Беларусь, 23 жніўня: Хроніка падзеяў Дапоўнена
Праваабаронцы сочаць за развіццём падзей у краіне. На сёння ў многіх гарадах абвешчаныя мітынгі пратэсту, а найбольшы - у Мінску. Улады таксама сур'ёзна рыхтуюцца, каб супрацьстаяць пратэснаму руху.
Раніцай праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што ў Мінску 22 жніўня за расклейку ўлётак анархісцкага зместу супрацоўнікі міліцыі затрымалі Паўла Тарошчына і Яўгена Барадзько. Іх адвезлі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а пасля складання пратаколаў забралі ў ІЧУ на Акрэсціна. Суд адбудзецца ў панядзелак, 24 жніўня.
Учора рэчыцкая міліцыя працавала замест паштальёнаў, многім жыхарам горада развозілі позвы ў міліцыю. Сёння Саша Алмаеў ідзе да 10-00 па ўручанай яму позве. Алег Шабетнік паведамляе ў фэйсбуку: “Учора супрацоўнікі казалі маёй жонцы, што асабіста павінны мне ўручыць позву, жонка хацела ўзяць позву і перадаць, калі я вярнуся з паездкі, але супрацоўнік сказаў, маўляў мы яго асабіста павінны даставіць у РАУС, а ўжо там уручаць пад роспіс.
Раніцай у цэнтр Мінска з боку Уручча прайшлі 3 вадамёты, 18 грузавікоў і аўтазакаў з асабістым складам, некалькі а/м з прычэпамі, гружанымі калючым дротам.
10-00. Да салігорскага актывіста і прваабаронцы БХК Леаніда Мархоткі ў кватэру ломяцца супрацоўнікі міліцыі. Верагодна, яму пагражае затрыманне.
10-20. Беларускія ўлады, спрабуючы сарваць масавы прыезд у Менск прыхільнікаў пераменаў з рэгіёнаў для ўдзелу ў анансаваным у сацсетках Маршы новай Беларусі, абвясцілі спецыяльнае мерапрыемства "Фільтр", паведамляе "Белпартызан".
«Асаблівая ўвага будзе нададзена аўтадарогам міжнароднага і рэспубліканскага значэння пры ўездзе ў Мінск, а таксама аўтадарогах пры выездзе з райцэнтраў вобласці», - паведаміла МУС Беларусі.
11-15. Вялікая калона вайсковай тэхнікі для перавозкі асабавага складу рухуецца ў цэнтр Мінску па Партызанскім праспекце:
12-50. Не працуюць станцыі метро на ўваход і выхад: Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Купалаўская і Плошча Перамогі. Цягнікі ідуць без прыпынку на гэтых станцыях.
Практычна ва ўсіх раёнах Мінска фарміруюцца калоны для маршу: Аўтазаводская, Пушкінская, Уручча… Новая Баравая рушыла ў цэнтр Мінска…
13-00. Тым часам з Наваполацку перадаюць пра затрыманні. На гэты час тут супрацоўнікі міліцыі затрымалі Алену Рэдзькову, Аляксандра Казараўца і Андрэя Зуева.
13-40. З гукаўзмацняльнікаў на даху Мінгарвыканкама час ад часу паўтараюць інфармацыю аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах: “Не змушайце выкарыстоўваць фізічную сілу і спецсродкі”.
13-50. У гэты час у Гомелі ўдзельніцы жаночай акцыі сабраліся каля гомельскага касцёла. Яны плfнавалі стаць ланцугом да ўнівермагу. Але спехам да касьцёла, прывезлі аўтобусамі прыхільнікаў Лукашэнкі. Яны сталі ланцугом, гучна крычаць «Мы за бацьку». Удзельніц жаночай акцыі праганяе міліцыя, перадае Радыё Свабода.
14-00. Выезд з Барысава ў бок Мінска. Дарога цяпер перакрытая, ідзе прагляд кожнага аўтамабіля на наяўнасць сімвалаў, ці таго з чым можна ўдзельнічаць на іх думку ў пратэсце (біты ,мантыроўкі), паведамляе Тэлеграм-канал Белсат TV.
14-10. Гродна. Да 14.00 на плошчы Савецкай пачалі збірацца людзі. Яны скандуюць "сыходзь". Гарадзенцы паведамляюць, што па перыметры плошчы стаяць аўтобусы з супрацоўнікамі АМАПу і міліцыяй. На плошчы ходзяць супрацоўнікі міліцыі, якія папярэджваюць аб тым, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Пакуль на плошчы сабралася некалькі тысяч чалавек, паведамляе TUT.BY.
14-20. Супрацоўнікі міліцыі не прапусцілі калону людзей праз мост ад Інстытута культуры да плошчы Незалежнасці з боку вуліцы Маскоўскай. Людзі шукаюць іншы шлях.
Брэст. Людзі пачалі зьбірацца на плошчы Леніна з 14.00. Нягледзячы на дождж на плошчы і прылеглай вуліцы Пушкінскай каштуе каля 200 чалавек. За парадкам на месцы дэманстрацыі сочаць былыя вайскоўцы 38-й брыгады. Дэсантнікі з былым камбрыгам Валерыем Сахашчыкам прыйшлі на плошчу са сцягамі ПДВ. Іх з'яўленне людзі сустрэлі апладысментамі.
14-30. У Магілёве марш «За новую Беларусь» пачаўся з спробы затрыманьня аднаго з лідэраў пратэставых акцыяў Валадара Цурпанава. Ён зьявіўся на плошчы Леніна перад аблвыканкамам першым і разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Да яго падышлі двое міліцыянтаў. Потым зьявіўся трэці ў цывільным, паведамляе Радыё Свабода.
Па словах актывіста, яму прапанавілі сысьці з плошчы бо аблвыканкам — рэжымны абʼект. Сказалі, што ён парушае парадак правядзеньня масавых мерапремстваў. Цяпер пратэстоўцы бароняць аднадумцу.
На плошчы з паўсотні чалавек. Міліцыянты выціскаюць людзей з плошчы. Пратэстоўцы скандуюць «сыходзь», «ганьба».
Віцебск. Віцябляне прайшлі ад плошчы Перамогі да пляцоўцы каля ГЦ «Марка-Сіці». Тут сабралася каля 400 чалавек. Людзі крычаць "сыходзь", "Лукашэнка ў аўтазак".
14-45. На плошчы Незалежнасці ў Мінску ўжо некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Калоны людзей працягваюць падыходзіць да плошчы.
15-00. Каля Стэлы быў затрыманы вайскоўцамі карэспандэнт TUT.BY. Яго папярэдзілі, каб не з’яўляўся болей тут і адпусцілі.
Па стане на 15-40 больш за 200 тысяч праціўнікаў Лукашэнкі сабраліся на плошчы Незалежнасці ў Мінску і іх колькасць працягвае расці.
18-30. У Магілёве паміж абласным драмтэатрам і плошчай Славы затрымалі Дзмітрыя Бакуновіча, удзельніка сённяшняга мітынгу, і закінулі ў міліцэйскі аўтобус.
19-00. Пратэстоўцы, якія сабраліся каля Палаца незалежнасці ў Мінску і сутыкнуліся з бар’ерам тэхнікі для разгону дэманстрантаў павярнулі ізноў у бок Стэлы, перадае карэспандэнт Свабоды. На разьвітанне крычаць «Кожны дзень».
19-10. Канал @nexta_live паведамляе, што проста ў гэтыя хвіліны на тэрыторыю Палаца незалежнасці прыляцеў Лукашэнка.
19-30. У Пінску падчас пратэсту міліцыянты затрымалі аднаго чалавека. Клічуць Зміцер Аганесян. За што яго затрымалі, невядома.
19-40. У раёне гасцініцы "Еўропа" на скрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальная сілавікі (АМАП і ўнутраныя войскі) перакрылі праезную частку і тратуары. Яны са шчытамі, але шчыты пакуль не паднятыя - стаяць на зямлі. Натоўп спыніўся на праезнай частцы на досыць вялікай адлегласці ад іх.