Затрыманага мінчука Шоту Лабжанідзэ асудзілі за "абразу" БРСМ Дапоўнена
Як стала вядома "Вясне", 10 ліпеня ў першай палове дня на працу да мінчука Шоты Лабжанідзэ прыехалі супрацоўнікі міліцыі і без тлумачэння прычынаў затрымалі яго. Пасля гэтага Шоту павезлі да яго дадому і правялі ператрус альбо агляд, у выніку чаго канфіскавалі яго мабільны тэлефон. Тады ж адзін з міліцыянтаў, оперупаўнаважаны МУС паведаміў Шоце, што той шостага чэрвеня нібыта напісаў у сацыяльных сетках нейкае паведамленне — і з гэтай нагоды на яго паступіла заява ў міліцыю ад двух грамадзян. На падставе гэтага міліцыя і праводзіць свае дзеянні.
Пасля гэтага Шоту павезлі на вуліцу Рэвалюцыйную, 3, дзе знаходзіцца ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК).
Дапоўнена: як паведаміў "Вясне" адзін з сяброў Шоты, па стане на 17.30 Шота знаходзіцца ў судзе Першамайскага раёна горада Мінска. Верагодна, цяпер у дачыненні да яго адбываецца разгляд адміністрацыйнай справы.
Як паведаміла "Наша ніва", Шота Лабжанідзэ стаў фігурантам па артыкуле 189 Крымінальнага кодэкса — «абраза». Як высветлілася, ён адправіў васьмярым членам БРСМ крытычныя паведамленні ў інстаграме.
Пазней "Нашай ніве" стала вядома, што гэтую крымінальную справу перакваліфікавалі ў адміністратыўную. Вось яна і разглядалася ў судзе Першамайскага раёна. У выніку Шоце прысудзілі шраф у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Раней Шота Лабжанідзэ затрымліваўся ў Мінску 19 чэрвеня, калі праходзілі Ланцугу салідарнасьці. Ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў да 22 чэрвеня ў чаканні судовага пасяджэння. Суддзя Марыя Ярохіна прызнала яго віну па ч. 1 ста. 23.34 і прысудзіла штраф памерам у 20 базавых велічынь (540 рублёў).