viasna on patreon

Як праходзіць суд над журналісткамі "Белсат" Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай

2021 2021-02-09T20:38:00+0300 2021-02-09T21:27:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_andreeva_chultsova_011.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Екатерина Андреева и Дарья Чульцова в суде Фрунзенского района. Минск, Беларусь. 9 февраля 2021 года. Фото: АВ / Белсат

Екатерина Андреева и Дарья Чульцова в суде Фрунзенского района. Минск, Беларусь. 9 февраля 2021 года. Фото: АВ / Белсат

Як паведамляе "Белсат", у судзе Фрунзенскага раёну Менску 9 лютага пачаўся працэс над журналісткамі выдання Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Дзяўчат вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Наталля Бугук.

Паседжанне мусіла пачацца а 10:00, але затрымалася прыблізна на паўгадзіны. На суд пусцілі толькі акрэдытаваных журналістаў – карэспандэнты «Белсату» трапіць у залу не здолелі. Абмежаванне абгрунтавалі каронавірусам, аднак людзі, якія апынуліся па-за дзвярыма, казалі, што ў зале прысутнічала ўсяго каля 15–20 чалавек, а вольных месцаў хапала.

Падтрымаць дзяўчат прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек – сярод іх палітык Анатоль Лябедзька, прадстаўнікі дыпламатычных місіяў ЕЗ і ЗША.

Людзі, якія не змаглі трапіць на судовае паседжанне над журналісткамі «Белсату». Фото: АВ / Белсат
Людзі, якія не змаглі трапіць на судовае паседжанне над журналісткамі «Белсату». Фото: АВ / Белсат

У зале Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўпершыню амаль за тры месяцы пабачылі сваіх сваякоў, але магчымасці паразмаўляць з імі не мелі. Калі Дарʼя ўбачыла маці, у яе пацяклі слёзы.

Пракурор больш за дзесяць хвілінаў зачытвала, у чым абвінавачваюць журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.

У абвінавачанні ўказваецца, што ў наўпроставым эфіры «праз агучванне інфармацыі» яны ажыццявілі «збор актыўных удзельнікаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «з мэтай стварэння масавасці для магчымасці супрацьстаяння дзеянням працаўнікоў праваахоўных дзеянняў».

На думку следства, Кацярына Андрэева «давала станоўчую ацэнку» падзеям, якія адбываліся, такім чынам заклікала да несанкцыянаваных акцыяў і тым самым «арганізавала дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Журналісткі сваёй віны не прызнаюць.

Што казалі сведкі на судзе Андрэевай і Чульцовай?

Да абеду ў судзе паспелі апытаць трох сведак. Першы сведка – Мікалай Скарына – мужчына сталага ўзросту, які жыве на плошчы Пераменаў. Цягам трох гадзінаў ён стаяў ля вакна і бачыў, што не ходзіць 18-ы аўтобус. Журналістак сведка не бачыў. У той дзень ён тэлефанаваў у міліцыю, бо з машыны, што стаяла каля дому, «каардынавалі пратэстоўцаў».

Другая сведка – Алена Дзядзюля, яна была ў гасцях у гаспадароў кватэры, адкуль вялі стрым журналісткі. Жанчына кажа, што на праезнай частцы людзей было небагата. Да Арлоўскай здолела даехаць на маршрутцы – далей тая не паехала. Людзі, якія ўвайшлі ў кватэру не назваліся. Да гэтага яны каля 20 хвілінаў гуркаліся ў дзверы. Гаспадар кватэры сказаў, што адчыняць не будзе. Спалохаліся ўсе: гаспадары, іхныя дзеці, журналісткі. Сведка адзначае, што не чула ад дзяўчат ніякіх заклікаў.

Трэцяя сведка – Лілія Мароз, гаспадыня кватэры. Кажа, дзяўчаты патэлефанавалі ейнаму мужу і папрасіліся паздымаць. Гаспадары кватэры не ведалі, што гэта журналісткі «Белсату», хаця камізэлькі «Press» на карэспандэнтках былі. Ад дзяўчат сведка чула толькі каментары, ніякіх заклікаў не было. Перакрыццё дарог не было арганізаванае, бо людзі рухаліся хаатычна.

Чацвёрты сведка – Дзмітрый Мароз, гаспадар кватэры, адкуль вялі стрым. Дзмітрый Мароз распавядае, што яму патэлефанаў нейкі мужчына, які спытаў, ці могуць журналісткі правесці стрым з ягонай кватэры. Дзяўчаты прыйшлі а 12-й гадзіне. У іх былі камізэлькі з надпісам «Press». Што яны казалі ў эфіры і пра што размаўлялі паміж сабой, мужчына не памятае.

Таксама Дзмітрый Мароз сцвярджае, што грамадскі транспарт хадзіў. Пракурор пытае, калі ён заўважыў, што рух спынены, і чаму ён спыніўся. Сведка кажа:

«Бо з аднаго боку стаялі людзі, а з іншага – бусы».

Дзмітрый Мароз прызнае, што не адразу адчыніў дзверы ў кватэры, бо не зразумеў, хто грукае. Гэта ён усвядоміў ужо пасля – калі ў іх было 7-8 сілавікоў. Ператрус ішоў дзве-тры гадзіны. Забралі лічбавую тэхніку, ноўтбукі, тэлефоны, фотаапарат, флэшкарты. На наступны дзень Марозу патэлефанаваў адвакат адной з журналістак – ён пагадзіўся быць сведкам па адміністратыўным працэсе. Таксама мужчына прапусціў тэлефанаванне не з Беларусі, адказваць не стаў.

«З боку абвінавачаных я не бачыў супрацьпраўныя дзеянняў, інакш я б іх папрасіў выйсці», – запэўнівае Мароз.

Пятым выступіў Раман Прановіч ад «Менсктрансу». Раман Прановіч у «Менсктрансе» адказвае за арганізацыю транспартавага руху. Сцвярджае, што на Пушкінскай і Чарвякова была затрымка транспарту. Матэрыяльная шкода – 11 000 руб.

Раман Прановіч пацвярджае, што была парушаная праца транспарту, адпаведна былі страты. Працаўнік «Менсктрансу» сцвярджае, што міліцыянты і ДАІ не блакавалі руху транспарту, але менавіта праз дэманстрантаў адбываліся перабоі.

Шосты сведка – муж Кацярыны Ігар Ільяш. Суддзя запыталася ў Ігара пра тое, ці магчымая дзейнасць журналіста на тэрыторыі Беларусі замежнага СМІ без акрэдытацыі. Ігар кажа, што гэта спрэчнае пытанне: прававая практыка паказвае, што гэта адміністратыўнае правапарушэнне. Далей суддзя запыталася, ці дапускаецца, каб у працы журналіста здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні ці заклікі да іх. Ад гэтага пытання Ігар у шоку.

Семым дапытвалі кіроўцу таксоўкі. Яму задалі пытанне пра тое, у якіх адносінах ён з абвінавачанымі. Гэта выклікала здзіўленне ў сведкі, які адказаў, што ні ў якіх. Пытанне і адказ выклікалі смех у Ігара Ільяша.

Пасля допыту сведак слова далі журналісткам

Дарʼя Чульцова адмовілася даваць паказанні і таму суддзя Наталля Бугук зачытала яе ранейшыя паказанні.

У матэрыялах справы Дар’і Чульцовай адзначаецца:

«Нікога не заклікала, не арганізоўвала, да дзеянняў не схіліла. У матэрыялах няма доказаў супрацьпраўных дзеянняў, няма тлумачэнняў што такое дэструктыўныя тэлеграм-каналы і якія канкрэтна. Ніякіх лозунгаў не выкрыквала, на праезную частку не выходзіла».

«Мая згода на кампенсацыю стратаў «Менсктрансу» не з’яўляецца прызнаннем віны. Выплата кампенсацыі звязаная з магчымасцю гэта зрабіць на карысць прадпрыемства ў мэтах павышэння якасці аказання паслугаў».

sud_andreeva_chultsova_003.jpg
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева ў судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года. Фото: АВ / Белсат

Кацярына Андрэева выступіла з прамовай, у якой адзначыла, што не лічыць сябе вінаватай.

«З 2017 года да сёння я зʼяўляюся штатным карэспандэнтам тэлеканалу »Белсат«, які ўваходзіць у структуру нацыянальнага тэлебачання Польшчы ТВП. У гэты перыяд я накіроўвала неабходныя дакументы ў Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь з афіцыйнай просьбай даць мне акрэдытацыю для працы на тэрыторыі Беларусі. Аднак атрымала адмову. Прычыну адмовы мне Міністэрства не паведаміла. Паколькі раней падобныя адмовы ўжо здараліся, прычыны адмовы не паведамляліся, а мае калегі па тэлеканале падвяргаліся ціску з боку ўладаў, адмову ў акрэдытацыі я палічыла актам дзяржаўнай працэдуры. Падобная працэдура парушае маё канстытуцыйнае права на свабоду слова. Але, не гледзячы на ​​затрыманні і шматразовыя штрафы, я працягвала выконваць свае абавязкі.

Са жніўня 2020 гады я рэгулярна асвятляла акцыі пратэстаў супраць фальсіфікацыяў вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У тым ліку і нядзельныя маршы. Са жніўня па лістапад я правяла некалькі дзясяткаў уключэнняў у прамым эфіры. Знаходзячыся ў месцах правядзення акцый, я каментавала падзеі, апытвала ўдзельнікаў (…) І атрымлівала адпаведнае заданне, а менавіта – дзе і а каторай мне трэба быць, што мне неабходна рабіць. Такая падрыхтоўка – гэта нармальная практыка ва ўсіх рэдакцыях. Напярэдадні 15 лістапада адзін з рэдактараў паставіў мне задачу правесці стрым з так званай плошчы Пераменаў у Менску, дзе людзі збіраліся выказаць пратэст супраць забойства Рамана Бандарэнкі і ўшанаваць ягоную памяць усклаўшы кветкі да народнага мемарыялу. Я падкрэсліваю: не гібелі, не смерці, а менавіта забойства Рамана Бандарэнкі.

Людзі крыху адышлі назад, але не разышліся. Сілавікі блакавалі праезную частку і выхад з двара. Ніякай агрэсіі з боку пратэстоўцаў у адрас сілавікоў не было. Яны проста працягвалі мірна стаяць насупраць узброеных сілавікоў, перыядычна выкрыкваючы "Жыве Беларусь", "Трыбунал", а затым праз нейкі час яны знялі ачапленне і пакінулі пляцоўку. Усё гэта я працягвала каментаваць у прамым эфіры. Пратэстоўцы пачалі разыходзіцца, але заставаліся яшчэ людзі на самай дзіцячай пляцоўцы і ў прылеглых дварах…. Tэлеграм-каналы паведамілі, што ўздоўж вуліцы Чарвякова зноў рухаюцца спецпадраздзяленні і спецтэхніка. Гэтую інфармацыю я агучыла ў эфіры, не называючы пры гэтым самыя тэлеграм-каналы, дзе прачытала гэтую інфармацыю. Сілавікі сапраўды зʼявіліся неўзабаве, яны ачапілі дзіцячую пляцоўку па перыметры А тых людзей, якія засталіся на плошчы, пачалі затрымліваць (…)

Калі пачалася зачыстка, ім было выразна відаць, што з нейкага паверху іх здымала прафесійная камера. Аднак ніякіх патрабаванняў спыніць здымкі не паступала. Такое становішча захоўвалася шмат гадзінаў, пакуль інтэрнэт у кватэры раптам рэзка не знік. Толькі тады трансляцыя была вымушана перапыненая. Я паспрабавала датэлефанавацца ў рэдакцыю, аднак ні ўваходныя, ні выходныя званкі на двух маіх тэлефонах – адным асабістым, адным працоўным – не праходзілі. Таму я папрасіла гаспадара кватэры скарыстацца яго мабільным тэлефонам, каб патэлефанаваць мужу. Неўзабаве мы пачулі званок у дзверы. Паколькі гаспадары нікога не чакалі, яны не адкрылі. Затым мы пачулі моцны стук. У мяне зʼявілася здагадка, што гэта могуць быць працаўнікі сілавых структур. Але паколькі ў двары адбывалася зачыстка, мы бачылі затрыманні. Аднак не адчыняць дзверы або даваць нейкія ўказанні гаспадарам кватэры – я проста не мела паўнамоцтваў. Тым больш, што тыя, хто званіў у кватэру і стукаў у дзверы, ніяк сябе не называлі… На лесвічнай пляцоўцы была цішыня. І праз некалькі хвілін грук стаў усё больш настойлівы і дзверы пачалі ламаць, у кватэру ўварваліся 8 байцоў у цёмнай форме і са зброяй у руках. У аднаго з іх я заўважыла на грудзях нашыўкі з надпісам спецназ.

Следчы Фрунзенскага РАУС уручыў пастанову аб прызнанні падазраванай па частцы 1 арт. 342 КК. На наступны дзень, 17 лістапада, суд Цэнтральнага раёну прызнаў мяне вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама ў непадпарадкаванні міліцыі і прызначыў 7 содняў адміністрацыйнага арышту. Ужо 19 лістапада мне агучылі абвінавачанне ў межах крымінальнай справы па частцы 1 арт. 342, а яшчэ праз дзень, 20-га, мне абралі меру стрымання – заключэнне пад варту (…) 21 лістапада, пасля чаго мяне этапавалі ў СІЗА горада Жодзіна, дзе я змяшчалася да 31 студзеня 2021, калі мяне этапавалі ў СІЗА №1 Менску. На працягу ўсяго следства я не прызнавала сваёй віны і не давала паказанняў.

Цяпер хацелася б спыніцца на асобных фармулёўках абвінавачвання. Абвінавачванне сцвярджае, што больш дакладны час (…) 15 лістапада не ўстаноўлена. Гэта значыць следства нават не знайшло часу паглядзець час пачатку і заканчэння мерапрыемства, якое дасяжнае, ёсць у інтэрнэце, у Youtube, усё вельмі лёгка было б усталяваць. Ці магу я ў такім разе быць прыцягнутая да адказнасці, калі мы кажам пра падзеі, дасканала таго не ведаю калі (…)

Далей гаворыцца з карыслівых меркаванняў. Хіба можна з карыслівых меркаванняў прымаць умовы выканання працоўнага кантракту? Зʼяўляючыся працаўніком тэлеканала… я проста не маю права адмовіцца выконваць сваю працу. За гэта адразу ж рушыць услед памяншэнне заробку альбо звальненне. У чым, вядома, я не зацікаўленая (…) Таксама мне ставіцца дзеянне групай асобаў паводле папярэдняй змовы (…) Я працую на тэлебачанні і весці эфір самой, без падрыхтоўкі не магу па азначэнні. У выпуску праграмы задзейнічаны дзясяткі асобаў. Ад вядоўцаў у эфіры да асістэнтаў, ад мантажораў да выпускаючага рэдактара. Як вы ўяўляеце сабе прамую трансляцыю з двух гарадоў – Менска і Варшавы без папярэдняга абмеркавання ўсімі аўтарамі?

Працуючы ў эпіцэнтры падзеяў, журналісты імкнуцца, абавязаны перадаць атмасферу падзеі, у тым ліку звяртаючыся і да такіх ацэнак. Вядома, гэта можна абмяркоўваць, ці прафесійна гэта з погляду журналісцкай этыкі, стыль вядзення рэпартажу, аднак ніяк не з лавы падсуднай. Таксама абвінавачванне ва ўдзеле ў нібыта мной арганізаваным пратэсце я б хацела (…) З моманту прыбыцця на месца і да моманту затрымання я займалася выключна стрымам, што адлюстравана на відэазапісе.

У кароткіх перапынках паміж трансляцыяй я брала інтэрвʼю на вуліцы, пасля чаго вярнулася ў кватэру, дзе працягнула стрым. Нагадаю, што 17 лістапада мне ўжо прызначылі адміністрацыйны арышт і ўжо тады складу злачынства ў маіх дзеяннях не знайшлі. Застаецца пытанне: чаму тыя ж фармулёўкі з адміністрацыйнай справы пра гучныя воплескі з балкона, пра выкрыкванне лозунгаў, непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі я бачу ў абвінавачванні па крымінальнай справе? Хіба можна двойчы абвінаваціць чалавека за адно і тое ж? (…) Што тычыцца непадпарадкавання міліцыі, гэта абсалютная хлусня (…) З моманту затрымання я выконвала ўсе ўказанні супрацоўнікаў міліцыі. Такім чынам, у маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага часткай 1 арт. 342 КК РБ. Я настойваю на ўласнай невінаватасці і на поўным апраўданні. На гэтым усё, вялікі дзякуй», – сказала Кацярына Андрэева.

Пасля яе прамовы ў залі раздаліся апладысменты.

Наступнае паседжанне ў справе адбудзецца 16 лютага а 14:30.


Нагадаем, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Стрым яны вялі з кватэры на 14-м паверсе дому, што на Смаргоўскім тракце, куды іх запрасілі гаспадары. Пасля завяршэння акцыі спецназаўцы са зброяй выламалі дзверы ў кватэру і затрымалі дзяўчат.

20 лістапада журналісткам выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай ды этапавалі ў жодзінскую турму. У Жодзіне трымалі ў асобных камерах. Напярэдадні суда дзяўчат этапавалі ў Менск.

Последние новости

Партнёрство

Членство