viasna on patreon

Новыя затрыманні, суды, пратаколы, выклікі ў Следчы камітэт. Хроніка пераследу 21 ліпеня Дополнено

2020 2020-07-21T16:41:00+0300 2020-07-21T18:26:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dai_gomel_shchirakova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваецца пераслед актыўных людзей па палітычна матываваных падставах. “Вясна” публікуе звесткі пра новыя выпадкі пераследу: затрыманні, складанне пратаколаў, суды, выклікі ў міліцыю.

Мінск

Стала вядома пра затрыманне ўдзельніка гурта TonqiXod і сябра ініцыятыўнай групы Вікара Бабарыкі Максіма Субача. Дакладны час і абставіны затрымання пакуль невядомы, але па інфармацыі, якую апублікавала ў Facebook намесніца старшыні Пэн-цэнтру Таццяна Нядбай, апошні раз Максім выходзіў на сувязь у 11 вечара ў нядзелю 19 ліпеня. Да гэтага ён быў на пікеце Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народу.

У РУУС Цэнтральнага раёна паведамілі, што Максім Субач затрыманы ў межах адміністрацыйнай справы за “дробнае хуліганства” (арт. 17.1 КаАП) і дастаўлены ў Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна. Ці адбыўся ўжо над ім суд у панядзелак альбо плануецца на аўторак 21 ліпеня – у дадзены момант высвятляецца.

Ва Упраўленне следчага камітэту па Мінску на 24 ліпеня выклікаюць Яну Цягалка. Вядзецца праверка наконт абразлівага паведамляння, якое Яна нібыта адправіла супрацоўніку ДАІ з Ганцавічаў, які жорстка затрымліваў удзельнікаў “Ланцугу салідарнасці” (менавіта ён паставіў калена на шыю аднаму з удзельнікаў).

У Мінску працягваецца пераслед удзельнікаў тэлеграм-канала "Армія з народам". Сёння, 21 ліпеня, міліцыя затрымала Сяргея Коршуна і Сяргея Лук'янава (у Лук'янава праходзіць вобшук). Пры гэтым 29 чэрвеня міліцыя ўжо прыходзіла да Лук'янава з-за канала "Армія з народам". Тады яго затрымалі, а на наступны дзень асудзілі на 50 базавых велічынь (1350 рублёў) па арт. 23.4 і 23.5 КаАП. 

Дапоўнена: Знаёмая Сяргея Лук'янава паведаміла "Вясне", што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па стане на 16.30 ён знаходзіцца ў Следчым камітэце. 

Салігорск

Алену Колікаву выклікалі ў міліцыю, каб яна змагла забраць сваю тэхніку, канфіскаваную раней. У выніку яе затрымалі і даставілі ў Мінск, у Цэнтральны апарат следчага камитэту. Таксама ў межах крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Раней Колікаву таксама затрымлівалі за ўдзел у тэлеграм-каналу "Армія з народам".

Гомель

Днём 21 ліпеня ДАІ спыніла журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову, якая накіроўвалася на суд за ўдзел у акцыі 3 ліпеня да актывіста Раманава. Супрацоўнікі ДАІ патрабавалі ў яе паехаць разам з імі ў міліцыю. Калі журналістка адмовілася, ёй прапанавалі "альтэрнатыву" - паехаць дамоў, што яна і зрабіла.

Варта адзначыць, што менавіта ў гэты дзень у Гомель прыехаў дзеючы прэзідэнт і вылучэнец на новы тэрмін Аляксандр Лукашэнка

dai_gomel_shchirakova.jpg
Фота з Facebook Ларысы Шчыраковай

Пазней суд Цэнтральнага раёну Гомеля разглядзеў адміністрацыйны пратакол на Аляксея Раманава. Ён прысеў на лаўку ў парку і сфатаграфаваўся з наклеенай там улёткай з надпісам "Міліцыя з народам". Міліцыя вырашыла, што такім чынам Аляксей правёў несанкцыянаваны пікет, піша "Радыё Свабода".

Гэты здымак з улёткай з'явіўся ў гомельскіх тэлеграм-каналах. Міліцыя склала пратакол на Аляксея за «несанкцыянаваны пікет». Суд пакараў жыхара Гомеля штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Вілейка

На актывіста Андрэя Кудзіка склалі пратакол за тое, што ён “пад гучна граючую музыку стукае невядомым прадметам па вечке рондля”. Пратакол па ч.1 арт 21.16 КаАП (парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем) быў складзены на падставе відэа, якое Кудзік нібыта размясціў у тэлеграме на канале “Вілейка для жыцця”. 22 ліпеня яго зноў выклікаюць у аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вілейскага райвыканкама. Верагодна для складанна новага пратаколу. 

Магілёў

На 22 ліпеня ў Следчы камітэт выклiкаюць актывicта Станiслава Паулiнковiча. Выклік звязаны з абразай мiлiцыянта падчас суда над актывістам.

Наваполацк

У Наваполацку некалькі чалавек выклікалі ў пракурутару, дзе вынеслі папярэджанні аб недапушчэнні парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Сярод тых, каго выклікалі, быў Зміцер Рыжычэнка. Яго ўжо прыцягвалі да адказнасці за заклік да ўдзелу ў "Ланцугу салідарнасці". Па яго словах, у пракуратуры акрамя папярэджання далі азнаёміцца з артыкулам Крымінальнага кодэксу аб масавых беспарадках. 

Последние новости

Партнёрство

Членство