viasna on patreon

Справа Рыка Крыгера: сабралі ўсё, што вядома Updated

2024 2024-07-22T13:31:20+0300 2024-07-22T18:51:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kryger_ryka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Rico Krieger. Photo: sb.by

Rico Krieger. Photo: sb.by

У Мінскім абласным судзе 24 чэрвеня быў вынесены смяротны прысуд 29-гадоваму супрацоўніку "Нямецкага Чырвонага крыжа" Рыка Крыгеру (Rico Krieger). У Беларусі яго абвінавацілі паводле шасці цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК). Негледзячы на тое, што суд часткова праходзіў у адкрытым рэжыме, акалічнасці па справе прыходзіцца збіраць па крупіцах з розных крыніц. "Вясна" сабрала ўсё, што вядома па справе Рыка Крыгера, а каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда распавядае, якія могуць быць перспектывы па ёй.

Калі і як затрымалі Рыка Крыгера?

Паводле інфармацыі "Вясны", пад вартай Рыка Крыгер знаходзіцца з 6-га кастрычніка 2023 года. Але пра яго пераслед стала вядома толькі з раскладу суда, калі прызначылі першае пасяджэнне. Афіцыйныя ведамствы нічога не паведамлялі пра затрыманне грамадзяніна Германіі. Толькі 22 ліпеня ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў паведамілі, што Крыгера затрымалі 13 кастрычніка 2023 года. Як напісала ў сваім тэлеграм-канале прапагандыстка Гладкая, якая прысутнічала на судзе, Крыгер у Беларусь прыехаў турыстам 2 кастрычніка 2023-га, пасля чаго ў хуткім часе быў затрыманы. Паводле "СБ. Беларусь сегодня", Рыка збіаўся 6-га кастрычніка зляцець у Баку.

Як праходзіў суд і ў чым абвінавацілі грамадзяніна Нямеччыны?

Суд праходзіў у адкрытым рэжыме, але частка матэрыялаў справы разглядалася ў закрытым рэжыме. Працэс вёў суддзя Мінскага абласнога суда Алег Лапека з удзелам народных засядацеляў. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала прадстаўніца Генеральнай пракуратуры Таццяна Гракун. Крыгер не валодае ні беларускай, ні расейскай мовы, таму ў працэсе ўдзельнічаў перакладчык. Абараняў грамадзяніна Нямеччыны адвакат Уладзімір Горбач. Што характэрна, ён не спецыялізуецца на крымінальных справах. Як паведамляецца на сайце калегіі адвакатаў, з 2013 года Горбач "аказвае прававую дапамогу пераважна суб'ектам гаспадарання Рэспублікі Беларусь у гаспадарчым працэсе". Але пры гэтым адзначаецца, што ён валодае нямецкай мовай у аб'ёме, "дастатковым для аказання кваліфікаванай дапамогі па гаспадарчых справах прадпрыемствам з Германіі".

Паведамляецца, што на судзе Крыгер часткова прызнаў віну толькі па адным з шасці прад'яўленых артыкулаў — "агентурная дзейнасць". Ад дачы паказанняў ён адмовіўся.

Суд пачаўся 6 чэрвеня і расцягнуўся на 12 паседжанняў. Прысуд быў вынесены 24 чэрвеня.

Падрабязнасці справы праз месяц пасля суда пачалі паведамляць прапагандысцкія каналы. 

Рыка Крыгера абвінавацілі адразу па шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Паспрабуем разабрацца.

"Акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК), "наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін" (ч. 4 арт. 309 КК), "незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" (ч. 4 арт. 295 КК)

Паводле інфармацыі "Вясны", Рыка Крыгера прызналі вінаватым у "здзяйсненні выбуху ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым асобай, якая раней учыніла злачынства прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК". На падставе яго Крыгеру прызначылі выключную меру пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання (расстрэлу).

