Вынесены прысуд «рэйкаваму партызану» Віталю Мельніку, якому пры затрыманні прастрэлілі калені. Падрабязнасці Дополнено
Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме 22 снежня вынес прысуд па рэзананснай крымінальнай справе ў дачыненні да аднаго з “рэйкавых партызан” – палітзняволенага Віталя Мельніка, якому пры затрыманні сілавікі прастрэлілі каленныя суставы.
Судовы працэс вяла суддзя Анжаліка Данілава.
Суд прызнаў Віталя Мельніка вінаватым па па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 4 арт. 309 – наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
- ч. 2 арт. 295 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
- ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч. 3 арт. 295 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, здзейсненыя групай асоб, альбо паўторна;
- ч. 1 арт. 289 – акт тэрарызму.
Вядома, што Мельнік пражывае ў вёсцы Хадакова Мінскага раёна, у яго ёсць маленькае дзіця. Сям'я лічыць, што Віталь не мае дачынення да прад'яўленых артыкулаў, і звязвае яго затрыманне з помстай мясцовага суддзі, а таксама тым, што раней у Віталя была судзімасць.
Пачынаецца суд над "рэйкавым партызанам", якому пры затрыманні прастрэлілі калені
Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года на перагоне Навасады-Барысаў, паблізу в. Стайкі Барысаўскага раёна, Мельнік падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым прывёў у непрыдатны для эксплуатацыі стан яго прыборы і элементы.
У выніку – парушылася праца сігнальных установак аўтаматычнай блакіроўкі, а таксама не быў забяспечаны стан абароненасці працэсу руху транспартных сродкаў чыгуначнага транспарту – адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры гэтым меўла месца недапушчальная рызыка ўзнікнення транспартных здарэнняў і іх наступстваў у выглядзе крушэння, аварыі рухомага складу, прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю, маемасці юрыдычных і фізічных асоб, парушэнні нармальнай працы Беларускай чыгункі.
Акрамя таго, 14 і 21 жніўня 2020 года, а таксама 1 сакавіка 2022 года Мельнік размясціў у сетцы Інтэрнэт паведамленні з відавочна негатыўнай ацэнкай Аляксандра Лукашэнкі, якія зневажаюць яго гонар і годнасць.
Па сукупнасці прызначаных судом абвінавачанняў, шляхам іх частковага складання канчатковае пакаранне складае 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму, паведамляе Генеральная пракуратура. Таксама ён мусіць сплаціць 300 базавых велічынь штрафу.