viasna on patreon

Новая крымінальная справа супраць Змітра Дашкевіча, ціск на сваякоў палітвязняў: хроніка пераследу беларусаў 25-27 траўня Updated

2024 2024-05-27T11:30:00+0300 2024-05-27T17:55:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zmicer-daszkevicz_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-27 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Паліне Шарэндзе-Панасюк трэці раз выставілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі"

palina-szarenda-panasjuk_1.jpg
Паліна Шарэнда-Панасюк

Палітзняволеная мусіла выйсці на волю 21 траўня, але за два дні да гэтага яе этапавалі ў СІЗА. Андрэй Шарэнда распавёў "Свабодзе", што ягоную жонку абвінавачваюць паводле арт. 411 КК:

"Цяпер мне дакладна вядома, што яшчэ 19 траўня, перад тым, як вывезці яе з калоніі, туды паклікалі дзяжурнага адваката і ў ягонай прысутнасці зачыталі новае абвінавачанне. І вось ужо тыдзень яна ў гомельскім СІЗА.

Магу толькі дадаць, што ў Паліны цяпер будзе іншы следчы. І яшчэ крыху пра тое, як Паліну рыхтавалі да выстаўлення новага абвінавачання. Пачалі „навешваць“ нібыта парушэнні яшчэ ў красавіку, але іх не хапала, таму скарысталіся парушэннямі з мінулага году. Цяпер усяго парушэнняў у яе ўжо 8. Відаць, разлічваюць, што потым, падчас следства, замяніць старыя парушэньні на "свежыя“. Ціск на яе ўжо пачаўся".


Беларуса затрымалі за каментары ў "Чорнай кнізе Беларусі"

У "пакаяльным відэа" ад 27 траўня затрыманы кажа, што быў падпісаны на "дэструктыўныя каналы", у тым ліку "Чорная кніга Беларусі". А таксама "пісаў паведамленні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці" і "звяртаўся ў ЧКБ з радыкальнымі заклікамі".
Як сцвярджаецца ў апісанні пад відэа, супраць яго завялі шэраг крымінальных справаў.

Паводле якіх артыкулаў затрыманы мужчына і яго месцазнаходжанне — пакуль невядомыя.


Чарговы завочны суд супраць актывістаў распачнецца 31 траўня ў Брэсце

У Брэсцкім абласным судзе 31 траўня пачнецца завочны суд адразу супраць 6 чалавек: Андрэя Павука, Вольгі Павук, Маргарыты Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллі Салянкова, Уладзіслава Наважылава.

У справе фігуруе ажно 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", "здзек над дзяржаўнымі сімваламі", "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме пад старшынствам Святланы Крамянеўскай.

Адзначым, што на 31 траўня ў Беларусі прызначаны адразу тры завочныя суды. Таксама ў гэты дзень у Мінску распачнуцца працэсы па "справе аналітыкаў Ціханоўскай" і Франака Вячоркі.


Затрымалі адміністратарку буйнешага чату беларусаў у Турцыі

Тэлеграм-чат "Беларусы ў Турцыі" дыяспары ўваходзіць у сетку чатаў Dzechat. У "пакаяльным відэа" сілавікоў затрыманую прымусілі сказаць, што яна мае чатыры кватэры ў ЖК "Мінск Мір". Таксама дзяўчына кажа, што ў 2020 годзе яна звярталася ў "экстрэмісцкія чат-боты".

Як паведаміў 24 траўня тэлеграм-канал "Мотолько Помоги", "Беларусы ў Турцыі", меракавана, быў захоплены сілавікамі. Адмін чата раптам змяніўся на невядомую асобу, а былым удзельнікам чата пішуць з пагрозамі пераследу крымінальнай справы.

Паводле тг-канала сілавікоў, жанчыну затрымалі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК). Па гэтым артыкуле ёй пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.


Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманай хірургіняй Алена Церашковай

Як паведаміла "Зеркало", 26 траўня тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў "пакаяльнае" відэа з затрыманай сківічна-тваравай хірургіняй, пісьменніцай, двухразовай чэмпіёнкай Беларусі па тэквандо Аленай Церашковай. У відэароліку яна кажа, што затрымана за ўдзел у пратэсных акцыяй 2020 года. Акрамя таго, жанчыну прымусілі сказаць, што яна гадуе 4 дзяцей і атрымала кватэру як шматдзетная маці.


Дачка палітвязняволенай Алены Гнаук выехала з Беларусі праз крымінальны пераслед

aljaksandra-semjanjuk-z-dzecmi.jpg
Дачка Алены Гнаук Аляксандра Семянюк разам з дзецьмі

23 студзеня 2024 года, падчас рэйда за салідарнасць з палітвязнямі, да Аляксандры Семянюк прыйшлі сілавікі. Праз дапамогу, якую яна атрымлівала ад DissidentBy, затрымалі і пагражалі крымінальнай справай.

"Мяне пасадзілі на трое сутак у ІЧУ, дзе для ўтрымання "палітычных" створаныя ўмовы, каб зламаць і здушыць чалавека. Увесь гэты час я думала пра маму. Апынуўшыся ў адзіночнай камеры, я сказала пра сябе: "Вы мяне не зламаеце". Гэта дало мне сілы вытрымаць усё, што адбываецца", — кажа Аляксандра.

З трыма дзецьмі яна пакінула Беларусь. Цяпер у новай краіне ёй з дзецьмі давядзецца пачынаць жыццё нанова. На падтрымку сям'і абвешчаны грашовы збор.


Супраць палітвязня Змітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу

zmicer-daszkevicz_.jpg
Зміцер Дашкевіч. Фота: Наша Ніва

Па гэтым артыкуле яго судзяць ужо другі раз.
Як паведаміла 25 траўня на Facebook жонка палітвязня Наста Дашкевіч, Змітру ставяць у віну "злоснае непадпарадкаванне" адміністрацыі калоніі (ч. 2 арт. 411 КК). Па гэтым артыкуле палітвязню пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, Змітра Дашкевіча асудзілі летам 2022 года за ўдзел у акцыі пратэстаў на паўтара года калоніі. Восенню 2023 года палітвязня асудзілі паводле арт. 411 КК на адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Latest news

Partnership

Membership