viasna on patreon

Чэмпіёна Еўропы і віцэ-чэмпіёна свету па гандболе Міхаіла Міхуту асудзілі на 5 гадоў "хатняй хіміі" за рэпосты і каментары пра Лукашэнку

2022 2022-08-24T18:05:08+0300 2022-08-24T18:05:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikhuta_mihail.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Михаил Михута. Источник: соцсети

Михаил Михута. Источник: соцсети

22 жніўня суд Зэльвенскага раёна вынес рашэнне па справе аднаго з самых паспяховых гандбольных трэнераў краіны — Міхаіла Міхуты, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", а таксама паводле ч. 2 арт. 367 "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Справу спартоўца разглядала старшыня суда Зэльвенскага раёна Люцыя Жук.

Міхаілу Міхуту 40 гадоў. У невялікім мястэчку Зэльва з насельніцтвам менш за 7 тысяч чалавек, у якім ён жыве, яго ведаюць, бадай, усе. Міхаіл — гандбаліст і трэнер па гандболе з вядомай спартовай "дынастыі Міхутаў". Падчас сваёй спартовай кар'еры ён стаў чэмпіёнам Еўропы і віцэ-чэмпіёнам свету ў складзе студэнцкай каманды. Пасля завяршэння кар'еры вярнуўся на малую радзіму і пачаў трэніраваць дзяцей у мясцовай спартовай школе. СМІ называюць яго найлепшым дзіцячым гандбольным трэнерам Зэльвеншчыны і адным з найлепшых — у краіне. У першыя дзесяць гадоў кар'еры ён падрыхтаваў трох прафесійных спартоўцаў рэспубліканскага ўзроўню і некалькі дзясяткаў гандбалістаў абласнога ўзроўню. Пачынаў трэніравацца пад кіраўніцтвам заслужанага трэнера Беларусі Леаніда Гана. Як, зрэшты, і ягоны дзядзька Уладзімір Міхута — адзін з выдатных беларускіх гандбалістаў. Ён тройчы быў чэмпіёнам СССР, тройчы браў Кубак СССР, выйграваў Кубак Кубкаў у складзе мінскага СКА. У 2020 годзе Уладзімір асудзіў гвалт на выбарах і зрабіўся адным з першых падпісантаў так званага ліста свабодных спартоўцаў.

Міхаіл Міхута з заслужаным трэнерам Беларусі Леанідам Ганам. Фота: сацсеткі
Міхаіл Міхута з заслужаным трэнерам Беларусі Леанідам Ганам. Фота: сацсеткі

Вядома, што ў Зэльве Міхаіл Міхута жыве разам са сваім 14-гадовым сынам. Былая жонка спартоўца пражывае ў іншым горадзе.

Сёлета 23 траўня ў прэсе з'явілася навіна пра затрыманне спартоўца. Неўзабаве пасля гэтага на праўладных тэлеграм-каналах апублікавалі і "пакаяльнае відэа", на якім Міхаіл "прызнаецца" ў тым, што "распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў Лукашэнку", за што, паводле ягоных слоў, і быў затрыманы. Таксама на відэа мужчына сказаў, што раней ён ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці "за абразу супрацоўнікаў міліцыі і непадпарадкаванне". Да суда Міхаіл Міхута знаходзіўся пад хатнім арыштам.

На судзе спартовец адстойваў свае правы без дапамогі адваката, растлумачыўшы, што гэта рашэнне не злучанае з цяжкім матэрыяльным становішчам.

Міхаіл Міхута з выхаванцамі. Крыніца: сацсеткі
Міхаіл Міхута з выхаванцамі. Крыніца: сацсеткі

Згодна з версіяй абвінавачвання, у чэрвені 2020 года,то бок яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, у "ВКонтакте" Міхаіл зрабіў некалькі рэпостаў матэрыялаў з суполкі "Стоп Лука", якія "абразілі гонар і годнасць Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй Беларусі, а таксама нанеслі шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады".

У адным з рэпостаў утрымліваліся наступныя словы: "Сусветнай супольнасці тэрмінова неабходна прыняць меры па нейтралізацыі асабліва небяспечнага злачынцы [Лукашэнкі]".

У другім была размешчаная шаржавая выява Лукашэнкі, на якой ён выглядаў арыштантам. Пад гэтым шаржам быў наступны тэкст з апісаннем "прыкметаў арыштанта":

"Асабліва небяспечны. Падазраецца ў антынароднай дзейнасці і здзяйсненні іншых асабліва цяжкіх злачынстваў. Самаабраны. Паталагічны хлус, каварны, хцівы, цынічны, псіхічна няўстойлівы. Жорсткі, у тым ліку ў адносінах да жанчын і дзяцей. Улюбёныя словы "жэстачайшэ", "псіхоз" […] Абапіраецца на ўнутраныя адчуванні падчас прыняцця важных дзяржаўных рашэнняў" […] Церпіць на манію велічы. Мяркуе, што Беларусь — ягоная асабістая ўласнасць, а народ — расходны матэрыял. У народзе вядомы як "Прусак", "Саша 3%", "Цыган", "Лука". Асаблівыя прыкметы: вылупленыя вочы, ссінелыя пальцы, вусы".

Пракурор паведаміў, што гэтыя рэпосты супрацоўнікі МУС выявілі 17 траўня 2022 года падчас вывучэння зместу допісаў у сацыяльных сетках. Ён жа паведаміў, што тыя самыя рэпосты знаходзіліся ў адкрытым доступе ледзь не два гады і былі даступныя неабмежаванай колькасці карыстальнікаў.

Адзіным сведкам па гэтай справе праходзіў 14-гадовы сын Міхаіла — Яраслаў Міхута. Паводле хадайніцтва абвінавачанага, разгляд справы адбываўся без прысутнасці дзіцяці і ягоных паказанняў.

Суду Міхаіл Міхута пацвердзіў, што рэпосты са свайго тэлефона зрабіў менавіта ён. Спартовец цалкам прызнаў сваю віну, растлумачыўшы, што з ягонага боку гэта быў эмацыйны неабдуманы ўчынак, у якім ён цяпер раскайваецца.

У якасці пакарання для спартоўца пракурор запатрабаваў 5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

22 жніўня суд Зэльвенскага раёна прызнаў Міхаіла Міхуту вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", а таксама паводле ч. 2 арт. 367 "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", прысудзіўшы яму мякчэйшае пакаранне — 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Последние новости

Партнёрство

Членство