viasna on patreon

Чарговы прысуд па "справе Зельцэра": 3 гады калоніі за каментар

2022 2022-04-28T16:43:31+0300 2022-09-07T14:19:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agievich.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсце вынесены чарговы прысуд пра "справе Зельцэра". Суддзя Святлана Крамянёўская прызнала палітвязня Уладзіміра Агіевіча вінаватым паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса і асудзіла яго да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. На судзе пракурорка выкарыстоўвала фармулёўку "знішчаны" у дачыненні да загінулага Андрэя Зельцэра. 

Справа разглядалася ў Брэсцкім абласным судзе. Агіевіча прызналі вінаватым у тым, што 29 верасня 2021 года ў суполцы "Онлайн Брест" ён пакінуў каментар «Хороший кгбшник — мертвый кгбшник ) ». Праз тры гадзіны да Уладзіміра прыйшлі сілавікі. З ягонага тэлефона зрабілі скрыншоты, а спрэчны каментар прымусілі выдаліць. Пасля гэтага мужчыну затрымалі, з таго дня ён знаходзіцца ў няволі.

На судзе Агіевіч прызнаў, што сапраўды напісаў той каментар. Аднак не прызнаў матывы, якія яму прыпісваюць (намер на распальванне варожасці і "гераізацыі Зэльцэра"). Больш за тое, Уладзімір на судзе, як і з самых першых допытаў настойваў: ён успрымаў відэа з кватэры Зэльцэра як пастановачнае, бо яно было знятае з розных камер і змантаванае з невялікіх урыўкаў. І таму гэта выклікала ў яго асацыяцыю з фільмам "Хороший коп — мертвый коп", і ён проста перафразаваў назву.

Пазіцыю, што відэа ўспрымаў як пастановачнае, і пісаў па асацыяцыі з назвай фільма, ён прытрымліваецца з самага пачатку, калі яго "па гарачых слядах" прывезлі ў КДБ. Там паказанні Агіевіча супрацоўнікам не падабаліся, і яны прымушалі перапісваць тлумачэнні 7 разоў. Але кожны раз мужчына пісаў менавіта гэта.

Потым быў допыт у следчага, ужо ў прысутнасці адваката. Там Агіевіч зноў настойваў: ён пакідаў каментар пра відэа, якое лічыў пастановачным. Аднак згодна з пратаколам таго допыту Уладзімір нібыта ўсведамляў, што відэа тычылася гібелі супрацоўніка КДБ. Пракурорка на судзе звярнула ўвагу на тое, што пазіцыя Агіевіча на момант допыту ў следчага крыху змянілася. Аднак абвінавачаны запярэчыў, што на момант допыту ў следчага не спаў тры дні, і не звярнуў увагу на гэты нюанс: бо да моманту допыту яму давялі што відэа рэальнае (а не пастановачнае). Тым не менш, настойваў на судзе Агіевіч, на момант напісання каментара мужчына быў упэўнены што відэа з'яўляецца інсцэніроўкай, і пісаў сваё паведамленне зыходзячы з гэтай упэўненасці.

Адвакат Агіевіча акцэнтаваў увагу бакоў на тым, што наяўная ў матэрыялах справы судовая псіхолага-лінгвістычная экспертыза апісала каментар як проста "негатыўны", і не ўтрымлівае характарыстык "абразлівы" або "гераізацыю [Зэльцэра]". Такім чынам, згодна з пазіцыяй адваката, экспертыза не пацвярджае мэты і матывы, прад'яўленыя дзяржабвінавачаннем.

Аднак падчас судовых спрэчак пракурорка запрасіла для Агіевіча 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Суддзя пагадзілася з такім тэрмінам.

Последние новости

Партнёрство

Членство