«Аддай мой сцяг!» Ці законна сілавікі забіраюць сцягі на акцыях — тлумачыць юрыст
Часам на акцыях сілавікі забіраюць бел-чырвона-белыя сцягі і не вяртаюць іх пратэстуючым. Улады спрабуюць абгрунтаваць гэта тым, што выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі ў Беларусі на масавых мерапрыемствах забароненае. З юрыстам “Вясны” Аляксеем Лойка мы разабралі сітуацыю з адбіраннем сцягоў у 73-гадовай актывісткі Ніны Багінскай. Ці сапраўды выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі на акцыях забароненае, ці маюцца ў сілавікоў паўнамоцтвы забіраць сцягі і потым іх не вяртаць — чытайце ў нашым матэрыяле.
Супрацоўнікі міліцыі: Прыкмет правапарушэння ў дачыненні да Ніны Багінскай устаноўлена не было
Як распавяла “Вясне” вядомая актывістка Ніна Багінская, за два месяцы пратэстных акцый сілавікі забралі ў яе сем бел-чырвона-белых сцягоў. Ніводны з іх ёй не атрымалася вярнуць, хаця яна напісала каля дзесятка зваротаў. Яна звяртаецца ў розныя РУУСы Мінска, каб ёй вярнулі маёмасць і каб тыя, хто забірае ў яе сцягі, былі прыцягнутыя да адказнасці. Апошні адказ яна атрымала з Маскоўскага РУУСа наконт сцяга, які сілавікі забралі ў яе падчас аднаго з суботніх Жаночых маршаў. Начальнік упраўлення Максім Гамола адказаў Ніне Багінскай:
“Падчас правядзення праверкі ў распараджэнні Маскоўскага РУУС Мінска сцяга бел-чырвона-белага колеру, які належыць Вам, выяўлена не было”.
Таксама РУУС Маскоўскага раёна Мінска за подпісам начальніка заявіў, што “супрацьпраўных падзей” [верагодна, супрацоўнікі міліцыі мелі на ўвазе “супрацьпраўных дзеянняў”] у дачыненні да Ніны Багінскай не здзяйснялася.
“Прыкмет складу злачынства, правапарушэння ўстаноўлена не было”, — дадалі ў ведамстве.
Ці сапраўды супрацоўнікі міліцыі маюць паўнамоцтвы забіраць сцягі на акцыях і потым іх не вяртаць? Разбіраем сітуацыю з юрыстам Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксеем Лойка.
Праваабаронца: Дзяржава абавязана забяспечваць, каб кожны чалавек меў магчымасць мірнымі сродкамі выказваць свае меркаванні без якіх-небудзь боязяў
Як адзначае юрыст, палажэнні абзаца 9 артыкула 11 Закона "Аб масавых мерапрыемствах" забараняюць удзельніку сходу карыстацца сцягамі, сімваламі, не незарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку і змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян.
«Дадзеная норма змяшчае дзве ўмовы, пры якіх забарону на выкарыстанне сцяга або сімвала дазваляе абмежаваць права на выказванне меркавання і на ўдзел у сходзе: дадзены прадмет павінен быць не зарэгістраваным і яго ўтрыманне павінна быць накіравана на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, а таксама правам і законным інтарэсам грамадзян».
Пры гэтым праваабаронца звяртае ўвагу, што важна правесці ацэнку "якасці" Закона, наколькі яго палажэнні адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне свабоды выказвання меркавання і правядзення сходаў.
«Таму ўмова аб тым, што выкарыстанне БЧБ-сцяга забаронена ў сувязі з тым, што ён з’яўляецца незарэгістраваным, неабходна разглядаць праз крытэрыі абмежавання свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў, якія ўстаноўлены ў п. 3 арт. 19 і арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле дадзеных палажэння абмежаванне права на дэманстрацыю БЧБ-сцяга павінны быць прадыктаваныя інтарэсамі грамадскага парадку; дзяржаўнай бяспекі; аховы здароўя і маральнасці насельніцтва; абароны, павагі і рэпутацыі іншых асоб. Пры гэтым абмежаванне на выкарыстанне БЧБ-сцяга павінна быць абгрунтаванае з пункту гледжання неабходнасці ў дэмакратычным грамадстве. І гэта палажэнне з'яўляецца абавязковай умовай абмежавання права на выкарыстанне сцягоў і знакаў у сілу міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь па Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах незалежна ад таго, зарэгістраваныя яны ці не».
Аляксей Лойка нагадвае, што яшчэ ў 2012 годзе Закон «Аб масавых мерапрыемствах» былі падвергнутыя дбайнаму аналізу ў Заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ. Эксперты тады падкрэслілі, што дзяржава ў першую чаргу абавязана забяспечыць свабоду мірных сходаў і шэраг абмежаванняў, устаноўленых Законам, не з'яўляюцца законнымі і апраўданымі.
"Што ж тычыцца другой умовы, калі ўтрыманне сцяга або сімвала накіравана на прычыненне шкоды грамадскаму парадку або правам і законным інтарэсам грамадзян, то мне цяжка ўявіць, што выкарыстанне БЧБ-сцяга, нашага гістарычнага сцяга, можа нанесці хоць нейкую шкоду. Калі ж бел-чырвона-белы сцяг выклікае ў кагосьці раздражненне, а гэта ўжо неправавая катэгорыя, то тут важна адзначыць, што на дзяржаве ляжыць абавязак забяспечваць, каб кожны чалавек меў магчымасць мірнымі сродкамі выказваць свае меркаванні без якіх-небудзь боязяў. У гэтым і заключаецца міжнародны стандарт свабоды выказвання меркавання, які абавязковы для службовых асоб праваахоўных органаў".
Праваабаронца: Вынятак сцяга і наступнае яго невяртанне з'яўляюцца незаконнымі
Што ж тычыцца адбірання сцягаў, то тут дастаткова звярнуцца да палажэнняў ч. 1 арт. 8.9 ПВКаАП:
"Выяўленыя пры адміністрацыйным затрыманні фізічнай асобы, асабістым ператрусе, аглядзе або ў іншых выпадках пры ажыццяўленні службовых паўнамоцтваў дакументы, якія маюць значэнне для прыняцця рашэння па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадметы, якія захавалі на сабе сляды адміністрацыйнага правапарушэння, прылады або сродкі здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння; рэчы, канфіскаваныя з абароту; маёмасць або даходы, атрыманыя з прычыны здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прадметы адміністрацыйнага правапарушэння, за здзяйсненне якога прадугледжана іх канфіскацыя, могуць быць канфіскаваныя службовай асобай органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, на тэрмін да ўступлення ў законную сілу пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні. Канфіскаваныя прадметы і дакументы па пастанове органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, могуць быць вернутыя да накіравання справы на разгляд, калі ў гэтай меры адпадае неабходнасць". |
"Калі кіравацца логікай супрацоўнікаў, якія затрымліваюць Ніну Багінскую і адбіраюць БЧБ сцяг у якасці прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, тады варта звярнуць іх увагу на іх "любімы" артыкул 23.34 КаАП, па якім прыцягваюць удзельнікаў сходаў. Ніводная з частак артыкула 23.34 не ўтрымлівае ў якасці санкцыі магчымасць канфіскацыі прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, там пазначаны толькі штраф і адміністрацыйны арышт", — кажа юрыст.
Таксама Аляксей Лойка дадаў, што канфіскацыя БЧБ-сцяга без працэсуальнага афармлення з'яўляецца парушэннем працэдуры адміністрацыйнага працэсу.
"Такім чынам, адабранне сцяга і наступнае яго невяртанне з'яўляюцца незаконнымі і ў залежнасці ад сітуацыі могуць расцэньвацца як злоўжыванне супрацоўнікамі міліцыі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, за якое можа наступаць адказнасць па арт. 10.5 КаАП (дробны крадзеж маёмасці шляхам крадзяжу, махлярства, злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысваення або растраты, а таксама замах на такі крадзеж)".