viasna on patreon

Людзей працягваюць затрымліваць па ўсёй краіне Дапоўнена

2020 2020-09-15T12:09:53+0300 2020-09-15T21:47:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne-minsk-2020-09-15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманне на "Плошчы перамен" у Мінску. Скрыншот з відэа @motolkohelp

Затрыманне на "Плошчы перамен" у Мінску. Скрыншот з відэа @motolkohelp

Гомельскі актывіст Алег Левянец паведаміў у фэйсбуку, што яго раніцай 15 верасня затрымалі супрацоўнікі міліцыі і вязуць у Савецкі РАУС.

Праваабаронцам вядома, што Левянца міліцыя расшуквала з 11 верасня каб скласці пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Гамельчука Анатоля Паплаўнага выклікалі позвай у Савецкі РАУС на 14 гадзін. “Дзя апытання ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс”, - пазначана ў позве. Вядома, што некалькі дзён таму да Паплаўнага хацелі патрапіць супрацоўнікі міліцыі, але тады ён не адчыніў ім дзверы.

Бабруйская журналістка Ірына Купцэвіч прыйшла ў РАУС "на размову" — і яе неадкладна затрымалі. Суд сёння пасля абеда. Журналістку вінавацяць ва ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве.

"Пазваніў участковы. Запрасіў азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Якой — адмовіўся казаць па тэлефоне", - напісала Купцэвіч.

На плошчы Перамен у Мінску затрымалі як мінімум аднаго чалавека. Мужчына ў Цэнтральным РУУС, паведамляе ў тэлеграм канале @nashaniva. Прозвішча затрыманага -  Сцяпан Латыпаў. Пазней па месцы ягонага жыхарства невядомыя людзі ў балаклавах правялі ператрус. Стала вядома, што Сцяпан Латыпаў затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Гэта паведаміў ягоны адвакат. Ад якіх-небудзь падрабязнасцяў ён устрымаўся.

У Горадні АМАП зноўку затрымаў музыку і грамадскага актывіста Ігара Банцара. Ён ладзіў акцыю-перформанс пад будынкам абласнога суда, дзе сёння мусіў адбыцца перагляд ягонай справы, піша ў тэлеграм-канале @belsat.

У Магілёве затрыманы Ілля Кальцоў. Учора пасля 22 гадзін яму ўручылі позву на сёння, 15 верасня, у Ленінскі РАУС на 10 гадзін раніцы. Кальцоў  пайшоў і на сувязь больш не выйшаў. Пазней маці патэлефанавалі і паведамілі, што Ілля затрыманы.

У Магілёве затрымалі сябра ТБМ Наталлю Шымянкову і адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС.

У вёсцы Ломшына Мінскага раёна сёння затрымалі Пятра Віткоўскага. Каля 12 гадзін у яго дом уварваліся 6 супрацоўнікаў міліцыі – частка ў цывільным, частка у форме, са шчытамі і зброяй. Сказалі, што затрымліваюць яго па крымінальнай справе за перашкоду дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. Вядома, што падчас акцыі 30 жніўня Віктоўскі быў побач з тым месцам, дзе затрымлівалі футбалістаў “Крумкачоў”.

У Полацку сёння затрыманы Анатоль Пракапенка.

ў Маладэчне затрымалі Рамановіча Васіля, 1972 г.р. за ўдзел у нядзельнай акцыі. Заўтра - суд.

У Барысаве прыкладна а 20.00 затрыманыя дома тры чалавекі: Марына Шувалава, Аляксандр Кульнёў, Людміла Хоцька.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства