Хроніка 28 ліпеня: Затрыманні, новыя пратаколы і ператрус Дапоўнена
28 ліпеня ў рэгіёнах Беларусі адбыліся новыя затрыманні, на актывістаў працягваюць складаць пратаколы, а ў брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнды праходзіць ператрус.
Мінск
Каля КДБ у Мінску затрымалі больш за 10 журналістаў і людзей, якія стаялі ў чарзе
Масты
У Мастах затрымалі Рамана Рабцова, які рапаўсюджваў выбарчыя матэрыялы ў прыватным сектары, раскідваў іх у паштовыя скрынкі. Яго затрымала міліцыя, забралі тэлефон і ўвезлі ў РУУС складаць пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за распаўсюд рэкламнай прадукцыі ў недазволеных месцах. Пазней яго адпусцілі, узяўшы тлумачэнні. Але тэлефон не аддалі.
Орша
У Оршы затрымалі Іллю Ціханава. У гэты дзень ён на сваёй машыне мусіў везці давераных асобаў Святланы Ціханоўскай на пікет у Талачын. Па папярэдняй інфармацыі на яго складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суд хутчэй за ўсё адбудзецца заўтра.
Светлагорск
У Светлагорску пасля пікета Святланы Ціханоўскай мясцовага актывіста Валерыя Смалянчука выклікаюць у РАУС на 30 ліпеня, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП. Верагодна гэта звязана з тым, што падчас пікету ён заклікаў людзей прыходзіць на плошчу ў Светлагорску па нядзеляз і падтрымліваць тым самым экаактывістаў.
Гродна
Сёння скончыўся 15-суткавы тэрмін арышту лідчаніна Дзяніса Рудзевіча, але на волю яго не выпусцілі. На яго склалі новы адміністрацыйны пратакол па 23.34 КаАП (за што менавіта - пакуль невядома) і будуць заўтра судзіць у Лідзе.
Брэст
Тэлеграм-канал грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" паведаміў, што па стане на 16.30 адбываецца ператрус у кватэры іх брэсцкага каардынатара Андрэя Шарэнды, дзе ён пражывае з жонкай і двума дзецьмі.
Ператрус праводзяць супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Берасця. Пастанова падпісаная старэйшым участковым інспектарам міліцыі Даўжанюком.
Старыя Дарогі
Увечары ў горадзе затрымана каардынатарка ініцыятывы "Чэсныя людзі" Вольга Казуліна. Яна раздавала лістоўкі. Затрымаў участковы Уладзімір Смятанін.
Будзе дапаўняцца.