Затрыманні сваякоў палітвязняў, "хапун" на БЕЛАЗе, абноўлены "Спіс экстрэмістаў": хроніка пераследу 14-16 лістапада Updated
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-16 лістапада 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Чарговыя выбары прэзідэнта ў Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года, суправаджаюцца традыцыйнымі рэпрэсіямі. 14 лістапада адбылася другая хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 37 чалавек — цяпер у ім 4655 прозвішчаў
16 лістапада МУС зрабіла традыцыйны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі былога міліцыянта Вілена Тургунава, а таксама затрыманага па вяртанні ў Беларусь Аляксандра Камлёнка.
У вучняў адной са школ Ваўкавыску на наступным тыдні могуць правяраць тэлефоны
Такую інфармацыю 16 лістапада апублікаваў канал "Суды, задержания. Гродно и область".
"Нам пішуць, што на наступным тыдні ў адной са школ Ваўкавыска плануюцца праверкі тэлефонаў навучэнцаў. Рэкамендуем быць уважлівымі да змесціва на прыладах, а таксама абгаварыць гэтае пытанне з дзецьмі загадзя".
У Расіі затрымалі беларуса, якога на радзіме абвінавачваюць у "рэабілітацыі нацызму" і "распальванні варожасці"
37-гадовага грамадзяніна Беларусі затрымалі раніцай 14 лістапада на вуліцы Кржыжаноўскага ў Санкт-Пецярбургу. Мужчыну ў Беларусі абвінавачваюць у "распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці ці варажнечы" і "рэабілітацыі нацызму".
"З 2010 па 2020 год беларус праз сацыяльную сетку размяшчаў матэрыялы, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, рэабілітацыю нацызму, даступныя для агляду неабмежаванаму колу карыстальнікаў, супраць народаў, якія жывуць на тэрыторыі Каўказа. 16 верасня яго аб'явіла ў вышук міліцыя Барысаўскага раёна", — паведамляюць расійскія СМІ.
Паведамляецца, што беларус дастаўлены ў дзяжурную часць аддзела паліцыі Неўскага раёна, піша «Люстэрка».
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" сайт для адпраўкі лістоў зняволенным
12 лістапада суд Партызанскага раёну Мінска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайт ініцыятывы "Письмо.бел", а таксама старонкі яе ў сацсетках.
"Письмо.бeл" дазваляе дасылаць лісты вязням "не адыходзячы ад кампутара ці тэлефона".
16-гадовага жыхара Вакаўвыску затрымалі за зрэзаны чырвона-зялёны сцяг
Паводле сілавікоў, усё адбылося ўвечары ў суботу — хлопец чакаў свайго сябра ў пад'ездзе на верхнім паверсе. У нейкі момант ён адкрыў замок дзвярэй на дах. Там ён убачыў чырвона-зелёны сцяг, дастаў складны нож, адрэзаў яго і схаваў у доме ў шафе.
У дачыненні да падлетка распачалі крымінальную справу за "здзек з дзяржаўных сімвалаў".
У Рэчыцы пад палітычны пераслед трапіў адзін з самых паважаных у горадзе лекараў
19 лістапада ў Рэчыцы адбудзецца судовы працэс у дачыненні да Андрэя Курловіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу мужчыны будзе разглядаць суддзя Юліяна Лунцэвіч.
Андрэй Курловіч працуе загадчыкам анестэзійна-рэанімацыйнага аддзялення Рэчыцкай цэнтральнай раённай лякарні. У горадзе і раёне ён вядомы як адзін з найбольш прафесійных лекараў.
«Многія ўважлівыя чытачы добра ведаюць, каму часцей за ўсё на старонках газеты адрасавалі словы падзякі рэчычане, якіх медыкі літаральна вырывалі з чэпкіх абдымкаў каранавіруса. Правільна, Андрэю Курловічу, загадчыку аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Рэчыцкай ЦРБ», — пісала пра яго ў 2022 годзе дзяржаўная раённая газета.
Пакуль імя лекара не прыбранае з сайта рэчыцкай лякарні, піша «Гомельская Вясна».
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
15 лістапада МУС традыцыйна абнавіла Спіс эктстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "Блёк воля", "Heretic Camp -MZ/WJ official discography", "Штабные крысы";
- Instagram старонкі "bela.manc", "belgium_razam", "allboty", "thewesternbattalion", "_asadak_", "yauhendrums", "belarusiansdc";
- Старонка ва "Укантакце" "Эмиграция из Белорусского концлагеря";
- Сацсеткі праекту "Не твоя война";
- YouTube-канал "Нашы Шортсы";
- Старонкі ў "Аднакласніках" "Bel.Lit", "Незалежны прафсаюз РЭП", "Свабода";
- TikTok-старонкі "chinovniktiktok", "nedeshevka228".
З'явілася інфармацыя пра затрыманні на БЕЛАЗе — яны звязаныя з іх новымі ботамі
Праваабаронцы 14 лістапада атрымалі інфармацыю пра масавы "хапун" на жодзінскім прадпрыемстве. Паведамляецца, што затрыманні звязаныя з новымі кітайскімі ботамі, якія пачало выпускаць прадпрыемства.
Сцвярджаецца, што нехта з супрацоўнікаў прадпрыемства стварыў нейкі чат, у якіх пачаў высмейваць боты — пасля гэтага пачаліся затрыманні.
Па ўсёй Беларусі прайшла чарговая хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў
Па інфармацыі праваабаронцаў, 14 лістапада супрацоўнікі КДБ зладзілі чарговы рэйд па ўсёй краіне. Пад затрыманні трапілі таксама і сваякі палітвязняў. Па інфармацыі "dissidentBY", арышты і вобшукі прайшлі ў шматлікіх людзей на прадмет атрымання дапамогі.
Таксама "Краіна для жыцця" паведамлялі, што затрыманні прайшлі ў Гродненскай вобласці, Баранавічах і Мінску.
Справу Антона Матолькі накіравалі ў суд
Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд завочную крымінальную справу блогера Антона Матолькі.
Нагадаем, сёлета 22 ліпеня супраць Антона Матолькі распачалі спецвытворчасць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса:ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяй), ч. 2 арт. 366 (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі), ч. 1 і 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве).
У Оршы за "экстрэмізм" судзілі маладую маці, якая вядзе тыкток-блог пра гарадское жыццё
Як паведаміў тг-канал "Витебск, я гуляю!", 13 лістапада імя Марыны Пруднікавай з'явілася ў раскладзе суда Аршанскага райна і Оршы. Суддзя Інна Кахова. Жанчыну судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).Марына гадуе дваіх дзяцей.