За выказванні пра пратэсты ў Казахстане і Беларусі жыхара Слоніма асудзілі да 7,5 гадоў калоніі Дополнено
19 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе вынесены прысуд 34-гадоваму жыхару Слоніма Аляксандру Петушкову. Суддзя Дзмітрый Бубенчык агучыў мужчыну вырак: 7,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма.
Яго прызналі вінаватым адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"), ч. 1 арт. 130 ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы"), ч. 1 арт. 293 ("Масавыя беспарадкі") і ч. 1 арт. 368 ("Абраза Лукашэнкі").
Вядома, што Петушкоў быў затрыманы 12 студзеня 2022 года за негатыўную інфармацыю ў тэлеграм-чатах з нагоды падзей у Казахстане.
"У Telegram-чатах пісаў негатыўную інфармацыю па падзеях, якія адбыліся ў Казахстане: па пратэсных настроях таго, што адбылося ў Казахстане, пра змену ўлады, пра ўвод міратворчага кантынгенту ў Казахстан", – сказаў хлопец на «пакаяльным» відэа.
Потым яго вызвалілі, але 11 красавіка Петушкоў быў затрыманы зноў, ужо ў рамках крымінальнай справы. Як высветлілася, падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі рэпосты і каментары з заклікамі аб страйку, прыпынку працы прадпрыемстваў, аб аднаўленні пратэстаў. Гучалі там і прапановы зняць пагоны сілавікам і генералам. У дачыненні да Лукашэнкі ён выкарыстаў словы "ўзурпатар" і "нелегітымны".
22 ліпеня 2022 года КДБ унёс яго ў "спіс тэрарыстаў".