viasna on patreon

Мінчанку асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у Маршы адзінства

2022 2022-04-14T14:54:17+0300 2022-04-14T15:17:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судебный зал. Иллюстративное фото spring96.org

Судебный зал. Иллюстративное фото spring96.org

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра прысуд Вользе Чарнушыч. 29 сакавіка 2022 суддзя Савецкага раёна Мінска Алена Жуковіч прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і агучыла вырак: тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".

Бок дзяржабвінавачання падтрымаў памочнік пракурора Савецкага раёна Уладзімір Рабаў. Менавіта ён прадстаўляў бок дзяржабвінавачання ў працэсе над палітзняволеным Сцяпанам Латыпавым.

Вольга Чарнушыч утрымлівалася пад вартай з 28 снежня 2021 года. Пасля агучвання выраку яе вызвалілі ў залі суда.

Згодна з абвінавачаннем, 6 верасня 2020 года дзяўчына прыняла ўдзел у "групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэста. Абвінавачанне было ўпэўненае, што яна ўдзельнічала ў мерапрыемстве у складзе групы асобаў па папярэдняй змове. Пры гэтым дзяўчына публічна выкрыквала лозунгі, блакавала рух транспарта і не падпарадкоўвалася патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі "спыніць названыя групавыя дзеянні"

Вольга прызнала віну цалкам і распавяла, што 6 верасня прыняла ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Мінску. Яна ішла па праспекце Пераможцаў з іншымі людзьмі, у тым ліку, па праезнай частцы. Сумесна са сваім знаёмым — Сяргеем Шаўчэнкам, былым палітвязнем, якога таксама асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў "хіміі" — і "чалавекам, апранутым у касцюм дыназаўра", яна рабіла фотаздымкі. Але ўдакладніла, што пры гэтым яна не выкрыквала лозунгаў і не пляскала ў далоні. Таксама дзяўчына прызналася, што не чула, як супрацоўнікі праз гукаўзмацняльнік паведамлялі пра незаконнасць правядзення мерапрыемства. 

Суд прызнаў неабгрунтаванымі довады абароны пра тое, што дарогу заблакавалі не ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства, а супрацоўнікі міліцыі. Таксама суд прыняў ва ўвагу тое, што "здзейсненае абвінавачанай злачынства замахваецца на грамадскі парадак і нанесла відавочную шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, якія забяспечваюць правапарадак, стварыла атмасферу усёдазволенасці".  

Таксама "Мінсктранс" заявіў пазоў на суму больш за 22,5 тысячы рублёў, які будзе вылучаны ў грамадзянскую вытворчасць. Таксама яна мусіць выплаціць дзяржпошліну на суму больш за 1125 рублёў. На тэлефон абвінавачанай накладзены арышт.

Последние новости

Партнёрство

Членство