У Мінску прайшлі суды над затрыманымі ў чарзе ў краму symbal.by. Асудзілі не ўсіх Дапоўнена Аўдыё
У судзе Савецкага раёна горада Мінска прайшлі судовыя пасяджэнні над тымі, хто стаяў 23 чэрвэня ў чарзе каля крамы symbal.by.
Крама symbal.by абвясціла, што з 29 чэрвеня спыняе сваю дзейнасць. Таму да яе выстраілася чарга, а потым і пад’ехаў аўтазак. Каля дзясятка чалавек затрымалі і склалі пратаколы па артыкулах 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).
Спіс тых, каго судзяць 23 ліпеня ў судзе Савецкага раёна:
10.00. Сурынін Ігар. Суддзя — Фёдарава М. Частка 1 арт. 23.34 КаАП, арт. 23.4 КаАП. Вынік — штраф у 4 базавыя велічыні (108 рублёў).
10.00. Дземчанка Ілля. Суддзя — Шаціла С. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП, арт. 23.4 КаАП. Вынік — штраф у 7 базавых велічынь (189 рублёў).
10.30. Лобан Анастасія. Суддзя — Шаціла С. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Судовае пасяджэнне перанесена на 29 ліпеня ў 10.00.
10.30. Кенгерлі Рафік. Суддзя — Воўк А. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП, арт. 23.4 КаАП. Вынік — штраф у 4 базавы велічыні (108 рублёў).
11.00. Кузняцоў Аляксандр. Суддзя — Фёдарава М. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП, арт. 23.4 КаАП.Вынік — штраф у 4 базавы велічыні (108 рублёў).
11.00. Паплаўскі Аляксандр. Суддзя — Воўк А. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП, арт. 23.4 КаАП. Вынік — штраф у 4 базавы велічыні (108 рублёў).
11.30. Кавалёў Уладзіслаў. Суддзя — Воўк А. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП, арт. 23.4 КаАП. Вынік — штраф у 4 базавы велічыні (108 рублёў).
11.30. Райчонак Аляксандр. Суддзя — Шаціла С. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП, арт. 23.4 КаАП. Судовае пасяджэнне перанесена на 29 ліпеня ў 9.30.
12.00. Галубкоў Аляксандр. Суддзя — Фёдарава М. Арт. 23.4 КаАП. Судовае пасяджэнне перанесена на 29 ліпеня ў 10.00.
12.20. Бабурын Міхаіл. Суддзя — Воўк А. Ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Вынік — штраф у 2 базавыя велічыні. (Судзілі за 15 ліпеня).
Многія судовыя пасяджэнні пачынаюцца са спазненнем. Пасяджэнне над Рафікам Кенгерлі пачалося ў 10.50 замест запланаваных 10.30. Сваю віну па двух артыкулах — 23.34 і 23.4 КаАП — Рафік не прызнае. Яго хадайніцтва аб далучэнні фота і відэа-матэрыялаў да справы суддзя А. Воўк адхіляе. Сведкі (па сумяшчальніцтве — супрацоўнікі АУС) выступаюць на пасяджэнні праз Skype відэасувязь. Назіральнікі адзначаюць, што прысутным у зале сведкі на экране манітора не бачныя. Сведка Ігар Цярпіцкі распавялае, што 23 чэрвеня паступіла інфармацыя аб разбіцці машыны каля крамы symbal.by. Ён сцвярджае, што Рафік крычаў лозунгі "Стоп таракан", "Сыходзь", і той яго затрымаў (аднак сам Рафік пазней распавёў "Вясне", што яго затрымліваў зусім іншы супрацоўнік). Другі сведка Раман Пятровіч (супрацоўнік АМАП) адзначае, што непасрэдна не чуў, што крычаў Рафік, а працаваў "па арыентоўцы".
Рафік адзначыў, што сведкі Цярпіцкі і Пятровіч падчас дачы паказанняў праз відэасувязь нібы чыталі з аркуша паперы. Пры гэтым яны знаходзіліся ў адным памяшканні і маглі чуць паказанні адзін аднаго.
На судовым пасяджэнні Ігара Сурыніна выступаюць тыя ж сведкі — Цярпіцкі і Пятровіч. Яны сцвярджаюць, што Ігар крычаў тыя ж лозунгі — "Стоп таракан" і "Сыходзь". Выступаюць праз відэасувязь, пры гэтым выкарыстоўваючы медыцынскія маскі. Сам Ігар распавёў "Вясне", што аб сваім судзе даведаўся толькі напярэдадні, так як павестку па памылцы даслалі яго суседзям.
Аляксандр Кузняцоў таксама адзначыў, што сведкі Цярпіцкі і Кузняцоў выступалі на яго судовым пасяджэнні, знаходзячыся ў адным памяшканні.
"Абодвух гэтых людзей я бачыў у першы раз, але Цярпіцкі сцвярджаў, што менавіта ён мяне затрымліваў, — распавёў «Вясне» Аляксандр. — У нас у пратаколах ва ўсіх дзевяці чалавек напісана, што затрымліваў Цярпіцкі. Хоць на судзе я падаваў фота свайго затрымання, апублікаванага на TUT.BY. На фота мяне затрымлівае чалавек нізкага росту. Але Цярпіцкі сказаў: "Так, гэта я вас затрымліваю". Хоць я ў гэтым сумняваюся".
Паводле звестак назіральнікаў, ва ўсіх людзей, у дачыненні да якіх сёння адбыліся судовыя пасяджэнні, сведкамі выступалі Цярпіцкі і Пятровіч, якія падключаліся праз відэасувязь. Перад дачай паказанняў сведкі распісваліся аб адказнасці аб дачы ілжывых паказанняў. Аднак праз відэасувязь назіральнікам не відаць, дзе менавіта яны ставяць свой подпіс.
На судзе ў Аляксандра Райчонка сведкі не выступаюць. Суддзя Шаціла сказаў, што "сведак на сёння ўжо адпусцілі" (са слоў назіральніцы). Райчонак з'яўляецца дацэнтам БДТУ, да свайго пасяджэння ён прынёс сярод іншага афіцыйны каментар ад МУС. Суддзя вырашае перанесці судовае пасяджэнне з просьбай да Аляксандра прадаставіць характарыстыку з месца працы.
Той жа суддзя перанёс пасяджэнне і Анастасіі Лобан. Дзяўчына распавяла "Вясне", што менавіта яна стала сведкай канфлікту з кіроўцам аўтамабіля BMW каля крамы symbal.by:
"У той дзень мы пайшлі ў symbal.by, каб купіць налепку. Кіроўца, які выязджаў з двара, зачапіў бамперам нагу майму маладому чалавеку [Аляксандру Галубкову, якога сёння таксама судзілі – заўв.]. Паўстаў канфлікт. Мы вырашылі патэлефанаваць у ДАІ, а потым і ў міліцыю, як параілі нам людзі, якія стаялі ў чарзе“.
Супрацоўнікі міліцыі прыехалі праз пяць хвілін на службовай машыне маркі Geely. Цікава, што сведкі Цярпіцкі і Пятровіч не змаглі ўспомніць на судовым пасяджэнні Анастасіі, на якой жа машыне іх затрымлівалі.
Дзяўчына адзначыла, што ў Савецкі РУУС, куды іх даставілі, Аляксандр і кіроўца BMW вырашылі ўрэгуляваць свой канфлікт шляхам прымірэння. Аднак міліцыянты сказалі, што так хутка яны адтуль не сыдуць. Анастасію і Аляксандра выпусцілі з РУУС бліжэй да дзвюх гадзін ночы. Увесь гэты час з імі быў іх сабака, якога не дазволілі пакінуць дома
За канфлікт з кіроўцам BMW Аляксандра чакае 28 ліпеня яшчэ адно судовае пасяджэнне па арт 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства).
Сярод адміністратыўных справаў па арт. 23.34 КаАП, разгледжаных сёння, 23 ліпеня, у Савецкім судзе – справа Міхаіла Бабурына. Аднак затрымалі яго зусім з іншай "нагоды" – 15 ліпеня каля Камароўскага рынку за тое, што хлопец быў з бел-чырвона-белым сцягам. Сведкі на ягоным судовым пасяджэнні — Фамінскі і Сяргей Вашукевіч — таксама выступалі праз відэасувязь і знаходзіліся адзін з адным ў адным памяшканні.