viasna on patreon

На выходных АМАП “зачысціў” барныя вуліцы Мінска, людзі здымаюць пабоі Фото

2016 2016-08-01T14:11:47+0300 2016-08-01T17:55:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zbicce.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пачасціліся выпадкі неабгрунтаванага затрымання і несуразмернага прымянення грубай фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да грамадзянаў. Так у выходныя былі моцна збітыя Аляксандр Ярашэвіч і яго сяброўка.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён распавёў, што ў суботу ён з сяброўкай прыйшоў у кавярню “ДЭПО”, што на вуліцы Зыбіцкай у Мінску.  Але ў кавярні не было вольных месцаў, таму маладыя людзі набылі па пляшцы сідару і селі ў 2-3 метрах  ад адкрытай тэрасы ў чаканні, калі вызваляцца месцы. Праз некаторы час да іх падыйшлі два супрацоўнікі АМАПу (як пазней высветлілася Уладзімір Селіванаў і Уладзімір Наумовіч), якія папярэдзілі, што нельга піць менавіта ў гэтым месцы і пагразілі затрыманнямі. Аляксандр Ярашэвіч паспрабаваў патлумачыць сітуацыю і запэўніў, што як толькі вызваляцца месцы, яны з сяброўкаў перайдуць у кавярню. Аднак, супрацоўнікі АМАПу чакаць не сталі, а выклікалі спецмашыну і пачалі брутальна затрымліваць маладых людзей.  

“На працягу паездкі ў Цэнтральны РУУС да нас прымянялі грубую сілу, укладвалі тварам у падлогу, прыціскалі нагамі і ў выніку адзелі кайданкі. Зараз у нас на целе шмат удараў і гематом”.

Алесь Ёрш

zbicce2.jpg
Фота цялесных пашкоджанняў затрыманай

У РУУС Аляксандр Ярашэвіч і яго сяброўка прабылі да раніцы, там таксама быў шэраг працэсуальных парушэнняў. Напрыклад, асабісты агляд дзяўчыны праводзілі тыя ж супрацоўнікі АМАПу, адціснуўшы яе ў кут, дзе відэакамеры не могуць правесці фіксацыю. Пратаколы, якія прапанавалі падпісаць маладым людзям, не ўтрымлівалі ніякай інфармацыі акрамя рапартаў амапаўцаў. У суд маладых людзей паабяцалі выклікаць смс-кай.

“Я ўпэўнены, што ў Берліне, Кіеве і іншых гарадах нам бы ні слова не сказалі на тое, што мы п’ем паблізу кафэ, на вуліцы, дзе ўсе так робяць, але не ў нас. Пры сустрэчы з ментамі ты ў любым выпадку вінаваты”, - падкрэсліў Аляксандр.

Цяпер маладыя людзі звярнуліся ў Следчы камітэт Цэнтральнага раёна з заявай на несуразмернае прымянне сілы да іх, а таксама прайшлі медыцынскую экспертызу, каб зафіксаваць цялесныя пашкоджанні, нанесеныя супрацоўнікамі АМАПу.

Як высветлілася пазней, АМАПу была дадзена каманда “зачысціць” вуліцу Зыбіцкую і цэнтр горада.

Былы журналіст TUT.by Андрэй Каравайка таксама напісаў у фэсбуку, што вечарам 30 ліпеня яго затрымалі каля Ратушы нібыта за тое, што ён п’яны, пратрымалі некалькі гадзінаў у пастарунку, далі штраф, пасля адпусцілі і папярэдзілі не вяртацца ў цэнтр:

“Яшчэ ўчора мінчане радаваліся таму, што ім дазволілі гуляць па цэнтры горада і слухаць музыку на вуліцы Зыбіцкай і тым самым быць свабоднымі еўрапейцамі. А сёння, вы ўжо мяне даруйце, не ведаю, што было пасля мяне, але мяне ні за што на ўваходзе закінулі ў варанок і павезьлі ў РУУС складаць пратакол аб тым, што я занадта п'яны і вольны. Калі праз пару гадзінаў я адтуль выйшаў, прыйшоў на прыпынак, папрасіў цыгарэту ў нейкіх хлопцаў, тыя апынуліся таксама затрыманымі на ўваходзе каля ратушы, хоць па выглядзе цалкам адэкватныя, як і я. А калі мяне адпускалі, сказалі ні ў якім разе не вяртацца ў цэнтр, таму што менавіта на Зыбіцкай сёння будзе рэйд і чыстка, усіх запар будуць браць. раскажыце, што там адбываецца? Я дома”.

Андрэй Каравайка

Пра звышувагу з боку супрацоўнікаў міліцыі і выкананне плану напісаў і журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі:

“Адразу некалькі знаёмых расказалі, што ў апошнія дні начавалі ў пастарунках. Прычына - нецвярозы стан ў грамадскіх месцах. Сплацілі штраф ад 0,5 да 3 базавых. "Парни, всё нормально, просто у нас план и конец месяца", - выбачаліся міліцыянеры, калі іх так можна назваць. Харошы бізнэс-план. Прадаваць грамадзянам гарэлку ў кабаках па 5 еўра за пляшку, а потым штрафаваць. Бляск”.

Алесь Пілецкі

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч вельмі абураны склаўшайся сітуацыяй і адзначыў:

“Вуліца Зыбіцкая, Кастрычніцкая і шэраг іншых вуліц створаны для таго, каб мінчукі маглі там адпачываць, бавіць час з сябрамі. У гэтых месцах знаходзяцца бары, а гэта азначае, што там распіваюць спіртныя напоі. І міліцыя павінна сачыць за парадкам, а не чапляцца да людзей, якія стаяць каля бара і п’юць сідар.

Гэта “вельмі страшнае правапарушэнне” для нашага горада – піць на вуліцы, дзе бары знаходзяцца праз кожныя пяць метраў. Я думаю, што такога кшталту дзеянні міліцыі не спрыяюць папулярызацыі нашага горада і яго турыстычных месцаў. Я не бачыў такога ні ў адным еўрапейскім горадзе, дзе я бываў.

Я думаю, што наша Міністэрства ўнутранных спраў проста хоча, каб мінчукі паменш хадзілі па вуліцах, сядзелі дома. Гэта было б ідэальна для іх, таму што ў нас вельмі часта горад створаны не для людзей, а для паштоўкі: вельмі чысты горад, пажадана, каб яшчэ і людзей там не было. Увесці камендантскі час, а бары ўсе закрыць – вось мая прапанова”.

Праваабаронца падкрэслівае, што арт. 17.3 КаАП прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распіццё алкагольных напоеў у грамадскім месцы, а таксама за з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць.

"Важна адзначыць, што павінны быць гэтыя дзве кваліфікуючыя прыкметы - нецвярозы стан і абраза чалавечай маральнасці і годнасці. Толькі ў такім выпадку можа адбывацца затрыманне.

А то ў адваротным выпадку будзе атрымлівацца, што на вуліцах, дзе знаходзяцца бары і іншыя пітныя ўстановы, усіх, хто з іх выходзіць, будуць хапаць, садзіць у машыну, адвозіць у пастарунак, збіваць і штрафаваць. Так не павінна адбывацца", - лічыць Валянцін Стэфановіч.

Последние новости

Партнёрство

Членство