Да 15 гадоў калоніі — абвешчаны прысуды шасці фігурантам справы па ініцыятыве "Буслы ляцяць"
У Мінскім гарадскім судзе сёння абвесцілі прысуды па гучнай справе ініцыятывы "Буслы ляцяць". Суддзя Анастасія Папко прызначыла вялікія тэрміны фігурантам справы: Аляксею Іванісаву — 14 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Аляксею Гамезу — 14,5 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Мікалаю Біблісу — 8,5 гадоў калоніі і штраф у 300 базавых, Андрэю Будаю — 15 гадоў калоніі і штраф у 500 базавых, Аляксандру Мураўёву — 12 гадоў калоніі, Аляксандру Сідарэнку — 8 гадоў калоніі. Усім узмоцнены рэжым. У залежнасці ад ролі кожнага ў розным спалучэнні іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў ініцыятыве "Буслы ляцяць", якая прызнана тэрарыстычнай; удзеле ў акцыях пратэсту; пашкоджанні аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна і шынаў аўтамабіля актывіста-карэспандэнта рэспубліканскага СМІ; кіданні камянёў у вокны кватэры мінскага пракурора і праўладнай актывісткі; знішчэнні сістэмы відэаназірання ў Фрунзенскім раёне Мінска. Справу ў закрытым рэжыме разглядалі амаль чатыры месяцы. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівала пракурорка Юлія Ланеўская.
У чым абвінавацілі "буслоў"?
У залежнасці ад ролі кожнага ім у розным спалучэнні інкрымінаваныя: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча); ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэкса.
Згодна з версіяй абвінавачвання, 4 сакавіка 2021 года ўдзельнікі групы пашкодзілі аўтамабіль, які належыць суддзі Барысаўскага раёна: аблілі фарбай кузаў транспартнага сродку, прабілі чатыры колы; у перыяд з 14 па 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць грамадскаму актывісту-карэспандэнту рэспубліканскага СМІ; 8 красавіка 2021 года фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцем; 22 траўня 2021 года аналагічныя злачынныя дзеянні здзейсненыя ў дачыненні да грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзеючую ўладу; у перыяд з 2 па 15 чэрвеня 2021 года абвінавачаныя пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне сталіцы.
"У сваёй злачыннай дзейнасці абвінавачаныя выкарыстоўвалі мноства сродкаў канспірацыі, у тым ліку маскі і вопратку цёмных колераў без адметных прыкмет, не выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, хавалі свае транспартныя сродкі, будучы ўпэўненымі ў сваёй ананімнасці і беспакаранасці.
Пры расследаванні вывучаныя асобы ўсіх шасці абвінавачаных-мужчыны працавалі ў розных сферах эканомікі, займаючы ў тым ліку кіруючыя пасады, не судзімыя, амаль у кожнага маюцца малалетнія дзеці. Абвінавачаныя пазнаёміліся паміж сабой на так званых "дваровых чаяваннях", пасля чаго размаўлялі ў асобным закрытым Telegram-чаце", – паведамлялі ў Следчым камітэце.
Затрымалі фігурантаў справы напрыканцы верасня-пачатку кастрычніка мінулага году. Праз месяц – 30 лістапада 2021 года – Вярхоўны суд прызнаў аб'яднанне "Супраціў", у якое ўваходзіць групоўкі "Кібер-партызаны", "Дружина народной самообороны – ДНС" і "Буслы ляцяць", тэрарыстычным.
Перад судом, 13 траўня гэтага года, стала вядома, што Аляксея Іванісава і Аляксея Гамезу, а таксама Андрэя Будая і Аляксандра Мураўёва ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс" КДБ. Падставай для ўключэння іх у спіс паслужыла прад'яўленае ім абвінавачанне па артыкуле 359 Крымінальнага кодэкса Беларусі (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча).
20 хвілін суда і затрыманне маці палітвязня
Перад судом паміж пацярпелымі і 76-гадовай маці Іванісава Наталляй адбыўся канфлікт. Група падтрымкі пацярпелых пачала наракаць, што, маўляў, з-за такіх як абвінавачваныя "ўсё адбываецца і можа пачацца вайна".
Маці Іванісава не вытрымала і нешта ім адказала. На яе выклікалі нарад міліцыі. На 76-гадовую жанчыны міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Суд па справе па хадайніцтву пракуроркі зрабілі закрытым.
Выпраўлена: удакладнены тэрмін Аляксандру Сідарэнку.
Дапамога актывістам, якія праходзяць па справе "Буслы"
Падтрымайце вязняў лістамі салідарнасці: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Аляксей Барысавіч Іванісаў, Аляксей Паўлавіч Гамеза, Аляксандр Мікалаевіч Мураўёў, Андрэй Вячаславіч Будай, Мікалай Уладзіміравіч Бібліс, Аляксандр Паўлавіч Сідарэнка)