Адразу партал EADaily паведмляў, што Крыгер можа быць датычным да дыверсій "у расійска-беларуска-ўкраінскім памежжы". Гэта і пісала "Наша Ніва". Але пазней прапагандысцка Гладкая распавяла падрабязнасці. Толькі 22 ліпеня стала вядома, што справаКрыгера тычыцца выбуху на чыгуначнай станцыі "Азярышчы" каля 23-й гадзіны 5 кастрычніка 2023 года. Доказамі на судзе сталі паказанні таксіста, які вёз Крыгера, паказанні абвінавачанага, таксама пры праверцы паказанняў на месцы, вынікі экспертыз, запісы з камер відэаназірання, інфармацыя з яго тэлефона, перапіскі і іншае. Паведамляецца, што быццам бы Крыгер у гэтым раёне павінен быў па заданні Службы бяспекі Украіны правесці разведку і сфатаграфаваць чыгуначныя аб'екты.

Як нагадвае кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", у Беларусі паводле ч. 3 арт. 289 КК ужо выносілі смяротны прысуд. Гэта рэзанансная справа па "выбуху ў мінскім метро" ў 2011 годзе. Тады да смяротнага пакарання асудзілі 25-гадовага Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Праз чатыры месяцы пасля вынясення прысуду іх расстралялі.

"Але тады прымяненне ч. 3 арт. 289 КК было звязанае з гібеллю людзей. Цяпер жа мы кажам, што асуджаны стаў ахвярай зменаў у Крымінальны кодэкс у красавіку 2022 года. Цяпер згодна ч. 3 арт. 289 КК да смяротнага пакарання могуць быць асуджаны за здзяйсненне выбуху нават без ахвяраў", — кажа каардынатар кампаніі Андрэй Палуда.

Таксама праваабаронца нагадвае, што раней у Беларусі ўсе смяротныя прысуды былі вынесеныя па справах, звязаныя з зайбоствам аднаго ці больш чалавека.

"Агентурная дзейнасць" (арт. 358-1 КК)

Як пісала ў сваім тэлеграм-канале прапагандыстка Гладкая, у Беларусь Крыгер заехаў турыстам з тэлефонамі і беспілотнікам.

"Так было сказана ў заданні, якое раней атрымаў ад СБУ. Там жа паказвалася: правесці ў Асіповічах разведку і фатаграфаванне аб'ектаў па каардынатах".

Верагодна, за гэта і судзілі Крыгера паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць).

"Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (ч. 3 арт. 361-1 КК) і " падрыхтоўка да наёмніцтва" (ч. 1 арт. 13 КК арт. 133 КК)

Таксама праваабаронцам вядома, што справа грамадзяніна Германіі тычыцца палка Каліноўскага, а менавіта яго структурнага падраздзялення — замежнага механізаванага батальёна "Western". Гэта інфармацыя падцвярджаецца ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах.

Як напісала Гладкая 22 ліпеня, не пазней за 20 верасня 2023 года полк Каліноўскага "ўцягнуў" Крыгера "як непасрэднага выканаўцу злачынстваў у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тэракту пад іх кіраўніцтвам". 

"20 верасня немец пацвердзіў гатоўнасць працаваць на ўкраінскія спецслужбы, здзяйсняць тэракты ў складзе злачыннай групы супраць нацыянальнай бяспекі Беларусі", — піша Гладкая.

Гэта быў першы суд у Беларусі паводле арт. 133 Крымінальнага кодэкса. Але адзначым, што ў Крыгера быў не скончаны склад "наёмніцтва", а "падрыхтоўка" (ч. 1 арт. 13 КК). 

Што вядома пра асуджанага? 

Рыка Крыгер. Фота: sb.by
Рыка Крыгер. Фота: sb.by

Рыка Крыгеру 29 гадоў, ён нарадзіўся ў Берліне. Апошняе месца працы— санітар-выратавальнік у "Нямецкім Чырвоным крыжы". Вядома, штоў мужчыны ёсць непаўналетняе дзіця. Таксама вядома, што Рыка Крыгер раней працаваў афіцэрам па спецыяльнай бяспецы Дзярждэпа ЗША ў Берліне, дзе набыў вопыт ва ўзброеных аперацыях бяспекі. Пасля гэтай пасады ён перайшоў у сферу аховы здароўя, працаваў медбратам і спецыялізаваўся на хуткай медыцынскай дапамозе.

Што кажуць МЗС Беларусі і МЗС Германіі?

Каля месяцу праваабаронцам не было вядома пра вынік суда. 20 чэрвеня ў МЗС Беларусі пацвердзілі прысуд у дачыненні да грамадзяніна Германіі і паведамілі, што па гэтай тэме вядуцца кансультацыі лініі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

Як паведамілі ў МЗС Германіі ў адказ на запыт Deutsche Welle, ведамства і пасольства Германіі ў Мінску аказваюць консульскую дапамогу асуджанаму Рыка Крыгеру і інтэнсіўна працуюць з беларускімі ўладамі ў яго інтарэсах.

"Смяротнае пакаранне — гэта жорсткая і бесчалавечная форма пакарання, якую Нямеччына адхіляе пры любых абставінах", — гаворыцца ў адказе нямецкага МЗС.

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў:

"Кантакты з нямецкім бокам па гэтай тэме, вядома ж, былі. Гэты злачынец з'яўляецца грамадзянінам Германіі і нам зразумелы клопат пра яго нямецкага боку.

У поўнай адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і двухбаковымі пагадненнямі беларускім бокам забяспечаны да гэтай асобы консульскі доступ.

З улікам просьбы МЗС ФРГ канкрэтныя рашэнні па наяўных варыянтах развіцця сітуацыі беларускім бокам прапанаваныя. Кансультацыі па гэтай тэме вядуцца па лініі міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін".

Якія могуць быць перспектывы па справе?

Рыка Крыгер. Фота: sb.by
Рыка Крыгер. Фота: sb.by

Выказваецца думка, што Рыка Крыгера могуць абмяняць на расійскага супрацоўнік ФСБ Вадзіма Красікава, які ў Германіі сядзіць на пажыццёвым зняволенні.

Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда выказаў здагадку, што абаронца Крыгера падалі скаргу.

"Практыка такая, што нават калі асуджаны да смяротнага пакарання сам адмаўляецца падаваць скаргу на прысуд, то гэта робяць яго абаронцы. Звычайна адвакаты выкарыстоўваюць гэтую магчымасць. Хаця, зразумела, могуць быць розныя варыянты развіцця падзей".

Праваабаронца звяртае ўвагу, што на этапе разгляду скаргі ў апеляцыйным парадку прысуд можа быць зменены ці справа адпраўлена на новы перагляд.

"Тое, што справу разглядзелі менш, чым за месяц — за 12 паседжанняў — важная акалічнасць. Бо гэта вельмі хутка для такой справы".

Тым не менш, увечары 22 ліпеня стала вядома з прапагандысцкіх каналаў, што Крыгер не абскардзіў прысуд і ён набыў моц.

Таксама Андрэй Палуда нагадвае, што Рыка Крыгер можа пазбегнуць расстрэлу ў Беларусі праз памілаванні ад Лукашэнкі. У 2021 годзе такое адбылося з братамі Іллём і Станіславым Косцевымі з Чэрыкава: ім замянілі смяротны прысуд на пажыццёвае зняволенне.

"Таму казаць, што гэта нерэальна, нельга. Гэта магчыма. Думаю, што могуць ісці консульскія працы ў гэтым кірунку. Але калі будзе памілаванне, то толькі з заменай на пажыццёвае зняволенне".

"Выключная справа". Каардынатар кампаніі "Правабаронцы супраць смяротнага пакарння" выказаўся наконт прысуду Рыка Крыгеру

Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" атрымала пацверджанне з некалькіх крыніц вынясенню смяротнаму прысуду, але працягвае высвятляць дэталі.

Latest news

Partnership

Membership