25.03.2008 Жорстка затрыманыя журналісты "Нашай Нівы"

У раёне плошчы Перамога пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў затрыманыя супрацоўнікі незалежнага выданьня "Наша Ніва" фотакарэспандэнт Андрэй Лянкевіч і журналіст Сямён Печанко. Па папярэдніх зьвестках апошняга дастаўляюць у Маскоўскі РУУС. Пры затрыманьні Андрэй Лянкевіч быў жорстка зьбіты.

25.03.2008 Магіляўчанін Валадар Цурпанаў вывесіў на гаўбцы два сьцягі

Магіляўчанін Валадар Цурпанаў адсвяткаваў 90-я угодкі БНР, вывесіўшы сёння на балконе два сцягі - бел-чырвона-белы нацыянальны і чырвона-зялёны дзяржаўны. “Двума сьцягамі я хацеў паказаць, што нашае грамдзва не павінна мець паміж сабой ніякіх бар'ераў, а гэтае сьвята мусіць аб’яднаць усю беларускую нацыю”, - кажа грамадскі актывіст.

25.03.2008 У Савецкі РУУС дастаўляюць першых затрыманых

У раёне плошчы Перамога каля рэдакцыі газэты "Вячэрні Мінск" затрыманыя Богдан Ільля, Афнагель Яўген, Любімава Тацяна, Пестун Людміла, Янкілевіч Ірына. Па папярэдніх зьвестках іх вязуць у Савецкі РУУС.

25.03.2008 Пачаўся масавы хапун удзельнікаў Дня Волі

Як і абяцаў міністар унутраных справаў, супраць удзельнікаў мірнай акцыі кінутыя ўзбороеныя сілы сьпецпадразьдзяленьняў. Супрацоўнікі міліцыі сілай выціскаюць дэманстрантаў, якія зьбраліся на плошчы Якуба Коласа ад рэстарана Лідо ў бок Акадэміі навук. Сярод першых затрыманых Алесь Лапіцкі-малодшы.

Каля плошчы Перамогі пачалася жорсткая бойка: удзельнікаў сьвяточнага шэсьця на перакрыжаваньні пр-ту Незалежнасьці і вуліцы Казлова каля Палацу мастацтваў узброеныя амонаўцы запіхваюць без разбору ў аўтазакі.

25.03.2008 Затрыманы Алег Мяцеліца з Белынічаў

Па дарозе на Менск на уласнай машыне ўжо другі раз затрыманы бялыніцкі дэмакратычны актывіст Алег Мяцеліца. Ён накіроўваўся разам з дачкой на сьвяткаваньне 90-х угодкаў БНР, аднак на трасе Магілёў-Менск ў Беразіно быў спынены супрацоўнікамі ППС і вымушаны быў каля гадзіны правесьці ў пастарунку. Па словах супрацоўнікаў, ім паступіў загад начальніка Бялыніцскага РАУС, што нібыта па віне актывіста, нейкі аштамабіль зьехаў у кювет. Пасьля разьбіральніцтва і дачы тлумачэньняў, Алега Мяцеліцу адпусьцілі.

25.03.2008 Затрыманы Мікіта Красноў

Як стала вядома ПЦ "Вясна", на выхадзе з уласнай кватэры ў Дражне супрацоўнікамі міліцыі быў прэвентыўна затрыманы моладзевы актывіст Мікіта Красноў.

25.03.2008 Затрыманы старшыня Моладзі БНФ Алесь Каліта

Сёньня Алесь Каліта быў заблакаваны ў кватэры, каля якой на працягу дня дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі,а ў двары стаялі міліцэйскія машыны. Калі моладзевы лідэр усё-ткі здолеў выйсьці з дому, міліцыянты кінуліся за ім. Каля станцыі метро "Пушкінская" Алеся Каліту затрымалі і зараз дастаўляюць у пастарунак.

25.03.2008 Самы непалітызаваны суд у сьвеце

Беларускія суды змаглі пазьбегнуць палітызацыі і камэрцыялізацыі ў сваёй рабоце і пры разглядзе спраў грунтуюцца выключна на прынцыпах законнасьці і справядлівасьці, заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы сёньня на нарадзе судзьдзяў судоў.

25.03.2008 Затрыманых віцебскіх актывістаў прысудзілі да штрафаў

Алену Залескую на судзе абвінавацілі ў парушэньні часткі 3 артыкула 23.34. КаАп РБ і пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічыняў, Антаніна Піванос атрымала 2 базавыя. А суд над Барысам Хамайдай перанесены на 1 красавіка, паколькі актывіст запатрабаваў перакладчыка.

25.03.2008 Аляксандр Кузьняцоў аштрафаваны

Судзьдзя Кастрычніцкага раёнага суду Віцебску Ірына Смалякова прызнала мясцовага кіраўніка Моладзі БНФ Аляксандра Кузьняцова віноўным у правядзеньні несанкцыянаванай акцыіі і пакарала па арт. 23.34 КаАП РБ штрафам у памеры 6 базавых велічыняў.

25.03.2008 Затрыманы Франак Вячорка дастаўлены для допыту на Сапёраў

Толькі што каля сядзібы Партыі БНФ супрацоўнікамі міліцыі ў цывіьным быў затрыманы актывіст Моладзі БНФ Франак Вячорка. Калі ён выйшаў у суседнюю кавярню паабедаць, невядомыя ў цывільным падыйшлі да актывіста, прад'явілі пасьведчаньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў і, пасадзіўшы ў белы мікрааўтобус 9594 РН, зьвезьлі ў невядомым накірунку. Як стала вядома ПЦ "Вясна" Вячорку дапытваюць у якасьці сьведкі у следчым упраўленьні папярэдняга раследваньня па мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.

25.03.2008 „Міжнародная амністыя” праводзіць акцыі салідарнасьці з А. Казуліным

Нямецкая філія праваабарончай арганізацыі „Міжнародная амністыя” праводзіць акцыю салідарнасьці з палітвязьнем Аляксандрам Казуліным. Арганізацыя заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс палітыка, ад 25 да 28 сакавіка перавесьці на рахунак беларускай амбасады ў Бэрліне альбо Боне 1 цэнт з нататкай “Свабоду Казуліну”.

Таксама 25 сакавіка „Міжнародная амністыя” праводзіць пікет перад будынкам беларускай дыпмісіі ў нямецкай сталіцы. Праваабаронцы зьвярнуліся да грамадзкасьці з заклікам далучыцца да іх і „патрабаваць свабоды для палітвязьня”.

25.03.2008 Яшчэ двое затрыманых у Віцебску

На Плошчы Свабоды ў Віцебску некалькі хвілінаў таму затрыманы актывісты мясцовай арганізацыі АГП Алесь Пазняк і Ян Таўпыга. Актывісты стаялі на плошчы з разгорнутым нацыянальным сьцягам, калі на іх накінулася некалькі пераапранутых міліцыянтаў і супрацоўнікі ДАІ. Зараз затрыманых актывістаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебска.

25.03.2008 Андрэй Шарэнда ўцякаючы ад міліцыі скокнуў у раку

Берасцейскія актывісты Андрэй Шарэнда і Міхаіл Ільін вырашылі ехаць у Меснк аўтаспынам.

25.03.2008 Затрыманьні ў Магілёве

Сёньня міліцыянты затрымалі двух непаўнагадовых актывістаў Моладзі БНФ Фёдара Цюніна і Алеся Анісімава. Падчас затрыманьня хлопцы вывешвалі на адным з мастоў у Магілёве расьцяжку-віншаваньне з Днём Незалежнасьці. Як стала вядома ПЦ "Вясна" зараз яны на волі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства