Па 10 "сутак". Асудзілі гукарэжысёраў, якія ўключылі ў Кіеўскім скверы песню "Перамен" Дапоўнена

2020 2020-08-07T15:11:00+0300 2020-08-07T15:59:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/5-j0fr2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: "Наша Ніва"

Фота: "Наша Ніва"

Стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі дыджэяў, супрацоўнікаў Палаца моладзі, Кірыла Галанава і Уладзя Сакалоўскага, якія ўключылі ў Кіеўскім скверы песню "Перамен". Пра гэта паведамляе "Белсат". На якой падставе іх затрымалі і дзе цяпер яны знаходзяцца – пакуль невядома.

Як піша "Наша Ніва", Кірыл Галанаў знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Пра гэта НН паведаміў яго брат Мікіта.

Кірыл знік пасля акцыі, яго тэлефон не адказваў. Брат пайшоў у міліцыю пісаць заяву пра знікненне чалавека. Паводле словаў Мікіты, у РУУС яму далі нумар ЦІПа, і калі ён туды пазваніў, там пацвердзілі, што Кірыл знаходзіцца ў іх.

На пытанне, за што ён затрыманы, у ЦІПе не адказалі: «Яны і так нерваваліся, па голасе было чуваць». Паведамілі толькі, што суд над Кірылам адбудзецца 7 жніўня.

Дзе знаходзіцца другі дыджэй Улад Сакалоўскі, пакуль дакладна невядома. Пазней TUT.BY паведаміў, што ўвечары 6 жніўня яны былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС Мінска.

"Калі мы ўжо былі ў міліцыі, пачулі, як абмяркоўваліся артыкулы, па якіх іх збіраліся даставіць. Здаецца, арт. 17 (арт. 17. 1 «Дробнае хуліганства») і непадпарадкаванне (арт 23.4 КаАП). Хлопцы здаваліся збітымі. У высокага чалавека з доўгімі валасамі (Уладзіслава. — Заўвага TUT.BY) лоб і вочы былі прама чырвонымі-чырвонымі. У другой адна палова твару была чырвонай, і ён прыкладваў бутэльку, каб не было ацёку",распавядае tut.by відавочца Карына Ласкавец.

Дапоўнена. Як стала вядома валанцёрам Валанцёрскай службы "Вясны", Кірыла Галанава і Уладзя Сакалоўскага судзяць 7 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Іх абвінавачваюць па арт. 17.1 КаАП і 23.4 КаАП: дробнае хуліганства і непадпарадкаванне.

Іх судзяць праз Скайп. Справу Кірыла Галанава разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Яго абвінавачваюць у тым, што ён "меў намер на парушэнне грамадскага парадку, сарваў правядзенне канцэрту, паставіўшы музычны твор, які не адпавядае фармату мерапрыемства". Віну ён не прызнае. Гукарэжысёраў затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні, калі тыя прыйшлі ў малалюднае месца.

«Я працаваў на мерапрыемстве ля кінатэатру „Кіеў“, — расказаў, як піша "Радыё Свабода" Кірыл Галанаў у судзе. — Ставілі гук. Там было мерапрыемства, арганізаванае для таго, каб сарваць мітынг Святланы Ціханоўскай. Мне было гэта максымальна непрыемна. Я паведаміў пра гэта кіраўніцтву Палацу моладзі. Пазваніў дырэктарцы асабіста і ад нас дваіх расказаў, што не хачу працаваць там. Што магу патрываць адзін дзень, але потым хачу ўзяць адгулы за свой кошт. Альбо ўвогуле звольніцца. Дырэктарка папрасіла пачакаць, не гарачыцца. Мне не праблема працаваць, я магу працаваць суткамі. Мне праблема такімі бруднымі рэчамі займацца».

У выніку суддзя Вікторыя Шабуня асудзіла яго на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Працэс Уладзіслава Сакалоўскага вядзе суддзя Юлія Густыр. Як піша TUT.BY, у пратаколе, які агучыла суддзя Густыр сказана, што Сакалоўскі «у прысутнасці вялікай колькасці людзей, маючы намер на парушэнне грамадскага парадку і нармальнай дзейнасці ўпраўлення ідэалагічнай працы адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, наўмысна сарваў святочны канцэрт, што выявілася ў адключэнні гуку падчас выступу артыстаў і ўключэнні кампазіцыі, не адпаведнай фармату дадзенага мерапрыемства».

А далей Сакалоўскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі — і яго непадпарадкаванне выявілася ў тым, што пры затрыманні за дробнае хуліганства гукарэжысёр «спрабаваў уцячы, размахваў рукамі, паводзіў сябе нахабна і абуральна». З апошнім Сакалоўскі катэгарычна не згодны.

"На гэты час быў запланаваны мітынг і нас выкарыстоўвалі як затычку, каб заняць месца. Гэта абурыла мяне, я не хацеў удзельнічаць у гэтым дзеянні. Гэта непрыстойна, незаконна і гэта супярэчыць маім перакананням. Я хацеў падтрымаць Святлану Ціханоўскую, не было намеру зрываць канцэрт", — адказвае Уладзіслаў Сакалоўскі.

Як стала вядома ў судзе, адразу пасля песні «перамен» начальнік ідэалагічнага аддзела адміністрацыі Цэнтральнага раёна напісаў заяву з просьбай прыцягнуць да адказнасці Сакалоўскага і Галанава. Хлопцаў затрымалі, калі яны ішлі ў бок метро.

"Нас затрымалі супрацоўнікі ў цывільным. Ніякага фізічнага ўздзеяння з боку супрацоўнікаў міліцыі і нас не было", — заявіў Сакалоўскі, піша TUT.BY.

Суддзя Юлія Густыр таксама асудзіла Уладзіслава Сакалаўскага на 10 сутак арышту.

Нагадаем, на 6 жніўня быў запланаваны агітацыйны мітынг кандыдаткі Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў. Але за некалькі дзён да акцыі сталічныя ўлады заявілі, што ў гэты час у парку будзе іншае мерапрыемства, таму агітацыйны пікет забаранілі. Людзі прыйшлі ў Кіеўскі сквер, дзе было анансаванае дзяржаўнае мерапрыемства «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі». На гэтае мерапрыемства сабралася Святлана Ціханоўская разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала. Яны абвясцілі пра тое, што прыйдуць туды а 19-й гадзіне. Афіцыйнае мерапрыемства нечакана было перарвана дыджэямі, якія ўключылі песню Цоя «Перамен!».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства