Палітвязня Сяргея Шпака, які ўдзельнічаў у відэазвароце афіцэраў запасу да вайскоўцаў, пакаралі трыма гадамі "хатняй хіміі"
Суд Маскоўскага раёна Мінска 14 снежня вынес прысуд падпалкоўніку запасу, палітвязню Сяргею Шпаку. Яго абвінавацілі у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка.
Палітвязень Сяргей Шпак быў затрыманы падчас вялікай хвалі ператрусаў і затрыманняў 16 ліпеня 2021 года, напачатку быў змешчаны ў СІЗА КДБ, а затым пераведзены да суда ў СІЗА №1.
Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі, ён і яшчэ некалькі дзясяткаў афіцэраў, быў пазбаўлены вайсковага звання пасля 28 год бездакорнай службы ў Узброеных Сілах.
Сяргей Анатольевіч Шпак - падпалкоўнік запасу, які ўдзельнічаў у відэазвароце афіцэраў запасу да беларускіх вайскоўцаў, які быў змешчаны на youtube-канале. Зараз відэазварот больш недаступны.
У Сяргея – чацвёра дзяцей, двое з іх непоўнагадовыя.
Інфармацыі пра судовы працэс над палітвязням у праваабаронцаў пакуль небагата.
14 снежня быў вынесены прысуд: прызнаць вінаватым і пакараць абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Ён выйшаў на свабоду адразу пасля абвяшчэння прысуду.