viasna on patreon

“Кожны дзень па начах там крычалі людзі”. Гісторыя затрыманага мінчука, які вярнуўся з Акрэсціна

2020 2020-08-12T23:42:14+0300 2020-08-13T00:23:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2020-08-12_minchuk_akrescina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманы 9 жніўня мінчук выйшаў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў раніцай 12 жніўня. Увесь гэты час яго, як і іншых затрыманых, не кармілі; у камеры на шэсць месцаў утрымлівалася 40 чалавек, а амапаўцы абражалі і збівалі людзей па начах. На ўмовах ананімнасці ён пагадзіўся распавесці “Вясне” падрабязней, што яму давялося перажыць.

*На першым завулку Акрэсціна ў Мінску знаходзяцца Ізалятар часовага ўтрымання і Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Туды звозяць затрыманых да суда ці арыштаваных за адміністрацыйныя правапарушэнні. Таму ў простай мове часта выкарыстоўваецца фармулёўка “адвезлі/сядзеў на Акрэсціна”.

Я быў назіральнікам на выбарах, і пасля закрыцця участкаў для галасавання (9 жніўня у 20 гадзін — заўв.) мы пайшлі разам з яшчэ некалькімі назіральнікамі ў Тэрытарыяльную выбарчую камісію, каб падаць скаргі на парушэнні, што мы пабачылі. Нечакана прыехаў аўтобус, з якога выбеглі людзі ў міліцэйскай форме. Трох з нас затрымалі, а астатнія назіральнікі паспелі збегчы. Нас адвезлі ў Савецкі РУУС, дзе паставілі тварам да сцяны. Магчыма, па-за намі быў пакой з амуніцыяй, бо міліцыянты  увесь час прыходзілі і перапаранліся ў свае “даспехі”, сыходзілі, потым вярталіся — і так было некалькі разоў.

Мае рэчы апісалі і ўзялі асабістыя дадзеныя (дзе жыву, працую). У нейкі момант прывезлі яшчэ людзей. З імі ўжо больш жорстка абыходзіліся, іх кінулі на падлогу. Потым прыехаў супрацоўнік АМАПу. Іншыя міліцыянты, хоць ставілі нас тварам да сценкі, але былі больш менш чалавечнымі. Але гэты амапавец проста жахлівы чалавек. Ён адразу пачаў крычаць гучна і абразліва, давіць на псіхіку. Нам на рукі ззаду апранулі хамуты (пластыкавыя кайданкі, якія зацягваюцца) і павялі ў аўтобус. Павялі так, як я звычайна глядзеў у фільмаў пра злачынстваў — тварам у падлогу, рукі да гары. У аўтобусе таксама загадалі трымаць твар між каленяў. Такім чынам, у РУУСе мы прабылі каля двух гадзінаў.

Савецкае РУУС (зав. Якуба Коласа, 3)
Савецкае РУУС горада Мінска

Я зразумеў, што мы прыехалі на Акрэсціна, калі мы уехалі на яскрава асветлены двор. Нас вывелі з аўтобуса з загадам “бягом-бягом-бягом” , пры гэтым мы былі сагнутыя ў тры разы. Нас завялі ў калідор і адразу ж паставілі на так званую “расцяжку” тварам да сцяны. Мяне ўдарылі па нагах, каб я стаяў на шпагаце. Пачаліся крыкі і абразы. Там ізноў перапісалі асабістыя дадзеныя і зноў зрабілі вобшук — хоць яго рабілі і ў РУУСе, але тут трэба было ўжо распрануцца. Потым павялі на другі паверх, дзе была непасрэдна камера, якую яны называлі “клетка”. Утраіх мы размясцілася, месца хапала. 

Калі нас першы раз пакармілі? Ніколі.

Нас прывезлі на Акрэсціна а першай гадзіне ночы панядзелка, 10 жніўня. А выпусцілі мяне прыкладна ў тры гадзіны ночы 12 жніўня.  У нас быў доступ толькі да пітной вады ў кране. На пытанне, чаму нас не кормяць, адказ быў такі: адміністрацыйныя затрыманыя могуць быць затрыманы без удакланенняў цягам трох сутак, і “пакуль трое сутак не прайшлі, мы вам нічым не абавязаныя”.

ichu_cip.jpg
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і Ізалятар Часовага ўтрымання на Акрэсціна

У тую першую ноч з вакна нашай камеры, якое выходзіла ва двор, мы бачылі і чулі, як усю ноч прыязджалі аўтазакі з людзьмі, і там вельмі жорстка людзей выводзілі, ставілі на калені і крычалі на іх, білі, а людзі крычалі ад гэтага.

На наступны дзень (11 жніўня) увечары ўсіх з камер вывелі ў калідор. Кожнага з крыкамі ды пагрозамі падводзілі да стала і прымушалі распісацца ў пратаколе (аб адміністрацыйным парушэнні па артыкуле 23.34 КаАП , за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — заўв). Я падпісаў, хаця я бачыў, што ён не дакладны — там напісана, што мяне затрымалі каля стэлы (менавіта каля стэлы “Мінск — горад-герой” увечары 9 жніўня сабралося найбольш людзей — заўв.). Бо да нас даводзілася: “Падпішаце — атрымаеце штраф, выйдзеце”. Гэта было падманам.

Усіх людзей затрымалі у розных месцах і пры розных абставінах, але ва ўсіх у якасці месца затрымання была пазначана стэла.

Праз некаторы час нас трох перавялі ў іншую камеру. Разлічана яна на шэсць месцаў, але там было блізу 40 чалавек, якія на той момант знаходзіліся там ўжо суткі. Месца мала, людзі спалі па некалькі чалавек на адным ложку, а тыя, каму не хапіла месца — на лавах і падлозе. Шасці чалавекам выдалі матрацы і коўдры, але гэтую “маёмасць” хлопцы зрабілі агульнай — расцілалі коўдры на падлозе і ўсе клаліся на іх.

Было вельмі душна, а вокны — трохі прычыненыя. Людзям было цяжка дыхаць, яны клікалі ахову, каб тыя штосьці зрабілі . Спачатку ахова адмаўлялася, але праз некалькі гадзін яны вырашылі адчыніць вакенца для харчавання (якое прызначана для падачы ежы арыштаваным — заўв.).

На наступную ноч усё паўтарылася — зноў прыязджалі аўтазакі, было вельмі чуваць, як людзей б’юць дручкамі, а яны ад гэтага крычаць.

Таксама ноччу аднаму з нашых хлапцоў стала кепска, і да яго выклікалі ўрача, што там працуе. Тая дапамагла яму. Але пад раніцу яму ізноў стала кепска. І тады урач пачала лаяцца на нас ўсіх:

 “У вас ёсць сілы кідаць камяні на плошчы, а тут вы такія ўсе бальныя!” Ад яе было чуваць абразлівыя словы і маты.

Адзін арыштантаў папрасіў ва ўрача зняць пабоі (яго збілі пры затрыманні), але амапавец, што там знаходзіўся, адрэагаваў жорстка:

“Хочаш зняць пабоі? Дык я табе яшчэ зараз дабаўлю”.

Праз некаторы час амапавец удакладніў, хто менавіта хацеў зняць пабоі. Хлопец адказаў — “Я”, і тады той узяў вядро вады, якое падрыхтаваў загадзя, і выпляснуў на яго. Вада абліла і падлогу, на якой мы спалі. Мы пачалі яе выціраць, а амапавец стаяў і падганяў нас са словамі: “Давайце-давайце, чаму так марудна працуеце?”.

Калі нас выводзілі на адну з чарговых праверак з раніцы, адзін з амапаўцаў, вельмі давольны, запытаў:

“А вы ведаеце, хто перамог на выбарах? Наш дарагі Аляксандр Рыгоравіч, які набраў 80 адсоткаў! І нават вы за яго прагаласавалі. Ха-ха!”— у мяне склалася такое уражанне, што ён не з-за таго гэта кажа, што упэўнены аб падтрымцы народам Лукашэнкі, а таму, што менавіта ведае, аб фальсіфікацыях — і ён над намі пасмяяўся.

Суд быў выяздным. На пасяджэнні былі толькі я, сакратарка і суддзя. Яна зачытала мой пратакол. Я сказаў, што не згодны з ім і патлумачыў, што падпісаў яго пад ціскам. Сказаў, што ў мяне ёсць сведкі, якія могуць пацверзіць, што я у момант затрымання быў насамрэч у іншым месцы. Суддзя была карэктная, але нічога са сказанага мной не ўлічыла. Яна прызнала мяне вінаватым і прысудзіла 10 сутак арышту. Суд доўжыўся прыкладна  пяць хвілін.

На трэцюю ноч раптам нас, некалькі чалавек з камеры, выклікалі па прозвішчы, загадалі ісці ўніз і выходзіць ва двор. Я зразумеў, што гэта кепска, бо крыкі са двара ўжо даносіліся некалькі гадзін. Там былі амапаўцы ў масках. Яны загадалі зайсці за аўтобус, які, як мне здаецца, стаяў на двары так, каб закрываць абзор магчымых відэа-камер. Сам двор Акрэсціна быў заліты святлом ад ліхтара, але  за аўтобусам было цёмна – і на нас свяцілі маленькім ліхтарыкам. Нам загадалі адразу класціся на зямлю тварам уніз і пачалі біць дручкамі па нагах. Мы крычалі, але яны не спыняліся і білі. Цяжка сказаць, колькі па часе і колькі разоў. І колькі людзей так збівалі, бо нас выводзілі тварам у ніз і не дазвалялі  нікуды глядзець. Таксама былі здзекі кшталту “Спявайце гімн Беларусі” і “выбачайцеся за тое, што вы нарабілі”.

Потым нас падвялі да брамы і паставілі ўздоўж яе на расцяжку. Па адным чалавеку праз інтэрвалы ў пяць хвілін  амапавец хапаў за шкірку, казаў, у якім боку праспект (накірунак да выхаду ў горад да грамадскага транспарту — заўв.) і выштурхоўваў за браму. Калі чарга падышла да мяне, мне сказалі:

“Калі я цябе пабачу тут праз пяць хвілін, то – маліся. А рэчы свае, з якімі ты прыехаў, ты забярэш на судзе”.

Суд жа у мяне ўжо адбыўся, але канешне я не стаў у яго нічога ўдакладняць і проста пабег туды, куды ён паказаў, прэч як мага хутчэй. У ЦІПе засталіся мой мабільны тэлефон, пашпарт, ключы, грошы…

Я ішоў па горадзе як злачынца, бо хаваўся за кожным кустом, баяўся, што праедзе аўтазак ці нейкі патруль – і мяне заўважаць, спаймаюць і вернуць на Акрэсціна, чаго мне вельмі не хацелася. Перабіраўся дварамі, але ногі пачыналі балець усё мацней.

Я вырашыў, што пайду да дыспетчарскай станцыі і дачакаюся, калі пачне хадзіць транспарт. Напэўна ад голаду і ад стомы я пачаў траціць прытомнасць — першы раз у аўтобусе, потым тры разы запар, калі ішоў ад прыпынку да хаты… Адразу ж падымаўся, але не заўважаў, як я ізноў аказваўся на зямлі. Вось так неяк ледзь-ледзь дайшоў да хаты.

Мае сваякі ведалі, што мяне затрымалі і адвязлі ў РУУС толькі дзякуючы таму, што ім пра гэта паведамілі назіральнікі, з якімі мы былі разам пры затрыманні  і якія яго пазбеглі. Такім чынам сваякі самі зрабілі выснову, што мяне адвезлі на Акрэсціна альбо ў Жодзіна. Але там ім нічога не казалі. Толькі ўвечары 11 жніўня яны даведаліся дакладна, што я ўсё ж такі на Акрэсціна. Магчыма, пасля суда.

Зараз мне дагэтуль цяжка хадзіць і я кульгаю.


Падобнае адбывалася і ў Жодзіна (у ІЧУ горада Жодзіна таксама адвозяць арыштаваных, калі на Акрэсціна не хапае месцаў. Менавіта туды трапіў карэспандэнт расейскага выдання znak.com Мікіта Целіжэнка. Ён правёў амаль увесь дзень у камэры разам з яшчэ 30-цю затрыманымі, пры гэтым камера разлічана ўсяго на двух чалавек:

“Я адчуў усю самую лютую жэсць (з боку сілавікоў — заўв. Znak.com), — распавёў Мікіта. — Пры мне на паверхах жорстка збівалі людзей, да хрыпаў".

Пасля свайго вяртання карэспандэнт падрыхтаваў матэрыял, дзе падзяліўся сваім досведам.


Збіраем і дакументуем катаванні ў Беларусі

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў пачынае кампанію па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў. Вашы гісторыі і сведчанні стануць доказамі злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

«Турму на Акрэсьціна ператварылі ў канцлягер». Праваабаронца Бяляцкі пра беспрэцэдэнтны гвалт

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ў размове са Свабодай параўнаў дзеяньні сілавых органаў у дачыненьні да грамадзянаў Беларусі з генацыдам, а месцы ўтрыманьня арыштаваных — з канцлягерам.

"Вясна" дапаможа абскардзіць дзеянні сілавікоў пры затрыманні мірных грамадзян. Інструкцыя

Праваабарончы цэнтр “Вясна” публікуе інструкцыю для тых, хто жадае абскардзіць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў унутраных спраў і іншых сілавых структур, якія прымалі ўдзел у разгоне мірных акцый пратэсту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства