Марыя Калеснікава і Ілля Салей застаюцца пад вартай - суд адхіліў скаргу абароны
Cябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава застаецца пад вартай — суд Партызанскага раёна 21 верасня адхіліў скаргу абароны аб прымяненні да яе дадзенай меры стрымання.
Паводле TUT.BY, падтрымаць Марыю Калеснікаву і яе бацьку ў Мінскі гарадскі суд, дзе разглядалася скарга, прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку паслы краін ЕС: пасол Францыі, Аўстрыі, Румыніі, супрацоўнікі Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, пасольства Вялікабрытаніі, Латвіі, Нідэрландаў і іншых.
Бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў падзякаваў паслоў і ўсіх беларусаў у краіне і за мяжой за падтрымку.
Пасяджэнне было закрытым, людзі чакалі рашэння пад дзвярыма залы пасяджэння і ля ўваходу ў суд больш за тры з паловай гадзіны. У выніку суд адхіліў скаргу абароны, Калеснікава застаецца пад вартай. У пасяджэнні яна ўдзельнічала па відэасувязі, і калі на абвяшчэнне рашэння паклікалі дыпламатаў і ўсіх людзей, якія чакаюць пад дзвярыма, Калеснікава памахала ім і паказала фірмовы знак "сэрца". Людзі сустрэлі яе апладысментамі, за што суддзя паспрабавала ўсіх выгнаць з залы. Але людзі не сышлі, і судзьдзя зачытала рашэнне пры іх.
Адвакаты Людміла Казак і Аляксандр Пыльчанка будуць абскарджваць рашэнне суда.
Скаргу абаронцаў Іллі Салея таксама адхілілі, ён таксама застаецца пад вартай.
Нагадаем, раней суд адхіліў аналагічную скаргу абароны Максіма Знака. Знак утрымліваецца ў СІЗА № 1 Мінска, Марыя Калеснікава ўвечары 11 верасня адтуль была перакладзеная ў следчы ізалятар у Жодзіна.
Марыя Калеснікава — сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі.
Была выкрадзеная 7 верасня ў Мінску і разам з яшчэ дзвюма сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Радненковым і Іванам Краўцовым, гвалтоўна прывезеная на беларуска-украінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізаціі спецаперацыі сілавікоў.
9 верасня стала вядома, што жанчына затрыманая і падазраецца ў крымінальным злачынстве па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
12 верасня стала вядома, што Марыю Калеснікаву перевялі ў СІЗА г. Жодзіна.
Заява аб прызнанні палітзняволенай