Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі 2020. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны" Дополнено
З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года ў краіне заведзена больш за 5500 крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў мінулага года. Гэтыя справы, па звестках Следчага камітэту, узбуджаны па фактах "праяваў, спалучаных з незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэстнымі акцыямі, замахам на дзяржаўны суверэнітэт і грамадскую бяспеку, наўмысным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненні да службовых асоб і членаў іх сем'яў, паклёпам і абразамі прадстаўнікоў улады".
У сярэдзіне лютага 2022 года першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч паведаміў, што "ад жніўня 2020 года за злачынствы, так ці інакш звязаныя з пратэснымі акцыямі, было асуджана 1832 чалавекі. З іх 168 асуджаны за арганізацыю або ўдзел у масавых беспарадках, 396 — за групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, 468 — за абразу прадстаўнікоў улады, 29 — за паклёп. Яшчэ 126 грамадзянам вынесены прысуды за здзяйсненне хуліганства. 86 чалавек былі асуджаны за здзек з дзяржаўных сімвалаў. 27 прысудаў вынеслі за распальванне сацыяльнай варожасці. За здзяйсненне актаў тэрарызму асудзілі 7 чалавек".
Згодна з дадзенымі "Вясны", асноўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі ўзбуджаны крымінальныя справы з пачатку прэзідэнцкай кампаніі (з траўня 2020 года), гэта:
- 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Частку спраў, узбуджаных па арт. 293 КК, перад судом перакваліфікуюць на арт. 342 КК
- 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі)
- 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак)
- 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)
- 339 КК РБ (Хуліганства)
- 243 КК РБ (Ухіленне ад сплаты падаткаў) — па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманы актывісты штаба Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
Таксама сотні крымінальных спраў узбуджаны па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі, абразу і паклёп на прэзідэнта, за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 188, 369, 368, 370 КК РБ і інш.)
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае звесткі пра людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасля яе. Па стане на 9 сакавіка 2022 года сабрана больш за 2300 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 1085 чалавек з гэтага спісу на цяперашні момант з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Спіс будзе абнаўляцца і дапаўняцца.
Таксама "Вясна" вядзе ўлік вынікаў разгляду палітычна матываваных крымінальных спраў. Па стане на пачатак сакавіка 2022 вядома ўжо больш за 1500 вынікаў такіх судоў.
Спіс асуджаных па палітычных крымінальных справах
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, якое можа мець палітычную афарбоўку, тэрмінова паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot (абавязкова пакідайце кантакт для сувязі) ці на гарачую лінію: @ViasnaSos і @SosViasna.












