваходзяць у сьпіс неўязных у Эўропу, Канаду і ЗША
Болей як на гадзіну затрымаўся адлёт ў Гавану зь Менску самалёта прэм'ера Беларусі Сяргея Сідорскага, паведамляюць афіцыйныя крыніцы ў Беларусі. Прызнаецца, што затрымка тлумачылася адмовай Канады дазволіць самалёту беларускага прэм'ера зрабіць пасадку на тэрыторыі гэтай краіны для дазапраўкі. Урад Канады патлумачыў свае дзеяньні знаходжаньнем на борце самалёта дарадцы прэзыдэнта Алега Праляскоўскага і старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, якія уключаныя ў сьпіс неўязных у краіны Эўропы, ЗША і Канаду за удзел у фальсыфікацыі мінулых выбараў.
Паводле афіцыйных крыніцаў у Менску, гэтыя чыноўнікі мусілі застацца ў Менску. Самалёт зь Сяргеем Сідорскім і чальцамі афіцыйнай дэлегацыі Беларусі вылецеў у Гавану. У праграме візіту беларускага прэм'ера сустрэча з лідэрам Кубы Фідэлем Кастрам, паведаміла Радыё Свабода.