Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі 2020. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны" Дополнено
З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года ў краіне заведзена больш за 5500 крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Гэтыя справы, па звестках Следчага камітэту, узбуджаны па фактах "праяваў, спалучаных з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэстнымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем'яў, паклёпам і абразамі прадстаўнікоў улады".
У сярэдзіне лютага 2022 года першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч паведаміў, што "ад жніўня 2020 года за злачынствы, так ці інакш звязаныя з пратэснымі акцыямі, было асуджана 1832 чалавекі. З іх 168 асуджаны за арганізацыю або ўдзел у масавых беспарадках, 396 — за групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, 468 — за абразу прадстаўнікоў улады, 29 — за паклёп. Яшчэ 126 грамадзянам вынесены прысуды за здзяйсненне хуліганства. 86 чалавек былі асуджаны за здзек з дзяржаўных сімвалаў. 27 прысудаў вынеслі за распальванне сацыяльнай варожасці. За здзяйсненне актаў тэрарызму асудзілі 7 чалавек".
11 жніўня 2022 г. Следчы камітэт паведаміў, што ад 9 жніўня 2020 года па 1 ліпеня 2022 года ў Беларусі распачалі 11 тысяч крымінальных спраў "экстрэмісцкай скіраванасці".
Згодна з дадзенымі "Вясны", асноўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі ўзбуджаны крымінальныя справы з пачатку прэзідэнцкай кампаніі (з траўня 2020 года), гэта:
- 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Частку спраў, узбуджаных па арт. 293 КК, перад судом перакваліфікуюць на арт. 342 КК
- 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі)
- 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак)
- 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)
- 339 КК РБ (Хуліганства)
- 243 КК РБ (Ухіленне ад сплаты падаткаў) — па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманы актывісты штаба Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
Таксама сотні крымінальных спраў узбуджаны па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі, абразу і паклёп на прэзідэнта, за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 188, 369, 368, 370 КК РБ і інш.)
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае звесткі пра людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе. Па стане на 28 красавіка 2023 года сабрана 4 310 прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 1 500 чалавек з гэтага спісу на цяперашні момант з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Спіс будзе абнаўляцца і дапаўняцца.
Таксама "Вясна" вядзе ўлік вынікаў разгляду палітычна матываваных крымінальных спраў. Па стане на канец красавіка 2023 года вядома ўжо больш за 3 190 вынікаў такіх судоў.
Спіс асуджаных па палітычных крымінальных справах
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, якое можа мець палітычную афарбоўку, тэрмінова паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot (абавязкова пакідайце кантакт для сувязі) ці на гарачую лінію: @ViasnaSos і @SosViasna.