Сведчаць пацярпелыя: "Пры затрыманні супрацоўнікі ДАІ зламалі мне руку”
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.
Аляксей Прахарэнка працуе таксістам у Мінску. 11 жніўня ён ехаў з кліентам, калі яго спынілі, а затым і затрымалі супрацоўнікі ДАІ (у форме ДПС). Пры затрыманні яны зламалі руку Аляксею, з-за чаго на Акрэсціна ён правёў каля паўгадзіны. Але за гэты час яму давялося пабачыць многае.
11 жніўня ў 19.27, на скрыжаванні вуліцы Багдановіча і плошчы Парыжскай камуны, мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ. Я паказаў ім дакументы, а яны сказалі: "аддавайце дакументы". Я сказаў, што не абавязаны. Яны пачалі мяне круціць, збіваць, надзелі кайданкі, кінулі ў звычайную газель белага колеру. Пакуль везлі ў Цэнтральнае РУУС, усю дарогу збівалі.
Кліента з машыны проста выкінулі.
Калі мяне прывезлі ў Цэнтральнае РУУС, адразу выкінулі на вуліцу і павялі ў двор да амапаўцаў. І там я бачыў поўную жэсць: як нашых беларусаў, хлопцаў і дзяўчат, лупяць дубінкамі. Яны ляжалі на асфальце, некаторыя стаялі на каленках — ідуць амапаўцы і па-жорсткім лупяць іх дубінкамі. Я такой жорсткасці ў Беларусі не бачыў ніколі.
"Вясна": Як вы зразумелі, што знаходзіцеся ў Цэнтральным РУУС? Вам паведамлялі пра гэта?
Калі мяне затрымлівалі даішнікі, паміж сабой яны сказалі: вязем яго ў Цэнтральнае РУУС. Я як таксіст горад ведаю, і калі мяне прывезлі, я [зразумеў], што мы сапраўды ў Цэнтральным РУУС. Але там я пабыў хвілін 30. Наколькі я зразумеў, там не хапала месцаў, і мяне перавезлі на той жа самай машыне ў Фрунзенскае РУУС. Адправілі ў спартзалу — там усё ляжалі на падлозе, многія на каленях — і над імі здзекаваліся... білі дубінкамі, нагамі... на руках у людзей былі жалезныя кайданкі. Амапаўцы пры гэтым усміхаліся і крычалі: «Мы навучым, як любіць Прэзідэнта».
Потым нас прымусілі падпісваць пратаколы. Хто не згаджаўся — білі. Многія гублялі прытомнасць.
Я заўважыў, што ў мяне апухлая рука. Прасіў выклікаць медыкаў, але ніхто не адгукаўся.
Потым мяне адправілі ў камеру, дзе пратрымалі да абеду (12 жніўня). Павезлі на Акрэсціна. Там нас адразу кінулі на зямлю. Адзін з амапаўцаў заўважыў, што ў мяне апухлая рука, І паклікаў медыка. Той, агледзеўшы, сказаў выклікаць хуткую. Прыляцелі тры экіпажы, якія забіралі пацярпелых. Пакуль я чакаў лекара, мяне пасадзілі асобна — і была магчымасць паглядзець вакол. На ЦІПе я бачыў, як білі цяжарную жанчыну. Калі ж мяне павялі да хуткай, то ў дворыку ІЧУ я ўбачыў, як натоўп людзей ганялі па крузе і білі дубінкамі. Хто падаў — білі нагамі і ўздымалі. Я быў у шоку.
Такім чынам, на Акрэсьціна я прабыў хвілін 30-40.
На хуткай нас вывезлі чатырох чалавек. Мяне адвезлі ў РНПЦ, бо траўматалогіі былі занятыя.
"Вясна": Што з вашай машынай таксі?
Яе забраў дырэктар. Колы прастрэленыя, пашкоджаны бампер, адчыненыя вокны — гэта зроблена спецыяльна.
"Вясна": Аб чым быў ваш пратакол?
Сам пратакол тады я не змог прачытаць. Але калі мае знаёмыя мяне шукалі, яны даведаліся, што затрымалі мяне па артыкулах "дробнае хуліганства» і "супраціў" пры затрыманні. Калі я пайшоў падаваць заяву ў Цэнтральнае РУУС, яго не прынялі. І ўжо спасылаліся на тое, што мой пасажыр не быў прышпілены — за гэта мяне [нібы] затрымалі.
Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:
“Ты за Ціханоўскую?" — і білі ў плечы, у ногі. Сведчаць пацярпелыя
Сведчаць пацярпелыя: "Мяне сталі зноў збіваць, сказалі: "Гэта табе дабаўка!"
Сведчаць пацярпелыя: "На галаву вылілі белую фарбу. Гэта як метка — білі мяне мацней”
Сведчаць пацярпелыя: "Прыйшла фельчар і стала збіваць людзей"
Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры
"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя
"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя