viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Крымінальны пераслед па артыкуле 342 стаў новай формай адвольных затрыманняў

2020 2020-06-30T18:02:25+0300 2020-06-30T18:32:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_euroradio.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі за апошні месяц па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі затрыманыя і змешчаныя пад варту 17 чалавек. Сярод іх — блогеры, актывісты, сябры ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і простыя грамадзяне Беларусі. Тым, каму ўжо прад'яўлена абвінавачванне, вядома, што яны праходзяць па, так называемай «справе Ціханоўскага», звязанай з інцыдэнтам на выбарчым пікеце 29 траўня ў Гродне падчас збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч заяўляе, што крымінальны пераслед і змяшчэнне пад варту па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу ў Беларусі стаў новай формай адвольных затрыманняў. Асноўная мэта гэтага — ізаляцыя на перыяд выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.

Валянцін Стэфановіч у студыі Еўрарадыё

“Улады выкарыстоўваюць гэтыя падзеі як нагоду для затрымання ўсіх, на іх думку, патэнцыйна небяспечных людзей: блогераў, актывістаў і іншых. Падобна, што ўлады не надта клапоцяцца пра якасць гэтай крымінальная справы і напэўна не дужа разлічваюць на яе судовыя перспектывы.

Думаецца, што артыкул 342 Крымінальнага кодэкса цяпер выкарыстоўваецца як падстава для прэвентыўных затрыманняў. Трэба адзначыць, што прэвентыўныя затрыманні актывістаў практыка не новая для Беларусі. Мы назіралі падобнае ў 2006 годзе са штабам кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Падбнае мы бачылі перад правядзенням Чэмпіяната па хакею ў 2012 годзе, калі сотні актывістаў былі асуджаныя да працяглых адміністрацыйных арыштаў па артыкуле 17.1 КаАП (хуліганства) за тое, што яны нібыта лаяліся матам.

У гэты годзе падобна, што ўлады выкарыстоўваюць у якасці падставаў для адвольных затрыманняў крымінальны пераслед па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Тым больш, як паказала практыка і “Справа патрыётаў” у 2017 годзе, калі крымінальная справа спыняецца на этапе папярэдняга следства да суда, то ніякіх кампенсацый праз суд дамагчыся ў сувязі з утрыманнем пад вартай немагчыма. Гэта, канешне, вельмі зручная форма для ўладаў. Так можна ледзь не год утрымліваць чалавека ў СІЗА, а потым спыніць крымінальную справу і вызваліць яго без усякіх кампенсацый", — распавядае Валянцін Стэфановіч.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” катэгарычна пратэстуе супраць адвольных затрыманняў блогераў, актывістаў, прадстаўнікоў апазіцыйных партый, сябраў ініцыятыўных груп альтэрнатыўных вылучэнцаў і іншых грамадзян, і патрабуе ад беларускіх уладаў іх неадкладнага вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства